Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ярмошына агучыць любыя лічбы, якія загадае Лукашэнка"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 20 сьнежня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць сваё паведамленьне на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) “Як мы не дамагаліся мець адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі, нічога не атрымалася. Стаць прэзыдэнтам краіны жадаюць амаль што дзесятак чалавек. Амбіцыі нас губяць. Розум не задзейнічаны. Няўжо такія палітыкі як генэрал Фралоў, Зянон Пазьняк, прафэсар Казулін (Гайдукевіча я не лічу) і іншыя ня могуць наступіць сабе на горла і адмовіцца ад сваіх прэтэнзіяў на карысьць выбранага кандыдата Мілінкевіча? Гэтага ж патрабуюць інтарэсы справы!

Асабіста я не ўяўляю сабе, як можна ўдзельнічаць у так званых выбарах, дзе выбараў няма. Ёсьць фарс пад кантролем самога дыктатара. Ярмошына - не Ганчар і агучыць любыя лічбы адсоткаў, якія загадае Лукашэнка. Выбары павінны быць без Лукашэнкі. Яго тэрмін сышоў!”

(Уладзімер, Менск: ) “Добры вечар, паважаныя! Хачу адказаць на вашае пытаньне тыдня, чаму выбары прызначаныя на 19 сакавіка.

На гэта ёсьць некалькі падставаў. Адна зь іх тая, што ўлетку дзень будзе даўжэйшы: больш магчымасьцяў аб’ехаць краіну, сустрэцца і пазнаёміцца бліжэй з выбаршчыкамі, як кажуць, твар у твар. Вось гэта адна з падставаў”.

(Міхаіл Леках: ) “Сёньня пачуў па Свабодзе пра тое, што з дзяржавай судзілася арганізацыя, якую прадстаўляў юрыст Паганяйла ў сувязі з тым, што дзяржава абкладае падаткам гранты, якія атрымоўвае гэтая арганізацыя. Але спадар Паганяйла чамусьці не патлумачыў, чаму ягоная арганізацыя павінна быць у асабістым становішчы.

Справа ў тым, што месяц таму я сваім сваякам дасылаў грошы, невялікія грошы, 200 даляраў, і, натуральна, яны заплацілі паложаны падатак. Дык калі простыя людзі плацяць з 200 даляраў, чаму людзі, якія атрымоўваюць вялікія гранты, не павінны нічога плаціць? Мне зусім не зразумела, патлумачце, калі ласка”.

(Спадар: ) “Шаноўнае Радыё Свабода! Прычына, па якой дыктатар абвясьціў так званыя выбары ў сакавіку – гэта ягоны страх, гэта таксама доказ таго, што сьцьверджаньне дыктатара, што яго падтрымлівае 75 адсоткаў насельніцтва – ёсьць хлусьня!

Навошта скарачаць тэрмін свайго прэзыдэнцтва на чатыры месяцы, калі цябе падтрымлівае 75 адсоткаў насельніцтва? Навошта зачыняць незалежныя газэты? Навошта прымаць дадатак у Крымінальны кодэкс, па якім караецца крытыка ўлады? Навошта разганяць грамадзкія арганізацыі? Навошта душыць прадпрымальнікаў?

Адказ адзін. Ён ня мае падтрымкі і спрабуе з дапамогай рэпрэсіяў і хлусьні ўтрымаць уладу”.

(Спадар: ) “Лідзія Ярмошына учора прадказала, што ня будзе другога прэзыдэнта акрамя Лукашэнкі. А Гітлер у 41-м угадваў сваім салдатам прадказваў, што ў Маскве 7-га лістапада зробіць парад. Але ён не ўгадаў. І яму пад Масквой завярнулі галаву на тры абароты, так ён пайшоў да Бэрліну, а ў Бэрліне “капут”.

(Спадар, Менск:) “Датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары прызначаюцца ў двух выпадках: гэта калі прэзыдэнт раптоўна загінуў ці памёр; па-другое, калі ён падаў у адстаўку, як гэта зрабіў за паўгоду да заканчэньня свайго тэрміну Ельцын.

А дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, заканадаўцы па вызначэньні, не жадаюць прытрымлівацца законаў. І заўсёды, калі так званы прэзыдэнт зьвяртаецца да іх у палату з тым ці іншым пытаньнем, яны адразу, як ваенныя, бяруць пад казырок і адразу ўсё выконваюць!”

(Спадар: ) “Газ па льготнай цане атрымлівае дзяржава, на тэрыторыі якой магістральныя газаправоды і перапампоўныя станцыі належаць “Газпрому”.

Аўторак, 20 сьнежня, НТБ, 17 гадзін”.

(Анастас Семяновіч: ) “Любімыя і дарагія, шаноўныя гаспадыні і гаспадары Радыё Свабода! З Калядамі і з Новым годам Вас! Моцнага здароўя, сямейнага шчасьця і плёну ў вашай высакароднай цяжкай працы на карысьць роднай Беларусі!

На пытаньне тыдня можна сказаць. Галоўны начальнік Рэспублікі Беларусь быў гатовы да выбараў, ён толькі сумняваўся ў пазыцыі Пуціна. Пасьля сустрэчы ён тэрмінова абвяшчае выбары, фармальна палатнікі, якіх ён прызначыў.

Па-другое, яму даклалі, што рэйтынг Мілінкевіча расьце з кожным днём. Калі б былі чэсныя выбары, то спадар Мілінкевіч быў бы прэзыдэнтам. Я ўпэўнены на 100 адсоткаў у ягонай перамозе. Але пакуль гэта нерэальна за кошт фальсыфікацыі выбараў”.

(Спадар: ) “Пасьля дзесяці год бязьдзеяньня ва ўсіх адносінах дзяржава нешта пачала праяўляць ініцыятыву, у прыватнасьці, у барацьбе з карупцыяй. Дык вось, яны шмат чаго пералічылі. Але трэба вельмі ўважліва глянуць – большай карупцыі, чым у мэдыцыне, няма! Ідзе абдзіралаўка, пагоня за кожным хворым, каб выцягнуць грошы ў яго. За звычайны агляд грошы ў касу трэба плаціць!

Па-другое, ідуць трывожныя сыгналы, што Літва хоча пахаваць побач з нашай мяжой свае атамныя адыходы. Я лічу, што трэба так рабіць, калі яны такое рашэньне прымуць, як робіць Ізраіль, малайцы. Зрабілі палестынцы агрэсію супраць Ізраілю, туды ўводзяць войска і разьбіраюцца зь імі. А тут, калі толькі пачнуць рабіць, трэба абавязкова гэтую тэрыторыю акупаваць, часова заняць і штыкамі загарадзіць усё, ня даць ні ў ніякім разе!”
XS
SM
MD
LG