Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдалося краінам існаваць у СНД на роўных умовах?


Алесь Дашчынскі, Менск 21 сьнежня 1991 года была падпісана Алмаацінская дэклярацыя, якая абвесьціла стварэньне Садружнасьці незалежных дзяржаў. У яе ўвыйшлі Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызтан, Малдова, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан і Ўкраіна. Тады ж прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў урачыста заявіў, што Савецкага Саюза больш не існуе.

Алмаацінская дэклярацыя, фармальна, завершыла працэс распаду савецкай імпэрыі. Але праз 15 гадоў пасьля тых падзеяў, як ставіцца да аптымістычнай заявы прэзыдэнта Назарбаева палітоляг Андрэй Фёдараў?

(Фёдараў: ) “Савецкага Саюзу, дзякуй Богу, усё ж больш не існуе. Хоць нейкае падабенства на яго ўсё больш і больш робіцца. Але я ня думаю, што гэта будзе цалкам адноўлены Савецкі Саюз. Тут пэўныя адрозьненьні ўсё ж будуць. Ну, і тут трэба глядзець, які час Савецкага Саюзу. Калі гэта змрочныя часы брэжнеўскія ці яшчэ горш сталінскія, гэта адно. А калі гарбачоўскія, то тут у сэнсе галоснасьці і дэмакратыі, можа, не так і дрэнна было. У сэнсе дэмакратыі ідзем назад пакуль што ўсе – і Расея, і Беларусь, і Цэнтральная азія”.

Паводле спадара Федарава, Беларусь кіруецца ў бок брэжнеўскай эпохі. Але прыгадаю, у сувязі з прыняцьцем палітычных паправак у крымінальны кодэкс, беларускія праваабаронцы згадвалі тут нават сталінскія часы.

Алмаацінская дэклярацыя абвяшчае пра імкненьне будаваць дэмакратычныя прававыя краіны. Але што адбываецца на практыцы? Некаторыя з’явы савецкіх часоў набываюць на прасторы СНД нейкі гіпэрбалізаваны характар. Прыгадаем хоць бы культ асобы пажыцьцёвага прэзыдэнта Туркменіі Сапармурата Ніязава. Альбо крывавыя падзеі траўня ў Андыжане, якія характарызуюць палітычны курс прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава. А прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане, на якіх перамог Нурсултан Назарбаеў з вынікам, зноў жа характэрным для савецкіх часоў. Ён знаходзіцца ўжо ля ўлады 16 гадоў. Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава Беларусь становіцца падобнай да гэтых краінаў.

(Фёдараў: ) “Дэмакратыя павінна грунтавацца на эканоміцы, бо інакш вельмі часта да ўлады прыходзяць людзі, якія вельмі многа чаго абяцаюць, не зусім, мякка кажучы, дэмакратычнымі сродкамі гэтую ўладу ўтрымліваюць…І вось гэты адкат перш за ўсё пайшоў, безумоўна, у Цэнтральнай азіі. Расея паціху пачала адыходзіць, ну, а Беларусь таксама даволі хутка адыйшла. І зараз ідзе пэўная падтрымка гэтых тэндэнцыяў з боку Расеі”.

А ці ўдалося краінам існаваць у СНД на роўных, ці ўдалося пазьбегнуць эканамічных і любых іншых мэтадаў ціску, як гэта запісана ў дэклярацыі?

Унутры садружнасьці ўтвараліся новыя саюзы, то “двух”, як Беларусь і Расея, то “чатырох”… СНД ператварылася ў аморфную структуру, якая мусіць ўтрымаць краіны ў зоне ўплыву Расеі. Для той жа Ўкраіны прыдумалі нават “адзіную эканамічную прастору”. Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава аб роўнасьці ў СНД казаць цяжка. Нават савет кіраўнікоў краін заўсёды ўзначальваў прэзыдэнт Расеі, за выключэньнем невялікага пэрыяду прэзыдэнта Кучмы. Прадстаўнік Расеі ачольвае і міжпарляманцкую асамблею СНД.

(Фёдараў: ) “Аб роўнасьці казаць цяжка. Безумоўна, Масква разьлічвала ўтрымаць былых сваіх сясьцёр у коле свайго ўплыву. Ну, а зараз гэта пачало ня вельмі атрымлівацца з некаторымі з іх і яна тады пераходзіць на больш жорсткія мэтады ўціску. Грузія, Украіна, хутчэй за ўсё і Малдова даволі цьвёрда ўзялі гэты курс на Захад і адпаведна Масква рэагуе так, як яна разумее”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG