Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Баршчэўскі: “Перамены насьпяваюць і абавязкова адбудуцца”


Галіна Абакунчык, Менск Якія падзеі 2005 году сталіся найбольш значнымі ў жыцьці краіны? Што было станоўчага і адмоўнага? Якія пэрспэктывы чакаюць Беларусь у найбліжэйшай будучыні? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае ганаровы старшыня ПЭН-цэнтру, выкладчык зачыненага ўладамі Беларускага ліцэю імя Якуба Коласа, навуковец і грамадзкі дзеяч Лявон Баршчэўскі.

(Карэспандэнтка: ) “Якая найважнейшая станоўчая падзея ў жыцьці Беларусі адбылася сёлета?”

(Баршчэўскі: ) “Я думаю, што найважнейшая падзея ў жыцьці Беларусі, можа быць, яшчэ наперадзе. Але калі казаць пра тое, ува што я быў заангажаваны, то гэта падтрымка Польшчай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Гэта тычыцца і стварэньня Беларускага дому ў Варшаве, і падтрымка Беларускага ліцэю, і падтрымка Клюбам каталіцкай інтэлігенцыі розных беларускіх ініцыятываў. Гэта значыць, што польская інтэлігенцыя ўбачыла, што ў Беларусі ёсьць інтэлігенцыя, якая ідзе тым жа шляхам, якім калісьці ішла інтэлігенцыя Польшчы. Гэта прарыў на Захад, і ёсьць спадзяваньні, што гэты прарыў потым пойдзе далей і ахопіць і Нямеччыну, і Францыю, і іншыя краіны, дзе таксама зразумеюць памкненьні беларусаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А якая адмоўная падзея была, на вашу думку, самай значнай?”

(Баршчэўскі: ) “Адмоўная падзея… Іх столькі многа, што цяжка нават вызначыць дакладна. Я б сказаў, што вельмі ўражвальная апошняя падзея — прыняцьцё паправак у Крымінальны кодэкс. Гэта спроба ўжо адкрытым тэкстам запалохваць грамадзтва — нават тых людзей, якія ні ў чым не падазраюцца. Гэта спроба закрыць усе апошнія перашкоды перад беззаконьнем. Фактычна, сёньня чалавека можна зьняволіць ці жорстка пакараць, калі ўлада проста пакажа на яго пальцам. Гэта, безумоўна, самая адмоўная падзея году”.

(Карэспандэнтка: ) “Якой вы бачыце найбліжэйшую пэрспэктыву?”

(Баршчэўскі: ) “Я думаю, што пэрспэктыва цяжка прагназуецца. Я ня думаю, што менавіта 2006 год абавязкова прынясе жаданыя перамены ў бок дэмакратызацыі грамадзтва. Але тое, што гэтыя перамены насьпяваюць, і празь нейкі час — можа быць, праз два, тры гады — яны абавязкова адбудуцца, я ў гэтым перакананы”.
XS
SM
MD
LG