Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В.Івашкевіч: Пэрспэктыва — гэта змаганьне за дэмакратычны шлях разьвіцьця


Галіна Абакунчык, Менск Якія падзеі 2005 году сталіся найбольш значнымі ў жыцьці краіны? Што было найлепшым і найгоршым? Якія пэрспэктывы чакаюць Беларусь у найбліжэйшай будучыні? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

(Карэспандэнтка: ) “Якую падзею 2005 году ў жыцьці краіны вы лічыце найлепшай і найгоршай?”

(Івашкевіч: ) “У пляне палітычным лічу, што галоўнай падзеяй году быў Кангрэс дэмакратычных сілаў і абраньне адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча. У пляне культурным — гэта спэктакль Мікалая Пінігіна “Сымон-музыка”. Сярод адмоўных падзеяў найгоршым было прыняцьцё закону аб крымінальнай адказнасьці за распаўсюд хлусьлівых зьвестак пра рэжым. А таксама пазбаўленьне ўсіх незалежных газэтаў магчымасьці карыстацца кіёскамі “Саюздруку” і падпіскай празь “Белпошту”.

(Карэспандэнтка: ) “І якімі вам бачацца пэрспэктывы найбліжэйшага часу?”

(Івашкевіч: ) “Пэрспэктывы для краіны — гэта змаганьне за дэмакратычны шлях разьвіцьця. Наколькі яно будзе вострым, наколькі яно будзе хуткім — залежыць ад сьпеласьці грамадзтва і ад актыўнасьці тых людзей, якія лічаць сябе дэмакратамі. Урэшце свабода і дэмакратыя перамогуць — іншая справа, колькі кожны з нас пражыве ў гэтай дыктатуры і якія ахвяры мы панясем, калі не памяняем сытуацыі ў наступным годзе. Ад кожнага з нас, хто хоча пераменаў, залежыць, ці будуць тыя перамены, ці яшчэ нейкі час будзем жыць у сытуацыі маральна-псыхалягічнага дыскамфорту”.
XS
SM
MD
LG