Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная рэакцыя на папраўкі ў Крымінальны кодэкс


Юры Дракахруст, Прага Падчас ўхваленьня паправак да крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага кодэксаў палатамі нацыянальнага сходу міжнародная супольнасьць вельмі жорстка крытыкавала гэтыя юрыдычныя навацыі.

Дзярждэпартамэнт ЗША і Эўрапейскі Зьвяз разам з Украінай у адмысловых заявах нагадалі афіцыйнаму Менску, што гэтыя папраўкі парушаюць нормы міжнароднага права і супярэчаць забавязаньням Беларусі ў галіне правоў чалавека.

Гэты законапраект, падкрэсьліў Дзярждэпартамэнт ЗША, “накіраваны на абмежаваньне правоў беларускіх грамадзянаў і на ўдушэньне свабоды слова перад прэзыдэнцкімі выбарамі”.

Улады ЗША і краіны Эўразьвязу заявілі, што прыняцьце такога недэмакратычнага закону можа мець сур’ёзныя наступствы для беларускіх уладаў.

Крытычна паставіліся да гэтага законапраекту дэпутаты нацыянальных парлямэнтаў шэрагу краінаў, сябры Эўрапарлямэнту, парлямэнтары Рады Эўропы і АБСЭ.

Напрыклад, дэпутат амэрыканскі кангрэсмэн, сустаршыня парлямэнцкай Хэльсынскай камісіі Крыстафэр Сьміт заявіў у кангрэсе, што “папраўкі да Крымінальнага кодэксу Беларусі, прынятыя лукашэнкаўскім кішэнным парлямэнтам скіраваныя на ўдушэньне дэмакратычнай апазыцыі. Відавочна, што Лукашэнка і яго памагатыя кладуць брук да чарговых несвабодных і несправядлівых выбараў”.

Кіраўнічка рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, нямецкі дэпутат Ута Цапф выказала меркаваньне, што прыняцьце паправак і ўвядзеньне новых артыкулаў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Беларусі парушаюць абавязацельствы Беларусі ў рамках АБСЭ. Прыняцьце такіх паправак – "гэта катастрофа" – заявіла нямецкая дэпутатка. Паводле словаў Цапф, папраўкі "робяць немагчымым усялякага роду палітычны і дэмакратычны дыялёг у краіне”.

У інтэрвію Радыё Свабода старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі Богдан Кліх заявіў, што “З польскага вопыту ў такой сытуацыі, перадусім, павінны рэагаваць самі беларусы – масава і пасьлядоўна парушаючы такія законы. Такія законы нельга паважаць”.

Былы міністар абароны Польшчы, дэпутат Сэйму Браніслаў Камароўскі, параўнаў зьмены ў крымінальны кодэкс Беларусі з камуністычнымі часамі і назваў гэта “чыстым таталітарызмам”.

Дэпутат літоўскага парлямэнту Вацлаў Станкевіч, старшыня камісіі у справах НАТО, заявіў нашаму радыё, што “гэты закон будзе павялічваць самаізаляцыю Беларусі”.

Дэпутат ад Літвы ў Эўрапарлямэнце Вітаўтас Ландсбергіс заявіў, што “апошнія папраўкі у Крымінальны кодэкс Беларусі – гэта вяртаньне сталінізму”. Паводле Лансбэргіса “беларускія улады зрабілі яшчэ адзін вялікі крок у накірунку самаізаляцыі, да закрытага грамадзтва. Гэта вельмі цяжкае выпрабаваньне для тых беларусаў, якія думаюць свабодна і любяць сваю краіну, іх цяпер за гэта зробяць злачынцамі, – але злачынцамі ёсьць тыя, хто прымае падобныя законы.”

Кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Оке Пэтэрсан падкрэсьліў, што гэтыя папраўкі “могуць нанесьці сур’ёзны ўдар па грамадзянскай супольнасьці і пэўных асобах”. Паводле Пэтэрсана, прынятыя палажэньні “могуць прывесьці да грубых парушэньняў шэрагу прынцыпаў і забавязаньняў АБСЭ, прынятых Беларусьсю, а таксама перашкодзіць выкананьню мандату офісу”.

Гл.таксама • Лукашэнка падпісаў зьмены ў Крымінальны кодэкс
XS
SM
MD
LG