Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратар Эўракамісіі: мы не называем канкрэтнай даты пачатку вяшчаньня


Радыё Свабода Праўдападобна, што мэдыяпраект Эўракамісіі — замежнае тэлерадыёвяшчаньне для Беларусі — распачнецца не раней за травень 2006 году. Пра гэта паведаміла сёньня бэльгійскае выданьне “EUоbserver”. Аўтары артыкулу выказваюць непаразуменьне і шкадаваньне ў зьвязку з тым, што старт такога важнага праекту адкладаецца на некалькі месяцаў і што ў выніку беларускае насельніцтва можа не атрымаць аб’ектыўнай інфармацыі пра хаду прэзыдэнцкіх выбараў у краіне. Тым часам некаторыя ўдзельнікі тэндэру, а менавіта прадстаўнікі польскай тэлекампаніі заяўляюць пра сваю гатовасьць вяшчаць на Беларусь ужо ў студзені, піша “Euоbserver”.

З гэтае нагоды мы зьвязаліся з прэсавым сакратаром Эўракамісіі, прадстаўніцай камісара Беніты Фэрэра-Вальднер, спадарыняй Эмай Адвін і папрасілі яе пацьвердзіць, ці сапраўды новае вяшчаньне для Беларусі распачнецца са спазьненьнем у некалькі месяцаў.

(Адвін: ) “Не, што тычыць траўня, то гэта не зусім так. Мы не называлі дакладны месяц старту праекту. Нашая праца з галоўнымі чатырма прэтэндэнтамі ўсё яшчэ ідзе. Галоўны пераможца пакуль не абраны. Зразумела, праект не пачнецца, як плянавалася раней, у студзені. Гэта можа быць у лютым, сакавіку, а, можа, і ў траўні. Сапраўды, ёсьць пэўная затрымка ў працэдуры, таму натуральна чакаць і затрымкі са стартам праекту. Аднак гэта не настолькі істотна. Размова ідзе толькі пра тыдні.

Зараз ідзе другая фаза нашай працы з кандыдатамі – мы абмяркоўваем канцэпцыі, шляхі іхных ажыцьцяўленьня. Потым пачнецца трэцяя фаза, калі мы вырашым, хто атрымае гэты грант”.

Нагадаем, што памер гранту – два мільёны эўра. Будучы праект, паводле прадстаўнікоў Эўрапейскай Камісіі, мае доўгатэрміновы характар, разьлічаны найменей на два гады. Будучае вяшчаньне ня мае на мэце прамога ўплыву на вынікі маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў. Ягонай задачай ёсьць “аб’ектыўная інфармацыя пра падзеі ў Эўразьвязе, а таксама ўзмацненьне грамадзянскага дыялёгу ў Беларусі”.

Як паведамілі “Свабодзе” ў Брусэлі, у гэтак званым “шорт-лісьце” асноўных кандыдатаў ніякіх зьменаў не адбылося. Гэта па-ранейшаму літоўскі “Цэнтар пераходнай дэмакратыі” зь Пятым каналам украінскай кампаніі “NBM”, літоўскім каналам “Penktas kanalas” і беларускім Фондам падтрымкі інавацыйных дасьледаваньняў, якім кіруе былы дэпутат Уладзімер Навасяд; Польскае тэлебачаньне ў кансорцыюме з “Радыё Беласток”; рыскае радыё “SWH” з латвійскім цэнтрам “Sabiedrisko”, а таксама сумесны праект нямецкага холдынгу “Media Consulta” і расейскага тэлеканалу “ТВЦ”.

Статус удзелу расейскага каналу “ТВЦ” на гэты момант не зусім ясны. Нягледзячы на папярэднія абвяржэньні з боку генэральнага дырэктара маскоўскага каналу Алега Папцова, у размове са “Свабодай” маскоўскі прадстаўнік “Media Consulta” сказаў наступнае:

(Прадстаўнік: ) “Ніякіх афіцыйных папераў ад спадара Папцова на гэты конт мы не атрымлівалі. Неабходныя дакумэнты ў Эўракамісію былі пададзеныя ўжо даўно. Гэта было зроблена ў адпаведнасьці з існуючымі патрабаваньнямі тэндэраў, ўсё як трэба”.

Маскоўскі прадстаўнік нямецкай “Media Consulta” выказаў сваё абурэньне ў зьвязку з тым, што Эўракамісія загадзя, да падвядзеньня вынікаў конкурсу, агучвае журналістам інфармацыю пра ўдзельнікаў тэндэру.

(Прадстаўнік: ) “Я разумею ўсю складанасьць цяперашняга тэндэру, аднак паводле папярэдняй практыкі, ніхто ня мусіць даваць інфармацыі адносна ўдзельнікаў тэндэру, станаў справаў. У дадзеным выпадку, пэўна, адбылася нейкая ўцечка, што цалкам верагодна ў зьвязку зь цікавасьцю да гэтай тэматыкі”.
XS
SM
MD
LG