Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Збор-каляда


Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Збор-каляда – гэткімі словамі ў нас могуць азначыць вялікую колькасьць усялякіх розных рэчаў, сабраных разам. Па-расейску ў такім выпадку кажуць: всякая всячина. Чаму ж па-беларуску менавіта збор-каляда? Тое досыць празрыста. Збор-каляда – гэта тое, што набіралі калядоўнікі ў мяхі за свае пажаданьні:

Гаспадар ідзе, каляду нясе: Рэшата аўса, наверх кілбаса…

Акрамя таго, хлеб ды салка, грыбкі ды бульбачка, яйкі й пірагі, сыры й ласункі. Словам – усё ўсялякае, альбо збор-каляда. Так, відаць, і павялося ўсю падобную разнастайнасьць, мешаніну, збор – калядным называць: збор-каляда. Выходзіць, што гэтая фразэма цяпер – бліскучы прыклад мэтафары, што нагадвае сучасным беларусам пра шчасныя калядныя вечары нашых продкаў, калі ад хаты ў хату прыносіла козка на рагах кавалачак залатога сонца, дабра і ўдачлівасьці. За тое й жывілі яе зборам-калядою.

А пачула я гэты выраз ад аднаго засульскага грыбара. На маё запытаньне: “Якія ж грыбкі несяцё, дзядзьку?” – той адказаў: “А розныя – шчыровікі, асавікі, абабкі, дый прасьцейшыя ё. Ат, збор-каляда!”

Такім чынам, калі нам трэба адзначыць, што ёсьць усяго й патроху, можна красамоўна сказаць – збор-каляда.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG