Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць сэнс у міжнародных назіраньні за выбарамі?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Апошнімі гадамі міжнародныя назіральніцкія місіі на выбарах у шэрагу краінаў прыходзілі да высноваў пра неадпаведнасьць выбарчай кампаніі, улучна з галасаваньнем, міжнародным дэмакратычным стандартам. Аднак, часьцей за ўсё ўлады крытыкі ня чуюць або ігнаруюць яе. Чаму і ўвогуле ці ёсьць сэнс у міжнародных назіраньнях?

Высновы міжнародных назіральнікаў спараджалі розныя наступствы. Так іх заявы пра некарэктнасьць выбараў ва Ўкраіне далі падставу апазыцыі заявіць, што вынікі выбараў сфальшаваныя і вывесьці людзей на вуліцы бараніць свой выбар і адстаяць яго. А вось у Казахстане пасьля галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у сьнежні сёлета, калі назіральнікі ад АБСЭ заявілі, што выбары не адпавядалі шэрагу міжнародных дэмакратычных стандартаў, іх высновы ня мелі сур’ёзных наступстваў.

І паколькі міжнародная рэакцыя была не істотнай, а ўнутраная апазыцыя ў Казахстане даволі слабая, таму Назарбаеў і застаўся ва ўладзе.

Майкл Эмэрсан з брусэльскага Цэнтру эўрапейскай палітыкі лічыць, што эфэктыўнасьць дзейнасьці місіяў залежыць ад узроўню разьвітасьці грамадзтва, яго падрыхтаванасьці да пераменаў.

(Эмэрсан: ) “Ня трэба чакаць, што назіральныя місіі за выбарамі наўпрост прывядуць да дэмакратычных пераменаў у аўтарытарнай дзяржаве. Гэта толькі адзін фактар, які дапамагае працэсу. Найперш там, дзе грамадзтва хоча стаць больш дэмакратычным і дзе грамадзянская супольнасьць і палітычныя сілы патрабуюць зьнешняй падтрымкі”.

Эмэрсан падкрэсьлівае, што Ўкраіна і Грузія былі гатовыя да пераменаў, а Беларусь і Азэрбайджан – усё яшчэ не.

Тым часам Крэмль выказвае ўсё большае раздражненьне ў зьвязку зь дзеяньнем заходніх назіральнікаў у тых краінах, якія ён лічыць сфэрай свайго ўплыву. На пачатку сьнежня расейскі міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў накінуўся на Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, якое назірае за выбарамі. Расейскі міністар сказаў, што бюро мае завялікую аўтаномію, і што ня вызначаныя прынцыпы яго дзейнасьці.

Якуб Баратынскі, аналітык варшаўскага Фонду Стэфана Баторы, кажа, што найперш Крэмль не задаволены ўкраінскай і грузінскай зьнешняй палітыкай пасьля “колеравых рэвалюцыяў”.

(Баратынскі: ) “Міжнародны вэрдыкт назіральнікаў АБСЭ – важная крыніца падтрымкі для тых рухаў, якія маюць пытаньні да алігархічных сыстэмаў і ўвогуле ставяць пад сумнеў дачыненьні з Расеяй”.

Кіраўніцтва Расеі, занепакоенае пэрспэктывай ўкраінскага сцэнару ў Беларусі ці Туркмэністане, заблякавала бюджэт АБСЭ на некалькі месяцаў сёлета на знак пратэсту, як яно выказалася, палітызацыі арганізацыі.

Баратынскі падкрэсьлівае, што заходніх назіральнікаў у адрозьненьне ад заходніх урадаў палітыка цікавіць найменей. А што тычыцца самой Расеі, дык выбарчы працэс там заслугоўвае істотнай крытыкі. Крэмль, які мае брэнд “кіроўнай дэмакратыі”, часам трымае СМІ на прывязі, а некаторым палітычным партыям увогуле могуць не дазволіць удзельнічаць у выбарчым працэсе. Прыкладам, нядаўняе адхіленьне маскоўскім гарадзкім судом ад удзелу ў бягучай выбарчай кампаніі ў муніцыпальных выбарах нацыяналістычнай партыі “Родина”.
XS
SM
MD
LG