Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд забавязаў БХК сплаціць падаткі з грантаў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі забавязаў Беларускі Хэльсынскі камітэт (БХК) сплаціць падаткі з замежных грантаў, якія, згодна зь міжнароднымі дамовамі, раней не абкладаліся падаткамі. Праваабаронцы мяркуюць, што гэта пачатак ліквідацыі арганізацыі і крымінальнага перасьледу яе кіраўнікоў.

20 сьнежня прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі на адмысловым паседжаньні адмяніў усе ранейшыя рашэньні гаспадарчых судоў па справе Беларускага Хэльсынскага камітэту. Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў сапраўднымі прэтэнзіі падатковай службы Маскоўскага раёну Менску да БХК, паводле якіх праваабарончая арганізацыя мусіць сплаціць каля 75 тысяч даляраў падаткаў і штрафных санкцыяў.

Нагадаю, гэтыя падаткі налічылі на гранты, якія арганізацыя атрымала ад эўрапейскіх структураў у межах праграмаў разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі. Падатковая інспэкцыя Маскоўскага раёну Менску палічыла, што нават з дапамогі, якая згодна з дамовамі не абкладаецца падаткамі, усё ж трэба падаткі плаціць. Праваабаронцы лічылі, што падаткаў плаціць ня трэба і спасылаліся на дамовы, якія Беларусь падпісала з эўрапейскімі структурамі.

Тройчы гаспадарчыя суды розных узроўняў, у тым ліку Вышэйшы гаспадарчы суд, станавіліся ў гэтай спрэчцы на бок БХК, але з чацьвертай спробы падатковай інспэкцыі ўдалося перамагчы.

Намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла, які сёньня выступаў перад сябрамі прэзыдыюму Вышэйшага гаспадарчага суду, лічыць, што рашэньне было прадвызначана.

(Паганяйла: ) “Рашэньне суду незаконнае і палітычна матываванае. Вось што я мушу сказаць, і хай мяне прыцягнуць да адказнасьці за дыскрэдытацыю. Гэтае рашэньне прывядзе да ліквідацыі арганізацыі, паколькі атрымліваецца, што мы парушаем закон”.


Гары Паганяйла ў судзе

Больш як год таму супраць старшыні БХК Тацяны Процькі і галоўнай бухгальтаркі арганізацыі Тацяны Рудкевіч была заведзеная крымінальная справа аб няўплаце падаткаў. Пазьней гэтая справа была спыненая, але цяпер, мяркуюць у БХК, справу адновяць. Тацяна Процька, якая днямі вярнулася з ЗША, дзе гасьцявала ў сваякоў, кажа, што гатовая да гэтых падзеяў.

(Процька: ) “Як будзе разьвівацца сытуацыя далей, сказаць цяжка, але той досьвед, які мы маем, паказвае, што вынік будзе ня вельмі для мяне добры. Але гэта мой выбар, я ведала, на што ішла”.

У сваёй прамове перад судзьдзямі Тацяна Процька папярэджвала, што рашэньне аб задавальненьні прэтэнзіяў падатковай службы да БХК паставіць пад сумнеў выдзяленьне многіх грантаў з боку Эўразьвязу для дапамогі Беларусі. Паводле Тацяны Процькі, эўрапейцы могуць спыніць дапамогу краіне, якая парушае ранейшыя дамовы.

Прадстаўніца падатковай службы Маскоўскага раёну Менску адмовілася камэнтаваць рашэньне суду. Не пракамэнтаваў яго і ніхто з судзьдзяў, у тым ліку старшыня Віктар Камянкоў. Не ўдалося таксама даведацца, ці было прынята рашэньне аднагалосна, альбо меркаваньні судзьдзяў падзяліліся.

Паводле закону, на рашэньне прэзыдыюму Вышэйшага гаспадарчага суду можна падаць скаргу ў пракуратуру Беларусі, альбо абскардзіць яго ў старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду. Але ў БХК лічаць, што гэта бессэнсоўна. “Які сэнс скардзіцца Камянкову на Камянкова?” — пытаюцца праваабаронцы.
XS
SM
MD
LG