Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аб’яўлены Эўракамісіяй праект вяшчаньня на Беларусь пачнецца не раней за травень


Радыё Свабода Праўдападобна, што мэдыяпраект Эўракамісіі — замежнае тэлерадыёвяшчаньне для Беларусі — распачнецца не раней за травень, паведамляе бэльгійскае выданьне “ЕUObserver”.

Ад пачатку старт новага вяшчаньня быў заплянаваны на пачатак студзеня наступнага году. Конкурс на гэты праект, на які выдаткоўваецца 2 мільёны эўра, Брусэль абвясьціў сёлета ў кастрычніку. У лістападзе Эўракамісія абрала чатырох галоўных прэтэндэнтаў — кансорцыюмы, у якія ўваходзяць мэдыякампаніі зь Літвы, Польшчы, Латвіі, Нямеччыны і Расеі.

Як заявіў у інтэрвію “EUObserver” прадстаўнік польскай кампаніі, ягоныя калегі “былі б гатовыя распачаць свае праграмы ўжо ў студзені”, паколькі адной з мэтаў вяшчаньня ёсьць аб’ектыўнае інфармаваньне беларускага грамадзтва пра маючыя адбыцца прэзыдэнцкія выбары.

Прадстаўнікі Эўракамісіі не выключаюць, што пачатак вяшчаньня можа пачацца і не ў сакавіку, а пазьней. Яны тлумачаць спазьненьне затрымкамі ў адміністрацыйнай працэдуры, піша “EUObserver”.

Тым часам у размове са “Свабодай” прэсавы сакратар Эўракамісіі Эма Адвін паведаміла, што дакладнага тэрміну пачатку новага вяшчаньня для Беларусі пакуль не гатовы назваць ніхто. Паводле яе словаў, галоўны пераможца конкурсу будзе абраны ў найлепшым выпадку ў студзені.

Інтэрвію спадарыні Эмы Адвін слухайце ў нашым вечаровым эфіры. (і чытайце на сайце)
XS
SM
MD
LG