Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Арлоў: 2005 год запомніцца нечувана брутальным наступам на свабоду слова


Ганна Соусь, Менск Якую падзею 2005 году вы лічыце найважнейшай? Чаго чакаеце ад новага году? На пытаньні “Свабоды” адказвае пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

(Арлоў: ) “Для мяне, як для літаратара, галоўная падзея ў асабістым жыцьці — гэта, безумоўна, выхад кнігаў. У мяне выйшла кніга ў Кіеве ў перакладзе на ўкраінскую мову. Я меў некалькі вельмі прыемных сустрэчаў, прэзэнтацыяў, найперш з украінскай моладзьдзю. У Беларусі выйшла кніга “Час чумы” выбранай гістарычнай прозы і кніга “Сланы Ганібала”, дзе сабраныя эсэ, напісаныя, па сутнасьці, за пятнаццаць гадоў — за той час, калі вырасла навае пакаленьне беларускіх грамадзянаў, чыя сьвядомасьць фармавалася ўжо ў незалежнай Беларусі.

Калі казаць пра падзеі ў маштабах краіны, то 2005 год застанецца ў нашай найноўшай гісторыі, на маю думку, найперш нечувана брутальным наступам на свабоду слова і апошнія выспы незалежнай грамадзянскай супольнасьці, якія яшчэ застаюцца ў Беларусі.

Калі казаць пра прагноз на 2006 год, то мы ўсе, каму неабыякавы лёс Беларусі, думаем пра тое, ці стане гэты год пераломным, ці павернецца Беларусь у бок цывілізаванага сьвету, ці адзін усім вядомы пэрсанаж далей будзе весьці краіну ў адваротным кірунку. У кожным разе, у 2006 мы перажывем момант ісьціны і атрымаем адказ на пытаньне, чаго вартыя як нацыя”.
XS
SM
MD
LG