Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2005 год – год жахлівых прыродных катаклізмаў


Кастусь Бандарук, Прага 2005 год застанецца ў памяці многіх людзей годам жахлівых прыродных катаклізмаў. Зь ліку ўсіх катастрофаў, бадай, самымі трагічнымі аказаліся землятрус у Пакістане і ўраган “Катрына” ў ЗША.

У выніку землятрусу 73 тысячы чалавек загінулі, а каля мільёну засталіся бяз даху над галавою. Некалькі тыдняў пазьней магутны ўраган прайшоў праз паўдзённыя ўзьбярэжжы ЗША, а вада заліла Новы Арлеан.

Восьмага кастрычніка а 9.30 Мухамад Ібрагім, 75-гадовы селянін, сядзеў перад сваёй хатай у вёсцы Рыем, калі раптам пад ім затрэслася зямля. Цягам некалькіх хвілін ён страціў сваё жыльлё, дзьве дачкі і ўнучку. Агулам у выніку землятрусу, які зьнішчыў горную правінцыю Каган, загінулі 25 сваякоў Ібрагіма.

(Ібрагім: ) “Цягам чатырох дзён мы ня мелі што есьці і што піць. Мы выцягвалі з-пад руінаў целы забітых і чыталі памінальныя малітвы. Тры дні былі занятыя выцягваньнем целаў і пахаваньнямі. Тады я агледзеў ваколіцы раёну Балакот і ўбачыў, што ўсе дамы вакол разбураныя”.

Горад Балакот ў памежнай правінцыі апынуўся найбліжэй да эпіцэнтру землятрусу. Ён быў цалкам зьнішчаны, а яго жыхары пацярпелі найбольш. З прычыны заваленых дарог да ўцалелых ад землятрусу не маглі дабрацца выратавальныя службы. У наступныя дні тысячы вяскоўцаў прабіваліся праз руіны ў пошуку мэдычнай дапамогі і жыльля.

Не зважаючы на свае раны, праз пару дзён Ібрагім разам з іншымі вяскоўцамі дайшоў да гораду Шынк''яры. Там іх накармілі, далі пледы і пасьцель ды пасялілі ў намётах. Ібрагім ўдзячны за гэта пакістанскаму ўраду і замежным дабрачынным арганізацыям, у прыватнасьці, галяндзкай каталіцкай арганізацыі Кордэйд. Умовы былі цяжкія, ночы халодныя, ежы не хапала, бо былі праблемы з транспартам, але Ібрагім ўдзячны Богу за выратаваньне.

Цяпер, гэтак як і іншыя ахвяры землятрусу, Ібрагім ня ўпэўнены ў сваёй будучыні. Ён кажа, што, як і іншыя вяскоўцы, ён хацеў бы вярнуцца дамоў і жыць па-ранейшаму.

(Ібрагім: ) “Мы залежныя ад Бога, ад людзей, ад ураду, ад дапамогі з боку дабрачынных арганізацыяў. Мы спадзяемся, што вернемся ў нашую вёску, да мірнага жыцьця, дзе мы мелі ўсё неабходнае, і ня хочам быць болей залежнымі ад нікога. Мы ня хочам бясконца прасіць у людзей міласьціны”.

Аднак Ібрагім усьведамляе, што вяртаньне ў родную вёску дамоў пакуль немагчымае. Ён ведае, што ўсё вакол разбуранае, і лічыць, што ягоная вёска наўрад ці будзе адбудаваная праз 50 гадоў.

Падобнае няшчасьце напаткала жыхароў аддаленага кутка зямлі - паўдзённага ўзьбярэжжа ЗША. 53-гадовая Гэці Брытан жыла і працавала ў Новым Арлеане. Яна кажа, што гараджане прызвычаіліся да ўраганаў у мінулым, таму й гэтым разам яна ня надта сур’ёзна паставілася да папярэджаньняў аб набліжэньні ўрагану Катрына. У нядзелю 28 жніўня, раніцай, як звычайна, яна пайшла на багаслужбу ў сваю царкву. Надвор’е было цудоўнае, але калі ён прыйшлося выйсці ў горад, усе крамы і заправачныя станцыі аказаліся закрытыя.

На наступны дзень ўдарыў ураган, вада прарвала валы і пачала заліваць ніжэйшыя кварталы гораду, у тым ліку раён, дзе жыла Гэці. Яе хата была залітая да вышыні двух мэтраў. Тры дні Гэці Брытан пражыла без электрычнасьці, але мела дастаткова харчоў і вады для піцьця.

Выратавальныя службы эвакуявалі яе ў штат Арканса. У лістападзе яна была пераведзеная ў Батон Руж, сталіцу Луізіяны і вярнулася да сваёй працы бухгальтаркі ва Ўнівэрсытэце ў Новым Арлеане.

Гэці Брытан кажа, што цягам ўсяго гэтага часу яна не страціла веры ў Бога, у тое, што Бог ня дасьць ёй загінуць. Са сваіх перажываньняў яна вынесла адзін карысны ўрок наконт чалавечай салідарнасьці і спачуваньня.

(Брытан: ) “Цягам усяго гэтага цяжкага выпрабаваньня я не была параненая, не была галодная. Для мяне гэта было сапраўднае адкрыцьцё, але я адчула вельмі шмат спагады з боку людзей. Часам мы расчароўваемся ў людзях, ня хочам ім дапамагчы. Але я зьведала, як цалкам незнаёмыя людзі адкрылі перад намі свае сэрцы”.

Моцна пашкоджаная вадою ніжняя частка хаты Гэці Брытан асушаная і ў ёй адбываецца рамонт. За прывядзеньне жыльля да ранейшага стану поўнасьцю плаціць Фэдэральнае агенцтва надзвычайных сытуацыяў, і яшчэ да новага году рамонт мае быць закончаны.
XS
SM
MD
LG