Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адной пратэстанцкай суполцы пагражае ліквідацыя (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Пратэстанцкай суполцы “Сьвятло сьвету”, пастарам у якой Андрэй Сідар, пагражае ліквідацыя. Гэта ўжо пятая пратэстанцкая суполка, якая за апошнія тры месяцы пазбавілася юрыдычнага адрасу.

Пастар Андрэй Сідар паведаміў “Свабодзе”, што ня можа зарэгістраваць царкву па новым адрасе, бо, паводле яго словаў, чыноўнікі выканкаму забараняюць уладальнікам офісаў даваць вернікам свой адрас.

(Сідар: ) “Пратэстанцкія суполкі ў нашай краіне сёньня дыскрэдытуюць у грамадзтве. Гэта ненармальны стан. Мы дамовіліся з чалавекам аб рэгістрацыі, а потым ён нам кажа, што да яго прыйшлі чыноўнікі з Фрунзенскага выканкаму. Яны пагражалі, што калі ён дасьць нам юрыдычны адрас, то будзе мець вялікія праблемы ў сваёй працы. Як пацьверджаньне іх словаў, прыйшлі пажарныя, электрыкі, санстанцыя, і чалавек адмовіў нам. Апошні час ідзе ўціск на пратэстанцкія суполкі, каб абмежаваць іх дзейнасьць і нават ліквідаваць іх. Усё робіцца дзеля таго, каб толькі адна канфэсія мела правы і прывілеі. Гэтага ня можа быць у сапраўднай прававой дзяржаве”.

Суполка была зарэгістраваная ў 1998 годзе ў Менгарвыканкаме. Яна ўваходзіць у аб’яднаньне суполак “Хрысьціянаў поўнага Эвангельля”. У 2004 годзе вернікі зарэгістраваліся ў нежылым фондзе, як гэтага патрабуе новы Закон аб рэлігіях, а таксама прайшлі перарэгістрацыю. Сёлета 31 кастрычніка дамова арэнды скончылася.

Загадчыца аддзелу ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкаму Ала Рабіцава ў гэтай сытуацыі абвінавачвае самога пастара Андрэя Сідара:

(Рабіцава: ) “Хай бы Сідар ішоў і займаўся б пошукам юрыдычнага адрасу. У нас ёсьць цяпер конкурсная падстава, так званы тэндэр. На тэндэры яму даюць кінутыя, абсалютна нікому не патрэбныя адрасы. Ён іх бярэ афіцыйна і плаціць… Ён папросту ня хоча гэтага рабіць. Гэта іншае пытаньне”.

Пастара суполкі “Сьвятло сьвету” Андрэя Сідара могуць цяпер штрафаваць за правядзеньне набажэнстваў без дазволу ўладаў, а пасьля двух папярэджаньняў суд можа зьліквідаваць суполку.

Цягам трох месяцаў Менскі гарадзкі суд ужо зьліквідаваў тры пратэстанцкія суполкі — “Беларускую Эвангельскую царкву”, пастарам якой зьяўляецца Эрнэст Сабіла, суполку кальвіністаў, дзе пастарам Леанід Ліпень, і суполку “Запавет Хрыста” пастара Георгія Вязоўскага.

Пад пагрозай ліквідацыі апынулася пратэстанцкая суполка “Новае жыцьцё”, а цяпер і “Сьвятло сьвету”.
XS
SM
MD
LG