Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прэзыдэнцкія выбары дэмакраты пойдуць некалькімі калёнамі?


Валер Каліноўскі, Менск Пра фармаваньне перадвыбарчых штабоў у абвешчанай прэзыдэнцкай кампаніі пакуль заявілі пяцёра палітыкаў, але чакаецца, што сярод дэмакратычнай апазыцыі будзе канкурэнцыя: паміж камандамі прэтэндэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, лідэра БСДП “Грамада” Аляксандра Казуліна, лідэра КХП БНФ Зянона Пазьняка і экс-дэпутата Валерыя Фралова.

Паміж перадвыбарчымі штабамі Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Казуліна і Валерыя Фралова і самімі прэтэндэнтамі апошнія дні адбываюцца кансультацыі. Пра сэнс гэтых размоваў апавядае Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Мы будзем да канца прынцыпова адзін аднаму не перашкаджаць і не гаварыць дрэннага. З Казуліным штаб сустракаўся, і размовы былі. Ён па-ранейшаму лічыць, што трэба ісьці рознымі калёнамі. З Пазьняком ня меў, на жаль, размовы, і, відаць, мы ўжо ня здолеем гэтага зрабіць. А з Фраловым сёньня сустракаюся”.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб выказаў пазыцыю свайго лідэра адносна каардынацыі дзеяньняў зь іншымі дэмакратычнымі кандыдатамі:

(Грыб: ) “Наш будучы кандыдат уносіць прапановы, каб мы працавалі спакойна, ішлі адным фронтам, каб мы не наскоквалі адзін на аднаго зьнянацку. Ён ужо некалькі разоў хадзіў, сустракаўся, вёў зь імі размовы. Нейкае паразуменьне ёсьць, але сказаць, што там цалкам дамовіліся да ўсяго, яшчэ цяжка”.

Асобнай калёнай на выбары вырашыў ісьці генэрал Валеры Фралоў. Імя кіраўніка свайго штабу ён пакуль не называе, але кажа, што гэта былы вайсковец, і што разам зь ім у камандзе пераважна практыкі, прафэсіяналы ў сфэры кіраваньня:

(Фралоў: ) “Мы, з аднаго боку, як практыкі зразумелі, што дэмакратыя — самы эфэктыўны шлях. З другога боку, у гэтую дэмакратыю мы прыўносім нейкія практычныя рэчы, якія, магчыма, некаторым тэарэтыкам не зусім зразумелыя”.

Спадар Фралоў перакананы, што яму ўдасца весьці ўзгодненую кампанію — прынамсі, з Аляксандрам Мілінкевічам.

(Фралоў: ) “У нас і так аб’яднаныя намаганьні. Мэта ўсё ж адна. Кожны, праўда, сваімі сродкамі яе дасягае, але ў канцы шмат варыянтаў можа быць самых розных. Я думаю, што аб’яднаем намаганьні. Мы зь Мілінкевічам, я думаю. А як атрымаецца з Казуліным, пакуль сказаць не магу”.

Валеры Фралоў мяркуе, што такое рашэнне будзе ў канцы збору подпісаў.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін лічыць, што вылучэньне альтэрнатыўных групаў наносіць шкоду дэмакратычнаму руху, зьяўляецца “расьцягваньнем дэмакратычнага электарату”.

(Калякін: ) “Мы паглядзім, што гэта за калёны. Калёна Мілінкевіча будзе. А што там будзе яшчэ, калёнкі ці калёны, ці адзіночныя фігуры, мы паглядзім. Сёньня ў Мілінкевіча пры адкрытым апытаньні 18,3% рэйтынг падтрымкі паводле зьвестак на сярэдзіну сьнежня”.

Але Сяргей Калякін падкрэсьліў, што кантакты і кансультацыі будуць працягвацца. Прадстаўнік каманды Аляксандра Казуліна Аляксей Кароль мяркуе, што чым больш асобных кампаніяў будзе ў часе выбараў, тым лепш. Прычым, Аляксандар Казулін разьлічвае на той электарат, які вагаецца, не падтрымліваючы ні Лукашэнку, ні апазыцыю.

(Кароль: ) “Што датычыць унутранай тактыкі, то аб’яднаньне можа быць на любым з этапаў. І Казулін з нашай згоды заявіў, што ён можа зьняцца ў любы момант на карысьць Мілінкевіча, калі гэта будзе спрыяць агульнай перамозе. Такія ж прапановы былі на адрас каманды Мілінкевіча: яднаць намаганьні і вызначаць тактыку ў залежнасьці ад абставінаў”.

Спадар Кароль мяркуе, што апазыцыя павінна рабіць нечаканыя хады, якія ламалі б сцэнар улады.
XS
SM
MD
LG