Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі друк: для Расеі энэрганосьбіты – палітычны інструмэнт


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньняшняя польская прэса піша, што танны расейскі газ для Беларусі ў наступным годзе, гэта “падтрымка Масквы для Лукашэнкі напярэдадні сакавіцкіх выбараў”. Польскія мэдыі называюць учорашнія перамовы ў Маскве “спэктаклем газавай дыпляматыі”.

“Gazeta Wyborcza” піша, што Масква, палохаючы Украіну спыненьнем паставак газу ў сярэдзіне зімы, яшчэ раз паказвае, што для Расеі продаж энэрганосьбітаў застаецца палітычным інструмэнтам.

“Нядаўна міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што ягоная краіна ня будзе “субсідаваць” кошты газу для былых рэспублікаў Савецкага Саюзу, а цяпер незалежных дзяржаваў, якія “зьвязаліся” з Заходняй Эўропай.

Больш чым ў два разы падвысіліся цэны для Грузіі, Малдовы і Літвы. На пачатку лістападу Газпром запатрабаваў пачатку размоваў аб падвышэньні цаны на газ нават для Польчшы, хаця палякі плацяць амаль столькі ж, колькі Францыя ці Нямеччына”, - адзначае “Wyborcza”.

Між тым, як піша газэта, “пакорная” ў дачыненьні да Крамля Беларусь будзе атрымліваць расейскі газ нават таньней, чым цяпер Украіна, ад якой Масква патрабуе пагадзіцца на падвышэньне цаны амаль у пяць разоў.

“У тым самым часе, калі адбываліся складаныя перамовы паміж Украінай і Расеяй, прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што ён ужо дамовіўся з Масквой – Беларусь купіць у наступным годзе ў Расеі амаль столькі ж газу, колькі Украіна, але значна таньней. Цана для Беларусі не зьмянілася - 46 даляраў 70 цэнтаў за тысячу кубічных мэтраў газу. Танны расейскі газ для Беларусі - гэта падарунак для Лукашэнкі напярэдадні сакавіцкіх выбараў, а дарагі для Украіны - аргумэнт для праціўнікаў “аранжавых” у часе парлямэнцкіх выбараў, якія таксама адбудуцца ў сакавіку. Цана газу гэта для Расеі палітычны інструмэнт”, - напісала “Gazeta Wyborcza”.

У камэнтарах, што зьмяшчаюць шэраг іншых мэдыяў, адзначаецца, што Беларусь, гэта адзіная постсавецкая краіна, якая ідзе на кампраміс з Масквой практычна па ўсіх пытаньнях, а таксама заўсёды падтрымлівае Расею на міжнароднай арэне, таму афіцыйны Менск можа разьлічваць на “падтрымку танным газам”.
XS
SM
MD
LG