Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт на эміграцыі


Ганна Сурмач, Прага Удзельнічаюць: Андрэй Асадчы, Артур Юдзіцкі, Хведар Нюнька

У сувязі з нядаўным выключэньнем студэнткі Тацяны Хомы з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту ізноў паўстала пытаньне пра адукацыю для беларускай моладзі, якая сутыкаецца з праблемамі навучаньня ў Беларусі.

Сёньняшняя перадача ініцыяваная самімі студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, якія цяпер вучацца ў Вільні. Яны пачулі ў нашых выпусках пра беларускіх студэнтаў у замежжы і прапанавалі распавесьці пра іхнае студэнцкае жыцьцё ў эміграцыі.

Нагадаю, што ЭГУ быў зачынены беларускімі ўладамі ў ліпені мінулага 2004 году. Сёлета, у кастрычніку, ён аднавіў сваю дзейнасьць у сталіцы Літвы.

Як кажа студэнт першага курсу факультэту сацыяльна-палітычных навук Андрэй Асадчы, пачуваюць студэнты сябе там больш свабоднымі.

(Асадчы: ) “Вельмі добра, што мы знаходзімся ў Эўропе. Калі б ЭГУ застаўся ў Менску, у нас не было б такой свабоды. Наш унівэрсытэт - гэта не беларуская ВНУ, дзе прапануецца ідэялёгія і шмат такога іншага. Нам выкладаюць тыя прадметы, якія нам падабаюцца і патрэбныя для нашай прафэсіі. У Беларусі навучаньне зусім іншае.

Я паступаў у ЭГУ ў Менску, і яго закрылі у той самы год. Потым я пайшоў у Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, правучыўся там адзін год, але я зразумеў, што мне няма чаго рабіць, я прыехаў у ЭГУ, каб атрымаць спэцыяльнасьць у галіне паліталёгіі.

Я так думаю, што ўсе гэтыя людзі, якія пройдуць гэты курс 4 гады, яны будуць вельмі добрымі спэцыялістамі, з эўрапейскай адукацыяй, і яны будуць прынятыя ва ўсім сьвеце. Гэта вельмі добра, што ў ЭГУ рыхтуюць незалежных спэцыялістаў для нашай краіны, бо ў нас гэта вельмі цяжка - падрыхтаваць незалежных гуманітарыяў”.

Артур Юдзіцкі – таксама вучыцца на палітоляга.

(Юдзіцкі: ) “Паступіў у гэтым годзе, на першым курсе. Бо тут больш магчымасьцяў. Вы ж ведаеце, што ў Беларусі нават цяпер бібліятэкі няма, зачынілася цэнтральная бібліятэка і ўсё, невядома, калі адчыніцца”.

(Карэспандэнт: ) "Артур, колькі вас там цяпер усіх студэнтаў вучыцца?"

(Юдзіцкі: ) “Па пляне было 170, дзясятка ці дзьве не даехалі па розных прычынах. Недзе 130-150 на вочным і недзе 70 студэнтаў на завочным, прыяжджаюць на 10 дзён на сэсію і вяртаюцца назад. Мы вучымся ў памяшканьні літоўскага ўнівэрсытэта імя Ромэраса”.

(Карэспандэнт: ) "Нармальныя ўмовы?"

(Юдзіцкі: ) “Так, у цэлым добрыя. Жывем у інтэрнаце Віленскага ўнівэрсытэту, у студэнцкім гарадку, таксама дастаткова добрыя ўмовы”.

(Карэспандэнт: ) "За якія сродкі вы там жывяце, ці маеце нейкую стыпэндыю?"

(Юдзіцкі: ) “Уласныя сродкі, ніякай стыпэндыі, нічога няма. І гэта для некаторых ужо становіцца сур''ёзнай праблемаю”.

(Карэспандэнт: ) "Можа стацца так, што нехта і ня здолее дацягнуць вучобы да канца?"

(Юдзіцкі: ) “Некаторыя так і лічаць, што пасьля сэсіі магчыма ўжо і не вернуцца. Лічыцца, што добра і так, што навучаньне бясплатнае і інтэрнат. Хаця, калі паглядзець з іншага боку, калі тут літоўскія студэнты атрымліваюць 700 літаў, а тыя, хто прыяжджае па праграмах міжнароднага абмену - 700 эўра, тады можна і за інтэрнат заплаціць”.

(Карэспандэнт: ) "Ніякіх грантаў пакуль ня маеце, увогуле займаецца нехта тым, каб дапамагчы пераадолець гэтыя матэрыяльныя праблемы? Мае ўнівэрсытэт нейкую адміністрацыю?"

(Юдзіцкі: ) “Ёсьць адміністрацыя. Адміністрацыя - усе літоўцы, сакратарыят - літоўцы. Яны ўсе валодаюць расейскай моваю. Выкладчыкі пераважна зь Беларусі прыяжджаюць, частка - мясцовыя па замежных мовах, гэта ўсе літоўцы”.

(Карэспандэнт: ) "Як з літоўскаю моваю, цяпер яна патрэбная вам для камунікацыі ў тамтэйшым грамадзтве?

(Юдзіцкі: ) “Можна і ня ведаць, ва ўнівэрсытэце Ромэраса ўсе размаўляюць па-расейску, нават у сталоўцы абслуга. Практычна ўсюды магчыма дамовіцца на расейскай мове. Але, некаторыя хлопцы, як гаворыцца, ужо папаліся, іх пабілі за тое, што не змаглі адказаць, якая гадзіна па-літоўску, уначы хадзілі”.

(Карэспандэнт: ) "Так што сытуацыя зусім ня простая, мусіце ўсё ж вучыць літоўскую мову?"

(Юдзіцкі: ) “Той хто хоча, некалькі дзясяткаў чалавек, актыўна самі вучаць літоўскую мову, ёсьць курс літоўскай мовы і літаратуры”.

(Карэспандэнт: ) "Вы асабіста вучыце?"

(Юдзіцкі: ) “Я - так. Безь літоўскай мовы зараз у Вільні можна існаваць, але жыць нельга. Самі сябе адрываем ад літоўскай інфармацыйнай прасторы тым, што мала хто хоча вывучаць літоўскую мову. Бальшыня маіх сукурсьнікаў мяркуе, што літоўская мова ім зусім не патрэбная, што яны чатыры гады будуць размаўляць на расейскай мове, вывучаць французскую і ангельскую і ўсё будзе добра”.

(Карэспандэнт: ) "А як ва ўнівэрсытэце зь беларускаю мовай?"

(Юдзіцкі: ) “На факультэтах права і паліталёгіі, мне задаецца, пакуль што пануе расейская мова. Я, напрыклад, зусім не хацеў бы, каб ЭГУ неяк асацыявалася з расейскай моваю.Тут мяйсцовыя сябры Таварыства беларускай мовы абураюцца: як так - беларускі ўнівэрсытэт, а рэктар не гаворыць па-беларуску”.

Андрэй Асадчы сьцьвярджае, што беларуская мова ўсё ж чутная ва ўнівэрсытэце.

(Асадчы: ) “ Беларусістыка, мас-мэдыя, культуралёгія, мастацтва - яны пераважна толькі на беларускай мове размаўляюць”.

(Карэспандэнт: ) "Як літоўцы лепш успрымаюць, калі вы прадстаўляеце сябе беларусамі ці калі размаўляеце па-расейску?"

(Юдзіцкі: ) “Канечне, яны лепш успрымаюць, калі мы беларусы. Яны ж нейкі расейскамоўны ўнівэрсытэт ужо выгналі зь Вільні. Яны кажуць, што калі вы такія самыя будзеце, мы вас таксама доўга тут трымаць ня будзем. Яны ж таксама меркавалі, што сюды прыедзе беларускі ўнівэрсытэт, на беларускай мове будзе навучаньне. Калі яны пабачылі тое, што адбываецца, у іх ужо нейкія сумненьні зьявіліся, таксама яшчэ прыглядаюцца”.

(Карэспандэнт: ) "Вучоба і пражываньне арганізавана, як вы сьцьвярджаеце, даволі нядрэнна, а як вольны час, як культурнае жыцьцё, ці дапамагае вам нехта інтэгравацца ў літоўскае грамадзтва, пазнаваць гісторыю і культуру краіны?"

(Юдзіцкі: ) “Гэта асабістая справа студэнтаў. Усё гэта павінна быць ініцыятыва саміх студэнтаў. Можа, і дапамогуць, але я пакуль ня бачу гэтага. Нешта абяцалі - у Тракай звазіць, але пакуль нічога няма”.

(Карэспандэнт: ) "Сапраўды, сытуацыя ў вас даволі складаная, вы апынуліся ў новых умовах, на чужыне, некаторыя, магчыма, упершыню адарваліся ад дому?"

(Юдзіцкі: ) “Яна сапраўды складаная, канечне. Мы апынуліся ў такім становішчы: па-першае - мы адарваныя ад культурнага кантэксту Беларусі і грамадзкага жыцьця, па-другое, мы яшчэ не інтэграваліся ў жыцьцё літоўскага грамадзтва і ў жыцьцё беларускіх асяродкаў у Літве. Мы даволі абмежаваныя ў сваіх магчымасьцях, а з іншага боку ніякіх крокаў насустрач няма ад беларускіх арганізацыяў у Вільні. Няма ніякага цэнтру інфармацыі. А яшчэ такая праблема, што нашыя студэнты многія яшчэ амаль дзеці, шмат непаўналетніх. Яны адчуваюць зараз свабоду ад бацькоў, ад краіны, у якой шмат чаго было нельга і яны трацяць час больш на тое, каб забаўляюцца. Многіх задавальняе, што ніхто іх не турбуе, нікуды ня трэба ісьці, нічога ня трэба рабіць, жывуць самі па сабе.Аднак, у некаторых ёсьць жаданьне ўключыцца ў грамадзкае жыцьцё, быць карыснымі для Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) "Але і зь Беларусі вамі цяпер мала хто займаецца?"

(Юдзіцкі: ) “На мой погляд, у Беларусі зусім нічога ня ведаюць, што адбываецца тут, у ЭГУ”.

(Карэспандэнт: ) "Вы адчуваеце сябе ігнараванымі?"

(Юдзіцкі: ) “Канечне, ігнараванымі. Мы адчуваем, што мы адарваныя ад Беларусі. Плянавалася, што на студэнтаў ЭГУ будзе пакладзена нейкая місія, але гэтага не адбываецца і людзі адчуваюць, што яны пакінутыя тут. Плянаваў, што буду ўдзельнічаць у сэмінарах, у сымпозыюмах навуковых. Нас нікуды не запрашаюць.

Мы, калі прыехалі, вывесілі наш сьцяг, але за гэта наша кіраўніцтва прыцягнула да адказнасьці тых, хто гэта зрабіў. Тлумачаць, што ЭГУ пакуль тут не зарэгістраваны і могуць быццам бы нейкія праблемы з рэгістрацыяй”.

Андрэй Асадчы кажа, што гэта быў бел-чырвона-белы сьцяг і такія сьцяжкі некаторыя з іх маюць у сваіх пакоях.

(Асадчы: ) “Мы - беларусы, гэта наш сьцяг. А той, які зараз дзяржаўны, гэта памылка гісторыі, пройдзе час і ўсё будзе добра "Загляне сонца і ў наша ваконца".

(Карэспандэнт: ) "Артур, Вы сказалі, што не атрымліваеце дапамогі ад беларускіх арганізацыяў у Вільні. Я ў час падрыхтоўкі гэтай перадачы зьвярнулася да старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве сп. Хведара Нюнькі з пытаньнем, ці спрабавалі яны наладіць з вамі кантакты".

(Юдзіцкі: ) “Так, адзін раз прыходзілі”.

(Карэспандэнт: ) "Атрымалася размова?"

(Юдзіцкі: ) “Атрымалася, так. Сп. Станкевіч распавядаў, адказваў на пытаньні на добрай беларускай мове. Я і яшчэ некалькі студэнтаў ездзілі на сядзібу да сп. Нюнькі, там бібліятэчка ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) "Сп. Нюнька сказаў мне, што яны гатовыя да супрацоўніцтва з вамі".

(Нюнька: ) “Была сустрэча ў сойме з рэктарам сп. Міхайлавым, гэта было першае знаёмства. Я дамовіўся з прарэктарам Дунаевым, што мы разам з дэпутатам сойму Вацлавам Станкевічам прыедзем ва ўнівэрсытэт, каб пазнаёміцца са студэнтамі.

Такая сустрэча адбылася, прысутнічаў рэктар Міхайлаў, прарэктар Дунаеў і студэнты. Мы распавялі пра сябе, сп. Станкевіч расказаў пра сваю дзейнасьць. Выступілі недзе 5 чалавек студэнтаў на зусім добрай беларускай мове.

Я іх запрасіў, каб яны абавязкова прыйшлі да нас у Таварыства. Больш дзясятку студэнтаў прыйшлі. Мы недзе паўтары гадзіны размаўлялі. Нас найбольш цікавіла пытаньне зь беларусізацыяй. Калі яны сказалі, што ў іх выкладае Сяргей Харэўскі і мае выкладаць Генадзь Сагановіч, гэта нас вельмі ўзрадавала і дало надзею, што ўнівэрсытэт будзе беларусізавацца ў Вільні. Мы дамовіліся аб далейшых кантактах. Але больш ніхто да нас не зьвярнуўся.

Мы са свайго боку радыя іх вітаць, можам шмат у чым дапамагчы, калі трэба. Але з іх боку я пакуль не адчуваю актыўнасьці".

Вядома, студэнты ЭГУ вучацца ў Вільні усяго толькі некалькі месяцаў, недастаткова арыентуюцца ў новай сытуацыі і не выяўляюць вялікай актыўнасьці ва ўсіх справах, Аднак, як упэўнены Андрэй Асадчы, паволі яны ўключацца ў новае жыцьцё.

(Асадчы: ) “Можа быць, у наступным годзе, калі ўжо вывучым добра мову і пачнем размаўляць па-літоўску, мы будзем прымаць удзел у розных пасяджэньнях, у розных акцыях і тады, я думаю, можа будзем лепш сябе адчуваць. Мы - студэнты, можам нешта зрабіць. Нам лёс дае шанец, і калі мы з усёй адказнасьцю да гэтага паставімся, то мы зможам нешта зрабіць. Але, для гэтага трэба час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG