Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётра Садоўскі: “Беларуская ўлада разумее, чаго варты нацыянальны міт”


Міхась Скобла, Менск (эфір 18 сьнежня)

Здавалася б, пасьля доўгага пэрыяду спрэс міталягізаванай савецкай мінуўшчыны грамадзтва запатрабуе гісторыі праўдзівай, што замоўчвалася стагодзьдзямі. Але насамрэч на месцы старых пачалі ўзьнікаць новыя міты. Агульнавядома, што гісторыя — настаўніца жыцьця, але ці можа вытворны ад яе міт быць настаўнікам? Пра патрэбу гістарычных мітаў — у гутарцы зь Пётрам Садоўскім.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Пётра, што можа гучаць больш проста і пераканаўча: праўда, толькі праўда і нічога апрача праўды. Гэтак у жыцьці, гэтак хіба мае быць і ў гісторыі. То навошта зьняпраўджваць матухну-гісторыю?”

(Пётра Садоўскі: ) “Формула, якую вы прыгадалі, гучыць часьцей у судзе. Кожны чалавек, калі шукае сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, праводзіць самаплебісцыт кожны дзень, кожны дзень шукае гістарычную праўду. Я сёньня хачу гаварыць не як гісторык, барані Бог. Калі мяне слухаюць гісторыкі, няхай яны ня моршчацца. Садоўскі — не гісторык, а чытач, чалавек, які чытае літаратурныя, гістарычныя, мовазнаўчыя творы. І мяне найперш цікавіць той дыскурс, той тэкст, які стварае стэрэатыпы. Гісторыя народу, яго ідэнтычнасьць, ствараецца ў школьных падручніках, але школьныя падручнікі не даюць сапраўднай гісторыі, там закладзеныя міты. Мы да сваіх мітаў ставімся ня вельмі ашчадна. Але я хацеў бы паказаць на досьведзе іншых народаў, як трэба ставіцца да сваіх гістарычных мітаў. Я сьцьвярджаю: кожны народ, перш чым ён стаў нацыяй, дзяржавай, ён меў свой “нацыяналістычны” міт”.

(Скобла: ) “Вось вы кажаце — “нацыяналістычны міт”. Тут акурат падыходзіць гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. Уявім сабе, што ёю зацікавіўся прафэсар з Сарбоны ці Оксфарду. Прафэсар — паліглёт, і вось ён чытае кнігу Міколы Ермаловіча “Беларуская дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае”. Потым чытае аналягічную літоўскую кнігу, чытае нешта падобнае, выпісанае ім з Кіева. Чытае і хапаецца за галаву: як ВКЛ можа быць адначасова і літоўскай, і беларускай, і ўкраінскай дзяржавай?! Не гісторыя, а Бог ведае што атрымліваецца”.

(Садоўскі: ) “Дазвольце прывесьці адзін ткацкі вобраз. Я буду старацца гаварыць так, каб людзі не хапаліся за галаву, як сарбонскі прафэсар. Уявіце сабе кросны з нацягнутым сатканым палатном. Ёсьць аснова, ёсьць уток. Украінец глядзіць са свайго боку, літовец са свайго, беларус са свайго, расеец са свайго. І гэта абсалютна нармальна, што ўсе глядзяць па-свойму. Я ў свой час супрацоўнічаў з Інстытутам Гэорга Экерта, гэта ў Браўншвэйгу, ФРГ, дзе дасьледуюцца падручнікі. І я чытаў падручнікі розных краінаў па адпаведных пэрыядах.

Прывяду прыклад зь Літвою. У зборніку “Роля Нямеччыны ў станаўленьні балтыйскіх дзяржаваў” апісаны экспэрымэнт, які правёў адзін нямецкі навуковец. Ён апытаў літоўскіх школьнікаў: на якой мове быў напісаны Статут Вялікага Княства Літоўскага? 72% сказалі, што па-літоўску, 2% — па-стараруску, 6% — па-польску, 10% — па-лацінску. Эўрапейскія прафэсары крытыкуюць на чым сьвет стаіць прыбалтыйскіх гісторыкаў, аўтараў падручнікаў, за тое, што яны пішуць сваю “нацыяналістычную” гісторыю. А прыбалтыйскія гісторыкі не зважаюць! Яны ствараюць свой міт. І літоўскія школьнікі засвоілі яго, яны растуць патрыётамі сваёй радзімы”.

(Скобла: ) “Але што будзе, калі і беларусы, і літоўцы, і ўкраінцы засвояць адносна ВКЛ свой міт? Прыйдзе час, і возьмуцца загрудкі”.

(Садоўскі: ) “Вы хочаце сказаць, што яны возьмуць зброю і пойдуць ваяваць між сабой? Ну, я думаю, да гэтага ня дойдзе. Агульная гісторыя ня толькі ў нас зь літоўцамі. Увогуле, цікава, што дзеецца вакол гэтай тэмы ў краінах Эўразьвязу. Былі спробы ствараць сумесныя камісіі й пісаць сумесныя падручнікі. Але немцы так і не прыйшлі да згоды ні зь літоўцамі, ні з эстонцамі, крытыкуючы іх за празьмерную нацыянальную зааганжанаванасьць. Напрыклад, Ленарт Мэры — прэзыдэнт Эстоніі пачатку 1990-х гадоў, ён жа гісторык, ён жа аўтар падручнікаў, ён жа гістарычны раманіст тыпу нашага Ў.Караткевіча, піша: “У эстаў пачуцьцё адінства, пачуцьцё “мы” сфармавалася ўжо ў 6 стагодзьдзі, калі ўсе нашы суседзі былі захопленыя вялікім перасяленьнем народаў, а мы, на шчасьце, не былі захопленыя гэтай бурным морам…”

(Скобла: ) “Ленарт Мэры — эстонскі патрыёт №1. Як можна заўважыць, прыбалтыйскія краіны сёньня ўзмоцнена эксплюатуюць “пакутніцкі” міт — жыцьцё пад расейскім прыгнётам”.

(Садоўскі: ) “Пакутніцкія міты актуальныя і для іншых народаў. Для кітайцаў гэта эпоха японскага ярма; для палякаў — расейскі ды нямецкі прыгнёт; для расейцаў — татара-мангольскае іга ды немцы; для габрэяў — змаганьне супраць фэлістымлянаў/палестынцаў, пагромы Багдана Хмяльніцкага, галакост ад нацыстаў; для армянаў — турэцкая разьня 1915 году.

Кожная моцная нацыя (калі гэта актуальна) імкнецца разбурыць “пакутніцкі міт” прыгнечанага суседа. Найлепшы сёньня прыклад — закон Турцыі аб крымінальным перасьледзе асобаў за “ганьбаваньне турэцкасьці”: калі нехта публічна сьцьвярджае, што армянскага генацыду не было. Вельмі, дарэчы, нагадвае нашы апошнія заканадаўчыя рэаліі. Так, напрыклад, вельмі вядомы турэцкі пісьменьнік Архан Памук (аўтар бэстсэлеру “Сьнег”) мусіў два гады таму эміграваць у Нямеччыну, бо яму пагражала пяць гадоў турмы. У гэтым годзе ён атрымаў літаратурную Прэмію міру ФРГ.

У нас надзённая тэма — адносіны з Расеяй. Доўгая жуйка — “саюзная дзяржава”. У гэтым зацяжным фармаце робяцца вельмі пасьпяховыя спробы разбураць беларускія “міты пакуты” (гл., напрыклад, кнігу Генадзя Сагановіча “Невядомая вайна”).

Вось што раіць рабіць настаўнікам гісторыі наш мэтадычны часопіс “Чалавек. Грамадзтва. Сьвет” (1999, №3, с. 119). Тры суаўтары — два беларускія і адзін расейскі — бядуюць з нагоды пазытывізму расейскіх складальнікаў “Энциклопедии для детей” (Масква, “Аванта”, 1996), якія ў першай частцы 5 тому “История России и ее ближайших соседей” пры апісаньні паходаў расейскіх у 16—17 стагодзьдзях на паўночных суседзяў ня ўлічваюць сёньняшніх інтэграцыйных актуаліяў і без эўфэмізмаў пішуць: “Московско-литовские войны были невероятно ожесточёнными. По масштабу и упорству, с которыми они велись, войны эти были одними из самых крупных противостояний в Европе ХVI—XVII вв”. На тры дыдактычныя галасы аўтары ў скрусе падагульняюць: “Глубоко трагично, что это солидное издание… адресовано молодежи и школьникам…” Як станоўчы прыклад яны называюць тыя беларускія навучальныя дапаможнікі, у якіх “о войнах упоминается, но они разнесены ўмело по ряду разделов и параграфов, что дает школьникам определенные знания проблемы, но не вызывает у них сильных психологических и нравственных аффектов, не провоцирует их на недружественные действия в адрес Союзного государства”. Вось такі, па-расейску мовячы, “охранительный” мультыкультуральны падыход дэманструюць нашыя вучоныя-гісторыкі”.

(Скобла: ) “Чаму гісторыя маладых дзяржаваў абрастае мітамі — зразумела. Каб мець нейкае апірышча на гістарычным грунце. Але навошта міталягізаваць гісторыю там, дзе на гэта няма аб’ектыўнай патрэбы? Напрыклад, Францыя адзначае штогоду Дзень узяцьця Бастыліі. Але вядома, што ў Бастыліі сядзелі злодзеі, крымінальнікі, фальшываманэтнікі, якія ўрэшце і выйшлі на свабоду. Няўжо чалавецтва жыць бязь мітаў ня можа?”

(Садоўскі: ) “Калі глянуць на ўзяцьце Бастыліі… Дзеля чаго гэта рабілася? Каб пазбавіцца ад абсалютнай улады, каб усталяваць прынцыпы роўнасьці й свабоды. Але мне як германісту хацелася разгледзець колькі прыкладаў з гісторыі Нямеччыны. Падчас цяжкіх, складаных пэрыядаў гісторыі ў краінах з “запозьненай” нацыянальнай сьвядомасьцю хатнія гісторыкі-“пазытывісты” (не гаворачы ўжо пра тых, хто прэзэнтуе дзяржаву і нацыю паводле свайго грамадзкага статусу) павінны адмовіцца ад крытыкі патрыятычных мітаў, нават калі яны ўступаюць у пэўную супярэчнасьць з гістарычнымі стэрэатыпамі.

Патлумачу на прыкладзе. Апошняя чвэрць 19 стагодзьдзя. Закончыліся напалеонаўскія войны. У Эўропе фармуюцца межы новых дзяржаваў. Германія застаецца раздробленай. Немцы — запозьненая нацыя. Наперадзе Франка-пруская вайна. Немцам трэба ўзьнімаць баёвы дух”.

(Скобла: ) “Здаецца, у гэты час паэт Фон Фалерсьлебэн піша свой славуты гімн “Deutchland uber alles” (“Германія перадусім”)?”

(Садоўскі: ) “Гімн датаваны 1842 годам. І галоўны патас твору — яднаньне (а ня нейкія рэфлексы нямецкай фанабэрыі ці агрэсіўнага нацыяналізму, як яго ператлумачвалі пазьней). І вось тут на дапамогу прыходзяць міты пра Германа і Барбаросу. Паводле нямецкага гісторыка Ганса-Юргена Пандэля, з 1750 да 1850 год у Германіі зьявілася больш за 200 гераічна-патрыятычных паэмаў, опэраў, сымфоніяў, карцінаў, скульптураў, прысьвечаных Герману.

Я сам сустрэў упершыню імя Германа ў шылераўскіх “Разбойніках”, калі вучыў ролю Карла Мора ў нямецкамоўным студэнцкім тэатры Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Гэта быў 1961 год. Я тады рэцытаваў: “О калі б у маім сэрцы гарэў непераможны дух Германа!” Хто такі Герман? Скажу адразу — фігура цьмяная, зусім не гераічная, хутчэй трагічная. Імені Герман гістарычныя кронікі ня ведаюць. У францускіх энцыкляпэдыях, напрыклад, чытаем, паводле рымскага гісторыка Тацыта: ваявода германскага племені херускаў Армініюс, вядомы ў Германіі пад іменем Герман, які, паводле легенды, у 9 годзе пасьля Нараджэньня Хрыстовага разьбіў дзесьці на поўначы за Рэйнам тры рымскія легіёны Публія Квінктылія Вара.

З навукова-гістарычнага пункту гледжаньня гэта чысьцейшага кшталту міт. Атаясамліваць германаў і немцаў — некарэктна. Сваім Германа маглі гэтак жа назваць і галяндцы, і бэльгійцы, і шмат хто яшчэ. У 1875 годзе пасьля перамогі немцаў над французамі вырашылі, што той Таўтэбурскі лес (назва гарыстай мясцовасці), дзе нібыта адбылася бітва, знаходзіцца недзе каля гораду Дэтмольду (цяпер гэта зямля Паўночны Рэйн-Вэстфалія). І вось тут паставілі помнік вышынёй 57 мэтраў. Дарэчы, вельмі нагадвае савецкі плякат “Родина-мать зовёт”). Помнік адкрываў у 1875 годзе сам кайзэр Вільгельм І, які пры гэтым ужываў выраз “немец Герман”.

Але, калі быць дакладным, Армініюс-Герман ня быў “патрыятычным” правадыром сваіх супляменьнікаў, ён быў наймітам-здраднікам. Прычым, двойчы здраднікам. Хлопчыкам ён быў захоплены ў палон рымлянамі, вывучыўся на рымскага воіна і да таго добра біў сваіх суродзічаў, што нават атрымаў за гэта рымскае грамадзянства. Як бы мы цяпер усьлед за Айтматавым сказалі б, стаў манкуртам. Потым пры нагодзе за пэрспэктыву стаць у сваім племені “правадыром” і за прыстойную ўзнагароду зноў перакінуўся на бок херускаў. Праўда, пазьней падчас уладных закалотаў быў забіты сваімі ж, меўшы ад нараджэньня ўсяго 37 гадоў. Звычайны лёс найміта. Але чаго ня можа гістарычны міт! Стаіць помнік, засталіся карціны, паэмы, фразэалягізмы… І немцы ня чыняць сабе публічнай экзэкуцыі, як гэта робяць на радасьць нашым незычліўцам некаторыя нашы занадта дасьведчаныя землякі зь бітвамі пад Воршай, пад Грунвальдам, зь “беларускасьцю” ВКЛ, са скарынаўскім перакладам Бібліі, з гербам “Пагоня”.

Тыя ж немцы сьвядома “пераблыталі” Фрыдрыха ІІ (1194—1250) зь ягоным дзедам Фрыдрыхам І (1122—1190) па мянушцы Барбароса (Рудая Барада). Рэч у тым, што Фрыдрых-Барбароса загінуў падчас трэцяга крыжовага паходу ў Малой Азіі, захлынуўшыся, паводле аповедаў відавочцаў, у даволі плыткай рацэ Салеф, бо быў моцна п’яны. Але ў падножжа манумэнту першаму нямецкаму імпэратару Вільгельму І, які стаіць на гары Кіфхойзэр, убудавана не фігура Фрыдрыха ІІ, які нібыта спачывае тут, а фігура… Фрыдрыха Барбаросы, воя-пілігрыма. І зноў жа: гісторыкі ведаюць, экскурсаводы расказваюць, але ніхто не сьмяецца публічна, помніка ня бураць”.

(Скобла: ) “Француз Поль Валеры некалі пісаў, што “міт — гэта тое, што гіне пры найменшым удакладненьні”. І сапраўды. І вы ў свой час, і я чыталі ў падручніку “Гісторыя СССР” словы палітрука Клачкова, сказаныя ім ля разьезду Дубасекава пры абароне Масквы ў 1941 годзе, пра тое, што вялікая Расея, а адступаць няма куды, ззаду — Масква. Але, згодна з афіцыйнай вэрсіяй усе 28 панфілаўцаў загінулі… Чаму абсурдныя міты такія жывучыя?”

(Садоўскі: ) “Я б не называў іх абсурднымі. Пра панфілаўцаў я ўпершыню прачытаў у Васіля Быкава і, шчыра сказаць, адразу яму не паверыў. Але пазьней пра тое самае я прачытаў у расейскага гісторыка Віктара Праўдзюка, які шмат працуе ў архівах. Ён раскапаў, што ня ўсе панфілаўцы загінулі, сёй-той зь іх нават пайшоў працаваць у паліцыю. Але ня трэба ўдакладняць мітаў патрыятычных публічна! Удакладняць іх можна ў гістарычнай спрэчцы, але не публічна”.

(Скобла: ) “Кажучы пра абсурднасьць міту пра панфілаўцаў, я меў на ўвазе, што выбудоўваць яго трэба было па-іншаму. Адзін панфілавец мусіў выжыць, зьнішчыць батальён аэрадромнай абслугі, захапіць “хэйнкель” і вылецець да сваіх. Тады б і міт быў бы больш устойлівы”.

(Садоўскі: ) “Напэўна. Згадаю яшчэ адзін стары міт, нядаўна абноўлены і падагнаны да сёньняшняга сьвята расейскага — Дня яднаньня, што адзначаецца 4 лістапада. У гэты дзень 1612 году расейцы “прагналі” палякаў з Масквы. Што яны цяпер зрабілі? Недзе пад Кастрамой у балоце знайшлі месца, дзе загінуў Іван Сусанін. Там жа знайшлі некалькі каталіцкіх крыжыкаў і адзін праваслаўны. Слухайце, прайшло амаль чатырыста гадоў… І ўжо паставілі памятны камень, адбылася паніхіда, паставілі капліцу. І будзе сьвяты міт для расейскага народу. І я гэта разумею. Тое самае робяць усе народы”.

(Скобла: ) “Выключэньне тут складаюць хіба палякі і беларусы. Палякі пішуць, што паплечнік Касьцюшкі Ян Кілінскі трымаў публічны дом, даход ад якога ішоў на патрэбы паўстаньня 1794 году. А беларускі дасьледчык Уладзімер Казьбярук прыклаў нямала намаганьняў, каб дэміталягізаваць Кастуся Каліноўскага. Ці ўстаяць героі на падкапаных пастамэнтах?”

(Садоўскі: ) “Ну, Каліноўскага падкопваў ня толькі Казьбярук. Мне не спадабаўся публіцыстычны рэфлекс Алеся Чобата ў “Анталёгіі беларускай філязофскай думкі”. Маўляў, дзякуючы Мураўёву (!), які першым назваў Каліноўскага дыктатарам, усплыла фігура Каліноўскага, і беларусы атрымалі цаглінку ў сьцяну сваёй нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Мне гэта недаспадобы. Публікуюцца матэрыялы, якія можна інтэрпрэтаваць па-рознаму. Але тое, што Каліноўскі выдаваў “Мужыцкую праўду”, і выдаваў яе па-беларуску — гэта жалезны факт, якога не аб’ехаць ніякім канём. І нічым ты гэтага факту не падкапаеш. Мне тут Купала прыгадаўся: “Эх, бо ведае сьвет, што вялікіх дум цьвет адно толькі на зломе ўзрастае”. Каліноўскі спрабаваў штосьці зламаць. Мы вось тут сядзім, разумна гаворым, але слава тым, хто ідзе, нешта ламае, ахвяруючы сваім жыцьцём. А Каліноўскі ахвяраваў жыцьцём. У кожнага з нас у біяграфіі ёсьць нешта такое, што калі яго апублікаваць у жоўтай прэсе, то мы страцім гламур і флёр нашай прыстойнасьці. Гэта датычыць і тых фігураў, якія стаяць на пастамэнтах.

Але спэцыфіка стварэньня патрыятычных мітаў сьведчыць якраз аб тым, што яго нельга праверыць. Як у рэлігіі — самы лепшы вернік той, які ня бачыў, але паверыў. Па-мойму, пра гэта ў адным з Эвангельляў гаворыць Хрыстос. Чалавеку, які прасякнуўся патрыятычным мітам, ня трэба доказаў”.

(Скобла: ) “Атрымліваецца, чым больш неверагодны міт, тым лягчэй у яго вераць. Памятаеце паэму “Лука Мудзішчаў”? Яе герой кажа: “Есьць пра сімволіку бумага, Мне КГБ наш далажыў, Што вот пад эцім самым флагам Пазьняк у кайзера служыў”. І гэта было прышчэплена да масавай сьвядомасьці! Вось што мне расказваў чалавек, які падчас выбарнай кампаніі 1994 году ездзіў зь Зянонам Пазьняком па Беларусі. Выступае Зянон Станіслававіч у паўнюткім вясковым клюбе: “Я нарадзіўся ў 1944 годзе, узяў аўтамат і пайшоў ваяваць на баку немцаў”. Цішыня. Пазьняк паўтарае. Зноў цішыня. І толькі з трэцяга разу да людзей даходзіць іронія выступоўцы”.

(Садоўскі: ) “Добра, што хоць з трэцяга разу даходзіла… Але я зноў зьвярнуся да прыкладу Нямеччыны. Гістарычная праўда і гістарычны міт у сёньняшняй Нямеччыне — цэнтральная тэма дыскусіяў гісторыкаў. Асабліва пасьля таго, як немцы сябе па-мазахісцку вывернулі, закляймілі, столькі пра злачынствы фашыстаў выйшла кніжак! Прыклеілася нават такая мянушка — Tetеfolk (народ-злачынца). Я літаральна ўчора чытаў у адным зь нямецкіх часопісаў артыкул “Нацыя, якая хоча зьнікнуць”. І гэта піша немец пра немцаў, якія дайшлі да самазьнішчэньня! Аўтар піша: немцы абсалютна дэзарыентаваныя. Асабліва гэта актуальна сёньня, калі ідзе мусульманізацыя Эўропы. І немцы зноў зьвяртаюцца да нацыянальнай гісторыі. Але яны настолькі напужаныя Гітлерам, нацыянал-сацыялізмам, што не ўжываюць тэрмінаў “нацыя”, “нацыянальны”. Яны ўжываюць выразы “канстытуцыйны патрыятызм”, “дзяржаўны народ”. Ангела Мэркель, калі заступала на пасаду, выкарыстоўвала гэтыя выразы, гаварыла, што немцы ні ў якім разе не павінны нішчыць сваю старую гісторыю”.

(Скобла: ) “Вы згадалі нямецкага канцлера, што дбае пра ўзьвялічваньне гісторыі Нямеччыны, і я з сумам падумаў, як з самай высокай санкцыі перакручваецца і дэміталягізуецца гісторыя Беларусі. Скажам, адмена ордэну Кастуся Каліноўскага, на маю думку, азначае ня тое, што не знайшлося вартых ардэнаносцаў, а тое, што Каліноўскі ня варты ордэну. Да якой пары падобнае будзе працягвацца?”

(Садоўскі: ) “Датуль, пакуль будзе працягвацца абраны беларускай уладай геапалітычны курс. Праўда, не зразумела: ці ёсьць на гэта воля ўсяго народу, ці гэта воля прызначанай намэнклятурнай эліты, ці, можа, гэта воля суседняй дзяржавы? Я ня ведаю, хто і якіх марыянэтак тут тузае за вяровачку. Але калі праспэкт Скарыны з цэнтру сталіцы прыбіраецца недзе на задворкі, калі ордэн Каліноўскага скасаваны… Ордэн Скарыны пакуль яшчэ ёсьць, але ён даецца такім людзям, што ён павінен быў загарэцца на іхных грудзях! Значыць, беларуская ўлада разумее, чаго варты нацыянальны міт. Ну што ж, і ад гэтага радасна”.
XS
SM
MD
LG