Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В. Сіліцкі: Калі апазыцыя набярэ шмат галасоў, людзі выйдуць на вуліцы


Сяргей Шупа, Прага Госьць ранішняга эфіру - палітоляг Віталь Сіліцкі

(Карэспандэнт: ) "Віталь, на мінулым тыдні беларускія ўлады ў маланкавай акцыі прынялі пастанову аб датэрміновым правядзеньні выбараў. Апазыцыя бачыць у гэтым праяву няўуэўненасьці і нават панікі. Нават, маўляў, ахвяравалі 4-ма месяцамі прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Ці Вы згодныя з такой ацэнкай?"

(Сіліцкі: ) "Ну, па-першае, спадар Лукашэнка не зьбіраецца нікуды сыходзіць, таму ахвяра чыста тэхнічная. Пэўны элемэнт панікі, канечне, ёсьць, бо ёсьць пэўныя апасеньні перад рэвалюцыйнымі сцэнарамі. Нават калі рэалізацыя іх у Беларусі вельмі праблематычная. Я б назваў гэта, хутчэй, гульнёй на апераджэньне".

(Карэспандэнт: ) "Напярэдадні абвяшчэньня даты выбараў адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным. І пра сувязь гэтай сустрэчы з прызначэньнем выбараў гаварылася нямала. Дык што, на Вашую думку, адбылося: Лукашэнка атрымаў блаславеньне Пуціна ці паставіў яго перад фактам?"

(Сіліцкі: ) "Гэта не прынцыпова, як гэта было. Я думаю, што на працягу апошняга году падтрымка Лукашэнкі Расеяй была відавочная. Як гэта вызначыць - даволі тэхнічнае пытаньне. Падтрымка Расеі зараз у Лукашэнкі ў кішэні. Таму можна сказаць - і так, і так".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы ацэньваеце варыянт магчымага байкоту выбараў, да якога апазыцыя гатовая прыбегнуць у выпадку нерэгістрацыі апазыцыйнага кандыдата?"

(Сіліцкі: ) "У выпадку нерэгістрацыі гэта будзе змушаная акцыя. У кампутарнікаў ёсьць такі тэрмін "па азначэньні", "па ўмаўчаньні". Калі не зарэгіструюць, дык што застанецца рабіць?"

(Карэспандэнт: ) "На Вашую думку, ці гатовая тая частка грамадзтва, якая не пагодзіцца з вынікамі выбараў, выйсьці на вуліцы. Што павінна здарыцца, каб гэта адбылося?"

(Сіліцкі: ) "Гэта вельмі цяжка спрагназаваць, таму што там, дзе людзі выходзілі на вуліцы, заўжды па апытаньнях напярэдадні выбараў гатовыя былі да ўдзелу ў вулічных акцыях 10 працэнтаў, у кожнай краіне - Грузія, Украіна. Таму прагназаваць вельмі цяжка. Звычайна такое адбываецца тады, калі апазыцыя атрымлівае шмат галасоў. Тады верагоднасьць вулічных акцыяў вельмі вялікая. Тады ўсплеск грамазкай актыўнасьці прыходзіць як сюрпрыз для ўладаў і нават для самой апазыцыі".
XS
SM
MD
LG