Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Навадворская: Лукашэнка колькі захоча, столькі і будзе на троне сядзець


Ігар Карней, Менск Толькі ў двух краінах былога СССР – у Расеі і Беларусі – сёньня адзначаецца дзень супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бясьпекі. Гэтая дата бярэ адлік ад 20 сьнежня 1917 году, калі пастановай Савету народных камісараў была ўтвораная Ўсерасейская надзвычайная камісія ў барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (у расейскай абрэвіятуры – ВЧК). На працягу апошніх гадоў супрацоўнікі КГБ адзначаюць сваё сьвята на радзіме першага савецкага чэкіста ў Дзяржынава, недалёка ад Івянца. Ці захаваецца традыцыя сёлета?

Сёньня чарговая партыя курсантаў Інстытуту нацыянальнай бясьпекі (былая Вышэйшая школа КГБ) гэтаксама маецца прыняць прысягу ў Дзяржынаве. Адзначу, што два гады таму фальварак шляхетнага роду Дзяржынскіх высілкамі Камітэту дзяржбясьпекі адноўлены практычна да першароднага. Цяпер кіраўнік Івянецкага музэю традыцыйнай культуры Алег Раманоўскі нават зайздросьціць, што былой філіі перапала такая ўвага з боку чэкістаў. Праўда, гэта не зусім стасуецца з ідэяй спадара Раманоўскага стварыць у Дзяржынаве музэй беларускай шляхты.

(Раманоўскі: ) “Ну, ня ведаю: можа крышку і перажываем... Таму што філія нашая перададзеная Стаўбцоўскаму райвыканкаму і зрабілася самастойным музэем. А тое, што едуць адмыслова да Фелікса Эдмундавіча… Асоба ёсьць асоба – як для каго. Але сярод роду Дзяржынскіх шмат на каго глядзець ёсьць, там усе асобы вельмі цікавыя – і Казімер, і Ўладзіслаў займаюць пачэсныя месцы”.

Два гады таму мэмарыяльны комплекс “Дзяржынава” асабіста прымаў Аляксандар Лукашэнка. Побач зь ім быў і тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў – колішні намесьнік дырэктара Вышэйшай школы КГБ, спэцыяліст у праблемах барацьбы зь міжнародным тэрарызмам.

(Латыпаў: ) “Я вось адслужыў, і забыўся – адразу вам кажу. Я чэсна служыў, але, шчыра скажу, хачу глядзець не “туды”, а наперад. У мяне засталіся сябры, таварышы, памяць добрая пра нашую навучальную ўстанову. Але больш нічога. Я ведаю шмат усяго рознага, што было, але, каб вы мяне зразумелі: я нікога не хачу крыўдзіць, я ўжо перайшоў у іншую плоскасьць жыцьця”. Калі ранейшыя старшыні КГБ заставаліся, збольшага, у цені, то цяперашні старшыня Дзяржкамітэту бясьпекі генэрал Сьцяпан Сухарэнка ўжо адзначыўся шэрагам гучных заяваў, у тым ліку і пра зьмены ў крымінальным заканадаўстве. Чакаецца, што гэтымі днямі Аляксандар Лукашэнка ўхваліць папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальныя кодэксы, прынятыя абедзьвюма палатамі Нацыянальнага сходу. Нагадаю, што акрамя новых артыкулаў “за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”, істотна ўзмацняецца крымінальная адказнасьць за ўдзел у масавых сходах і акцыях, за палітычныя заклікі і г.д. Пра адпаведныя захады “змоўшчыкаў” у зьвязку з прэзыдэнцкімі выбарамі гаварыў ня так даўно дэпутатам палаты прадстаўнікоў генэрал Сухарэнка.

(Сухарэнка: ) “З набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году грамадзкая небясьпека такой дзейнасьці ўзрастае з улікам таго, што зацікаўленыя дэструктыўныя сілы ня толькі ў Беларусі, але і ў шэрагу замежных дзяржаваў, маюць намер выкарыстаць выбарчую кампанію для правакаваньня сілавога захопу ўлады і зьмены канстытуцыйнага ладу паводле сцэнараў каляровых рэвалюцый у Грузіі, Украіне, Кыргізіі. Па сутнасьці, мы сутыкаемся з індустрыяй у падрыхтоўцы “каляровых” баявікоў-рэвалюцыянэраў”.

Цяперашнія і былыя супрацоўнікі спэцслужбаў (хто адкрыта, хто кулюарна), збольшага, асуджаюць такія палітычныя “тандэмы” паміж выканаўчай уладай і органамі дзяржбясьпекі. Экс-супрацоўнік контрвыведкі КГБ Валерый Костка спробу запалохаць апанэнтаў улады напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў зьвязвае са згортваньнем усялякіх дэмакратычных працэсаў, безь якіх магчымасьць выбару ў беларусаў проста зьнікае.

(Костка: ) “Адна з прыкметаў дэмакратычнай краіны – гэта калі спэцслужбы займаюцца сваёй справай і ня лезуць ва ўнутрыпалітычную барацьбу. Такіх прыкметаў дэмакратычнасьці кожнай краіны ўвогуле некалькі, але гэта – адна зь іх. Ні ў Брытаніі, ні ў Амэрыцы спэцслужбы не гуляюць на адну ці на другую “руку”. Там, дзе дэмакратыя сапраўды ёсьць, дзе выбар ёсьць, дзе інфармацыі дастаткова – навошта ж спэцслужбам лезьці не ў свае справы? А тут якраз ідзе замбаваньне, каб на пэўны момант людзі думалі менавіта вось так, а ня так, як насамрэч гэта ёсьць”.

Адна з найбольш ярых праціўнікаў “чэкістаў” на прасторах былога СССР, дысыдэнтка са стажам Валерыя Навадворская лічыць: у Беларусі КГБ, як і іншыя сілавыя структуры, цалкам абслугоўваюць аднаго чалавека.

(Навадворская: ) “Безумоўна, пытаньне ставілася так (прынамсі, “бацька” яго так мог бы паставіць): сьвету перавярнуцца ці мне гарбаты папіць? Натуральна, што бацька“ вырашыў: няхай сьвет перавернецца, а ён усё ж гарбаты пап’е. І ўвогуле, колькі захоча, столькі ён там і будзе на троне сядзець – вось вечна, пакуль ногі носяць”.

На пэўным прамежку гісторыі не пазьбеглі рэпрэсій і самі чэкісты. Цягам 1930-40-х гадоў больш за 20 тысячаў супрацоўнікаў Дзяржбясьпекі былі асуджаныя да турэмных тэрмінаў ці да вышэйшай меры. Досыць сказаць, што з 15 кіраўнікоў ворганаў бясьпекі БССР рэпрэсаваныя 13. Не рэабілітаваныя нават пасьмяротна Закоўскі, Бэрман, Наседкін, якія асабіста прызнаныя ў рэпрэсіях. Датычна Ратэнбэрга зьвестак няма ўвогуле, а праверка абгрунтаванасьці асуджанага Ляплеўскага не праводзілася. Пятнаццаты кіраўнік, генэрал-лейтэнант Лаўрэнцій Цанава, быў арыштаваны ў паваенны час, у 1953-м. Паводле адной з вэрсый, ён памёр у часе сьледзтва па “справе Міхоэлса”, паводле іншай – быў забіты.
XS
SM
MD
LG