Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Гэльсынскі камітэт чакае хуткая ліквідацыя?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду разглядзіць пратэст першага намесьніка старшыні суду на рашэньне сваіх менскіх гарадзкіх калегаў адносна прэтэнзіяў да БГК з боку падатковай службы. Калі пратэст будзе задаволены, Беларускі Гэльсынскі камітэт чакае хуткая ліквідацыя, лічаць праваабаронцы. Яшчэ раней супраць старшыні БХК і галоўнага бугальтара арганізацыі былі заведзеныя крымінальныя справы паводле нявыплаты падаткаў. Ім пагражае да 7 гадоў турмы. Старшыня БХК Тацьцяна Процька ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца ў ЗША ў сваякоў.

Будзе разглядацца пратэст, які першы намесьнік старшыні суду Яўген Смірноў вынес на ранейшыя, станоўчыя для БГК рашэньні ў яго спрэчцы з падатковай інспэкцыяй, тлумачыць вядомы праваабаронца Гары Паганяйла.

(Паганяйла: ) “Калі нас прымусяць плаціць гэтыя вар’яцкія грошы, якіх мы ня маем, то далей будзе адмена пастановы аб крымінальным перасьледзе кіраўнікоў арганізацыі аб нявыплаце падаткаў і потым разгляд справы пра ліквідацыю арганізацыі. А тады -- усе”.

Нагадаю, падатковая служба Маскоўскага раёну Менску патрабавала ад праваабарончай арганізацыі аплаты 75 тысяч даляраў у выглядзе падаткаў з грашовай дапамогі па лініі міжнароднай праграмы Эўрасаюазу ТАСІС. Праваабаронцы плаціць адмовіліся, бо паводле міжнародных дамоўленасьцяў падобныя акцыі не абкладаюцца падаткамі. Тройчы прадстаўнікі Тэміды розных узроўняў станавіліся на бок Беларускага Хэльсынскага камітэту. Спачатку гэтак вырашыў Менскі гаспадарчы суд, потым двойчы Вышэйшы гаспадарчы. Апошні раз -- сёлета ўлетку. Праваабаронцы ўжо прымалі віншаваньні, калі два месяцы таму зьявіўся пратэст Яўгена Смірнова. Намесьнік старшыні БХГ Гары Паганяйла не выключае, што гэта зьвязана з прызначэньнем прэзыдэнцкіх выбараў на 19 сакавіка.

(Паганяйла: ) “ Мы атрымалі 16-га сьнежня вечарам паведамленьне, што разгляд пратэсту прызначаны на 20-е. Хаця з часу падачы пратэсту мінула больш за 2 месяцы і былі парушаныя тэрміны разгляду. Відаць, нехта трымаў пытаньне на кантролі, убачыў, што праблема не вырашаная і аддаў загад тэрмінова вырашыць”.

Гары Паганяйла асабіста ня верыць, што прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду можа праявіць прынцыповасьць. А ці ёсьць увогуле выпадкі, калі ён задавольваў скаргі на рашэньні ўлады?

Былы старшыня канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў згадаў усяго некалькі такіх выпадкаў. Гэта калі Вышэйшы гаспадарчы суд абараніў прадпрымальніка з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча ды стаў на абарону таго ж Беларускага Хэльсынскага камітэту ў ягонай спрэчцы з падатковай службай. Аднак Міхаіл Пастухоў не згадаў ніводнага выпадку, каб адхілілі пратэст сябра прэзыдыюму, тым больш першага намесьніка старшыні суду. (Пастухоў: ) “ Відаць, што аддадзены загад на зьнішчэньне БГК, і справа гэтая прадвызначаная. Я так мяркую, хаця і спадзяюся, што будзе прынятае аб’ектыўнае рашэньне. Але спадзяваньняў ня шмат, улічваючы цяперашняе становішча”.
XS
SM
MD
LG