Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія дэмсілы накіруюць на выбары ў Беларусі да тысячы назіральнікаў


Алесь Дашчынскі, Менск Старшыня Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмсілаў Анатоль Лябедзька правёў у Маскве сустрэчы з кіраўнікамі Рэспубліканскай партыі Расеі Уладзімерам Рыжковым і Ўладзімерам Лысенка, а таксама са старшынём Агульнарасейскага грамадзянскага фронту Гары Каспаравым.

Нагадаем, на кангрэсе дэмсілаў у Менску лідэр Саюза правых сіл Мікіта Бялых заявіў пра гатоўнасьць дэлегаваць для ўдзелу ў выбарах да тысячы сваіх прыхільнікаў у якасьці агітатараў, тэхнолягаў, кансультантаў і назіральнікаў. Анатоль Лябедзька атрымаў пацьверджаньні гэтаму падчас сваёй паездкі ў Маскву, дзе ён выступіў на з’ездзе Рэспубліканскай партыі Расеі.

(Лябедзька: ) “Пляцоўка расейскіх дэмакратаў ня вельмі вялікая. Але разам з тым, гэта тыя людзі, якіх можна называць нашымі аднадумцамі. Я меў камунікацыі з тым жа Мікітай Бялых, ён яшчэ раз пацьвярджае, што іх арганізацыя гатова накіраваць вялікую колькасьць назіральнікаў у Беларусь. На гэты конт мы вялі размову і з кіраўніцтвам расейскіх рэспубліканцаў Уладзімерам Рыжковым. Яны таксама з улікам іх унутраных магчымасьцяў зацікаўлены ў тым, каб у Беларусі былі сапраўдныя выбары, была дэмакратыя. Яны таксама гатовы накіроўваць сваіх назіральнікаў. Не думаю, што гэта будзе сустрэта ветліва беларускім Цэнтравыбаркамам, беларускімі ўладамі…”

Расейскія дэмакраты гатовы аказаць садзеяньне ў арганізацыі рэальнага міжнароднага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. А які мяркуецца аб’ём гэтага ўдзелу? Гэтае пытаньне да кіраўніка Рэспубліканскай партыі Расеі Уладзімера Рыжкова. (Рыжкоў: ) “Безумоўна, расейская апазыцыя пастараецца маральна падтрымаць беларускую апазыцыю. Пастараецца неяк разам з беларускай апазыцыяй патрабаваць сумленных выбараў, аказаць нейкую інфармацыйную падтрымку, арганізацыйную, ня ведаю ў якой ступені, падумаем, што мы можам зрабіць”.

Ці вызначылася Расея, на каго яна паставіць на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі? Паводле спадара Рыжкова, 47 даляраў за расейскі газ для афіцыйнага Менску сьведчыць, што ўсё ўжо вырашана. Гэта азначае поўнаю падтрымку Аляксандра Лукашэнкі з боку расейскіх уладаў. (Рыжкоў: ) “Нягледзячы на тое, што Крэмль вызначыўся, але безумоўна, мы будзем падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі. Усім, чым можам”.

Прадстаўнікі беларускіх дэміслаў працягнуць свае кансультацыі ў Маскве, плянуюцца новыя візыты. Раней там ужо пабываў адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, які правёў шэраг сустрэчаў з расейскімі палітыкамі. А як ставіцца Уладзімер Рыжкоў да такога нечаканага прызначэньня даты выбараў – на 19 сакавіка?

(Рыжкоў: ) “Усе аўтарытарныя лідэры стараюцца прызначаць датэрміновыя выбары, для таго, каб засьпець зьнянацку сваіх супернікаў. Мы мелі такі ж прэцэдэнт у 2000 годзе, калі датэрмінова сышоў у адстаўку Ельцын і выбары адбыліся на тры месяцы раней. Безумоўна, гэта пагаршае пэрспэктывы апазыцыі, бо застаецца менш часу на падрыхтоўку да выбараў”.
XS
SM
MD
LG