Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2005 год – у галасах палітыкаў сьвету


Вячаслаў Ракіцкі, Прага На зыходзе 2005-ы год. Якім ён быў для сьвету? Як чалавецтва змагалася з гвалтам і адстойвала мір, перамагала галечу і прыродныя катастрофы? Ці стаў гэты год лепшым, болей камфортным для жыцьця чалавека на Зямлі? Ці дзейснымі былі сёлета адказы палітыкаў на выклікі 21-га стагодзьдзя? Шукаючы адказу на гэтыя пытаньні, варта ўзгадаць самыя важныя для міжнароднай супольнасьці падзеі, якія ўжо становяцца здабыткам гісторыі. У нашым эфіры – 2005 год у галасах палітыкаў сьвету.

cтудзень – сакавік

2 студзеня. Нью-Ёрк. Пасьля цунамі ў паўднёвай Азіі. Каардынатар ААН Ян Эгеланд паведамляе журналістам:

“Мы павінны забясьпечыць харчовай дапамогай прыблізна адзін мільён 800 тысяч людзей у пацярпелых краінах. Толькі за апошні дзень гэтая лічба вырасла амаль на сто тысяч. І яна будзе расьці надалей”.

***

18 студзеня. Тулуза. Францыя. Эўрапейская кампанія “Airbus” афіцыйна прэзэнтуе найбуйнейшы ў сьвеце пасажырскі самалёт А-380. Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр падкрэсьлівае:

“Гэта – найцікавейшы новы самалёт у сьвеце. Гэта – сымбаль эканамічнай моцы, тэхналягічных навінак, адданых працоўных кадраў і, перадусім, упэўненасьці ў тым, што мы можам канкураваць і перамагаць на ўсясьветным рынку”.

***

20 студзеня. Вашынгтон. Цырымонія інаўгурацыі прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Джордж Буш у сваёй прамове заяўляе:

“Захаваньне нашай свабоды ў вялікай ступені залежыць ад дасягненьня свабоды ў іншых краінах. Найлепшай надзеяй на мір на Зямлі можа быць толькі трыюмф свабоды ва ўсім сьвеце”.

***

23 студзеня. Кіеў. Віктар Юшчанка – новы прэзыдэнт Украіны – прымае прысягу, паклаўшы правую руку на Біблію – першую Бібліі, перакладзеную на ўкраінскую мову:

“Я, Віктар Юшчанка, волею народу абраны прэзыдэнтам Украіны, уступаючы на гэтую высокую пасаду – ўрачыста прысягаю на вернасьць Украіне. Я забавязваюся ўсімі сваімі справамі бараніць сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны, дбаць пра дабро Айчыны і дабрабыт украінцаў, адстойваць правы і свабоды грамадзянаў, прытрымлівацца Канстытуцыі Ўкраіны і законаў Украіны.”

***

30 студзеня. Багдад. Іракцы прагаласавалі за кандыдатаў у Нацыянальную Асамблею – парлямэнт краіны. У інтэрвію Радыё Свабода часовы прэзыдэнт Іраку Газі аль-Явар не хавае сваёй радасьці:

“Я – горды. Я – шчасьлівы. Я перажыў вялікую радасьць гэтай сьвятой раніцай. Віншую ўсіх іракцаў. І я кажу ім усім: Вы прагаласавалі за Ірак.”

***

10 лютага. Пхэньян. Паўночная Карэя абвяшчае, што яна мае ядзерную зброю. Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў афіцыйна заяўляе:

“ Мы зрабілі рашучы крок: выйшлі Пакту аб непашырэньні ядзернай зброі і вырабілі ядзерную зброю дзеля самаабароны, каб супрацьстаяць ўсё больш непрыхаванай палітыцы адміністрацыі Буша, скіраванай на ізаляцыю і задушэньня КНДР”.

***

14 лютага. Каір. У зьвязку з забойствам былога прэм’ер-міністра Лібану Рафіка Харыры генэральны сакратар Арабскай Лігі Амр Муса заяўляе:

“Я вельмі расстроены, што мы згубілі Рафіка Харыры, вялікага арабскага лідэра і вельмі паважанага лібанскага палітыка, які ўсё сваё жыцьцё служыў Лібану, арабскаму сьвету, агульнай арабскай справе і агульным арабскім інтарэсам. Гэта жахлівае злачынства.”

***

5 сакавіка. Рым. Падрабязнасьці забойства амэрыканскімі вайскоўцамі ў Іраку супрацоўніка італьянскіх спэцслужбаў на прэсавай канфэрэнцыі паведамляе прэм’ер-міністар Італіі Сільвіё Бэрлюсконі:

“Аўтамабіль нашых агентаў быў зусім побач з лётнішчам. Адзін з нашых агентаў размаўляў па тэлефоне з калегамі ў Італіі пра падрыхтоўку да адлёту самалётам, калі аўтамаббіль пад’ехаў да амэрыканскага КПП. Пачалася страляніна, некалькі куляў патрапілі ў аўтамабіль. Афіцэр спэцслужбаў Ніколя Каліпары прыкрыў сваім целам спадарыню Сгрэну. Куля патрапіла ў яго, сьмерць накступіла імгненна. Асколкі трапілі ў плячо спадарыні Сгрэны. І яшчэ два агенты агенты былі параненыя.”

***

24 сакавіка. Бішкек. Кіргізскі прэзыдэнт Аскар Акаеў уцёк з краіны ў выніку “тульпанавай рэвалюцыі”. Лідэр апазыцыі Тапчубек Тургуналіеў, зьвяртаючыся да людзей, гаворыць пра будучы ўрад краіны:

“Гэта будзе пераходны ўрад ці ўрад народнага ўратаваньня, ці кааліцыйны ўрад, у які ўвойдуць многія палітычныя партыі, пераважна з апазыцыйнай кааліцыі – Народнага Адзінства Кыргызстану.”

красавік – ліпень

2 красавіка. Ватыкан. Званы сабору Сьвятога Пятра абвясьцілі пра сьмерць Папы Яна Паўла Другога.

***

7 красавіка. Багдад. Новаабраны прэзыдэнт Іраку Джаляль Талябані прымае прысягу:

“Я клянуся Богу, што выканаю свае законныя абавязкі перад народам Іраку, яго небам, яго вадой, яго багацьцямі і яго фэдэральнай сыстэмай, што буду працаваць дзеля захаваньня грамадзянскіх і асабістых свабодаў, незалежнасьці судовай улады, і буду выконваць законы сумленна і нэўтральна. Бог – мой сьведка.”

***

19 красавіка. Ватыкан. З балкону да шматтысячнага натоўпу вернікаў на плошчы Сьвятога Пятра зьвяртаецца новы Папа Бэнэдыкт XVI.

“Дарагія браты і сёстры, пасьля вялікага Папы Яна Паўла Другога кардыналы абралі мяне – сьціплага і простага работніка на ніве Гасподняй.”

***

9 траўня. Масква. Красная плошча. Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін прамаўляе на ваенным парадзе ў гонар 60-годзьдзя Перамогі:

“Сьвята Перамогі – гэта самае роднае, самае шчырае і ўсенароднае сьвята ў нашай краіне. Для народаў былога Саюзу ён на вякі застанецца днём вялікага народнага подзьвігу. А для дзяржаў Эўропы і ўсёй плянэты – днём уратаваньня сьвету.”

***

13 траўня. Андзіжан. Расстрэл узбэцкімі ўрадавымі сіламі мірнай акцыі пратэсту. Кіраўнік узбэцкага прадстаўніцтва Інстытуту Вайны і Міру Галіма Бухарбаева паведамляе Радыё Свабода:

“Ужо дзесьці палова шостай было, калі людзі ўбачылі, што пад’яжджаюць БТРы. Усе сталі крычаць, уцякаць. Мы таксама пабеглі. І літаральна праз пяць хвілінаў сталі пад’яжджаць новыя БТРы. Яны пачалі страляць у сьпіны людзей. Кулі сьвісьцелі і вакол мяне. Гэта было жудасна.”

***

29 траўня. Парыж. Прэзыдэнт Францыі на тэлевізіі камэнтуе вынікі рэфэрэндуму, на якім французы выказаліся супраць канстытуцыі Эўрапейскага Зьвязу.

“Францыя дэмакратычным чынам выказала сваё меркаваньне. Вы ў сваёй бальшыні адрынулі Эўрапейскую канстытуцыю. Гэта – ваша сувэрэннае рашэньне, і я прымаю яго.”

***

25 чэрвеня. Тэгеран. Махмуд Ахмадзінеджад, пасьля паведамленьня пра ягоную перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах, заяўляе журналістам:

“Мы адкрываем, дзякуючы Алаху, новую эру ў палітычным жыцьці нашай краіны. Энтузіязм і разважлівасьць, прадэманстраваныя нашымі грамадзянамі ў часе выбараў, стануць пачаткам новага руху, які прывядзе іранскі народ да вышынь разьвіцьця і прагрэсу”.

***

2 ліпеня. Лёндан. Пол Макартні і гурт “U2” выступаюць з канцэртам у Лёндане ў падтрымку бяднейшых краінаў. Боб Гелдаф, арганізатар канцэртаў, прымеркаваных да саміту “вялікай васьмёркі” G-8, выказвае пазыцыю рок-музыкаў:

“Афрыка – гэта прыгнечаная меншасьць. Сёньня тое самае, што мы робім тут, у Гайд-Парку, робяць людзі ў Ёганэсбурзе, Таронта, Токіё, Бэрліне, Парыжы, Рыме і Філядэльфіі. Гэтым мы спрабуем спыніць вялікі прыгнёт вялікай меншасьці”.

***

6 ліпеня. Сынгапур. На паседжаньні Міжнароднага алімпійскага камітэту яго прэзыдэнт Жак Роге абвяшчае:

“Міжнародны алімпійскі камітэт мае гонар абвясьціць, што гульні 30-й Алімпіяды ў 2012 годзе адбудуцца ў горадзе Лёндане!”

***

7 ліпеня. Лёндан. Ахвярамі тэрарыстычных нападаў у лёнданскім мэтро і гарадзкіх аўтобусах сталі 56 чалавек. Мэр брытанскай сталіцы Кэн Лівінгстоўн заяўляе:

“Гэта не тэрарыстычны акт супраць лідэраў і ўладных асобаў. Гэтыя напады не былі накіраваныя супраць прэзыдэнтаў і прэм''ер-міністраў. Яны былі накіраваныя супраць звычайных жыхароў Лёндану: чорных і белых, мусульманаў і хрысьціянаў, індусаў і габрэяў, маладых і старых”.

жнівень – сьнежань

15 жніўня. Ерусалім. Ізраіль пачынае свой выхад з паласы Газы. У тэлевыступе прэм’ер-міністар Арыэль Шарон заяўляе:

“Аднабаковы выхад, які абвясьціў Ізраіль, – рэальнасьць. І яна ўжо ў бліжэйшай пэрспэктыве стане плённай для Ізраілю. Колькасьць ахвяраў з боку Ізраілю стане меншай”.

***

30 жніўня. Нью-Арлеан. Ураган “Катрына” дасягнуў узьбярэжжа ЗША і затапіў большую частку Новага Арлеану. Мэр гораду Рэй Нэйджэл паведамляе:

“Горад у бядзе. Магчыма, 80% яго плошчы – пад вадой. У некаторых раёнах – глыбіня каля шасьці мэтраў. Залітыя абодва лётнішчы. У гарадзкой дамбе – сур’ёзны пралом, таму вада працягвае прыбываць”.

***

18 верасьня. Кабул. Аўганістан абірае першы пасьля 1969 году парлямэнт краіны. Прагаласаваўшы, аўганскі прэзыдэнт Хамід Карзай заявіў:

“Для мяне, аўганца, вялікі гонар удзельнічаць у галасаваньні за дэпутата парлямэнту і за сябра правінцыйнай рады, якім я аддаў перавагу. Я галасую за людзей, якім давяраю, і рады, што гэта галасаваньне тайнае, і ніхто ня зможа запалохаць мяне.”

***

30 верасьня. Жэнэва. Спэцыялісты ў ахове здароўя афіцыйна заяўляюць, што магчымая пандэмія птушынага грыпу. Гаворыць прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі здароўя Дзік Томпсан:

“Нейкія дапушчэньні правільныя, а нейкія не. Усясьветная арганізацыя здароўя зрабіла свае ацэнкі. І мы раім краінам быць гатовымі да пандэміі, якая можа стаць прычынай ад двух да сямі і чатырох дзесятых мільёнаў сьмяротных выпадкаў”.

***

7 кастрычніка. Осьлё. Старшыня Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту Оле Данбольт М’ёс аб’яўляе ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру за 2005 год:

“Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт вырашыў, што Нобэлеўская прэмія міру за 2005 год будзе падзеленая на дзьве роўныя часткі паміж Міжнародным агенцтвам у атамнай энэргіі, МАГАТЭ, і яе генэральным дырэктарам Махамадам Аль-Барадэем за іх намаганьні ў папярэджаньні выкарыстаньня атамнай энэргіі ў ваенных мэтах і гарантаваньні, што атамная энэргія будзе служыць мірным мэтам”.

***

19 кастрычніка. Багдад. Пачынаецца судовы працэс над былым ірацкім дыктатарам. У сваім першым слове Садам Хусэйн заяўляе:

“Я ня буду адказваць у гэтым так званым судзе пры ўсёй маёй павазе да кожнага з вас асобна. Гэта маё законнае права як прэзыдэнта дзяржавы Ірак”.

***

3 лістапада. Парыж. Пасьля тыдню беспарадкаў у прадмесьцях францускай сталіцы, наладжаных моладзьдзю паўночнаафрыканскага паходжаньня, прэм’ер-міністар Францыі Дамінік дэ Вільпэн заяўляе журналістам:

“Прыярытэт у тым, каб аднавіць грамадзкі парадак, таму што далей гвалт недапушчальны. Я таксама хачу пачаць дыялёг”.

***

8 сьнежня. Брусэль. Генэральны сакратар НАТО Яп дэ Хоп Схефэр камэнтуе арышт былога харвацкага генэрала Антэ Гатовіны, абвінавачанага ў ваенных злачынствах:

“Арышт Гатовіны – добрая навіна для сьвету. Гэта добрая навіна, што ў рукі правасудзьдзя перададзены чалавек, якога абвінавачваюць у сур’ёзных злачынствах. Гэта добрая навіна ў тым ліку і для Харватыі.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG