Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Для здароўя самае галоўнае ня індэкс масы цела, а вузкая талія


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. У сёньняшнім выпуску: забудзьцеся пра вагу цела – кажуць амэрыканскія навукоўцы. Самы лепшы гарант вашага здароўя, гэта вузкая талія.

Ці Вам прыходзілася папускаць пояс на адну альбо болей дзірак? Ці не бывае так, што Вам штораз цяжэй завязаць абутак, і ўся вопратка становіцца занадта цесная ў таліі?

Калі такое здарылася, дык неадкладна ідзіце ў спартовую сэкцыю або фітнэс-клюб, і бярыцеся за фізычныя практыкаваньні. Навукоўцы пачынаюць усьведамляць значэньне таго, у чым жанчыны былі перакананыя цягам стагодзьдзяў: чым больш тонкая талія, тым лепей гэта для здароўя.

Праведзеныя цягам апошніх 10 гадоў дасьледаваньні пацьвердзілі, што дбайнасьць пра талію зьяўляецца доўгатэрміновым гарантам здароўя. Тоўсты жывот падвышае рызыку такіх хваробаў, як дыябэт, інсульт, гіпэртанія, астма, некаторыя відаў раку, і наагул павялічваюць рызыку заўчаснай сьмерці.

Дагэтуль меркавалася, што проста атлусьценьне і індэкс масы цела незалежна ад таго, дзе тлушч згуртаваўся, прыводзіць да сур’ёзных хваробаў і заўчаснай сьмерці. Паводле ж найноўшых дасьледаваньняў, найгоршым відам тлушчавых клетак зьяўляюцца тыя, якія знаходзяцца на жываце. Яны вельмі нэгатыўна ўзьдзейнічаюць на ўвесь арганізм, прыводзяць да зьменаў ў артэрыях, органах і клетках, і ў выніку да хваробаў сэрца, дыябету і некаторых відаў раку. Чым таўсьцейшы жывот, тым большая рызыка разьвіцьця гэтых хваробаў.

“Усё болей відавочна, што лякалізацыя тлушчу мае вырашальнае значэньне, і галоўным віноўнікам шэрагу хваробаў зьяўляецца менавіта тоўсты жывот” – кажа Джоан Мэнсан з Гарвардзкага ўнівэрсытэту.

Выснова, да якой прыйшлі вучоныя супадае з традыцыйным народным уяўленьнем пра правільныя формы цела. У мінулым, калі ежы вельмі часта не хапала, калі яе трэба было ўпаляваць, сабраць і зварыць, мужчынам і жанчынам было адносна лёгка ўтрымаць тонкую талію. З віктарыянскіх часоў, другой паловы 19-га стагодзьдзя, больш як 120 гадоў таму, ідэальная жаночая фігурай павінна была нагадваць пясочны гадзіньнік альбо скрыпку, пакуль ў 1960-я гады мінулага стагодзьдзя не наступіла мода на худзізну ва ўсім целе.

Што тычыцца амэрыканцаў, дык яны шырокія ў поясе, як ніколі раней. За апошнія 40 гадоў амэрыканцы патаўсьцелі ў поясе больш як на 10 сантымэтраў.

Паводле Нацыянальнага інстытуту здароўя ў ЗША, калі ў мужчыны ў поясе болей як 85,5 сантымэтра, а ў жанчыны болей за 80, яны неадкладна павінны пахудзець. Тым часам у ЗША 39% мужчынаў і больш як 60% жанчынаў перавышаюць гэтую норму. Часткова, гэта вынікае зь недаінфармаванасьці. Паводле апублікаванай ў верасьні справаздачы Усясьветнай фэдэрацыі здароўя, 6 зь 10 амэрыканцаў не ўсьведамляюць, наколькі тлушч на жываце небясьпечны для іхнага здароўя. Дагэтуль нават лекары рэкамэндавалі пахудзець у поясе ўсяго толькі 17% пацыентаў.

З дасьледаваньня праведзенага на 27 тысячах чалавек з 52 краінаў сьвету вынікае, што ня проста індэкс масы цела, але памер таліі дазваляе прадказаць, хто захварэе на сэрца, альбо дыябет. Нават у дзяцей ў залежнасьці ад шырыні ў поясе павялічваецца рызыка шэрагу мэтабалічных хваробаў.

Паводле Джоан Мэнсан з Гарвардзкага ўнівэрсытэту, тлушчавыя клеткі на жываце зьяўляюцца своеасаблівай фабрыкай гармонаў. “У мэтабалічным сэнсе гэта найболей актыўны тлушч” – кажа Мэнсан. Яны вырабляюць субстанцыі, які непасрэдна пранікаюць ў печань. У выніку павялічваецца апэтыт, расьце колькасьць так званага “дрэннага халестэрыну”, падвышаецца крывяны ціск і зьмяншаецца падатлівасьць арганізму на ўзьдзеяньне інсуліну.

Паводле вучоных, існуе сувязь і паміж лякалізацыяй тлушчу і ўзроўнем палавых гармонаў: мужчынскага андрагену і жаночага эстрагену. У жанчын тонкіх у таліі і таўсьцейшых у бёдрах, чыя фігура нагадвае скрыпку альбо ігрушу, як правіла вышэйшы ўзровень эстрагену.

З дасьледаваньня праведзенага летась ў Даніі на 3 тысячах мужчын і жанчын, вынікае, што рызыка мэтабалічных хваробаў значна ніжэйшая, калі тлушч знаходзіцца на нагах і бёдрах. Лекар-інтэрніст зь Філядэльфіі Марыё Сафард лічыць, што тлушч на бёдрах у жанчын засьцерагае іх ад сардэчна-судзінных хваробаў, затое ня мае ніякага станоўчага эфэкту ў мужчынаў. У жанчын, гэта своеасаблівы мэтабалічны рэзэрвуар. Іншыя навукоўцы лічаць, што гэтую тэорыя яшчэ трэба даказаць, аднак ўсе згодныя ў адным: калі нашая фігура пачынае нагадваць яблык, трэба гэты працэс спыніць.
XS
SM
MD
LG