Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвяжацца мех не на сьмех


Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Еду я неяк лятучкаю на сваё лецішча. Месьціцца яно між легендарным Коласавам, дзе ў 1930-я гады Тарашкевіча на Аляхновіча “зьмянялі”, і славутым Засульлем, дзе мелі сядзібу Сьвентажэцкія і, пазьней, Крупскія, дзе ў маленстве трохі жыў Карусь Каганец, па вяртаньні сям’і з табольскае высылкі. Еду я, гартаю сьвежыя “Запісы”. Пабачыла іх цётачка, якая побач сядзела, – разгаварыліся пра мову. Ну а тады, як часьцяком тое здараецца, пачала цётухна на сыноў наракаць, маўляў, гайдамачаць хлопцы маладыя гады, не даюць ёй, беднай ды гаротнай, унукаў. Разам з тым умела жанчына сама сябе й супакоіць, прыгадваючы адказ старэйшанькага: “Чакай, маці, прыйдзе час – разьвяжацца мех не на сьмех”.

Фразэма разьвяжацца мех не на сьмех афарбаваная тонкім досьціпам ды пекнай рыфмаю, ня зьбітая, а таму й вартая ўвагі сучасьніка. Фактычна яна скрыжавала ў сабе значэньні двух расейскіх выразаў: всему свое время i рог изобилия.

Мне спадабаўся сынаў адказ, толькі падумалася чамусь пра сваё. Як кажуць, чужая ж яечня – ня вечна: колісь дойдзем мы да Беларусі, колісь летнікаўцы, мае суседзі, паедуць у Засульле ня толькі ў грыбы, а насамперад каб зьмілаваць вока ўнікальнай разынкавай мазаікай шляхецкіх забудоваў. І вось тады насамрэч разьвяжацца мех не на сьмех.

А пакуль, нагадаю, калі трэба дасьціпна даць адчэпнага некаму альбо супакоіць кагосьці (маўляў, сваім часам усё будзе як сьлед), па-беларуску можна сказаць: разьвяжацца мех не на сьмех.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG