Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Бундэстагу: перанос выбараў на сакавік – гэта рэакцыя панікі


Радыё Свабода Напачатку новага году ў нямецкім Бундэстагу адбудуцца дэбаты па Беларусі. Пра гэта паведаміў “Свабодзе” нямецкі парлямэнтар, сябра фракцыі свабодных дэмакратаў Міхаэль Лінк. Як лічыць спадар Лінк, перанос Лукашэнкам тэрміну прэзыдэнцкіх выбараў ставіць перад новай камандай нямецкіх дэпутатаў найхутчэй выкласьці сваё стаўленьне да беларускага рэжыму.

Міхаэль Лінк цяпер рыхтуе адмысловы даклад па беларускай сытуацыі, які будзе агучаны ў часе парлямэнцкіх дэбатаў на пачатку будучага году.

Прыкладна месяц таму разам зь пяцьцю іншымі новаабранымі дэпутатамі Бундэстагу Міхаэль Лінк браў удзел у працы нямецка-беларускай канфэрэнцыі “Менскі форум – 2005”. Яшчэ тады нямецкі палітык выказаў свой намер актыўна займацца беларускім пытаньнем і пільнаваць, каб беларуская тэма была ў цэнтры ўвагі парлямэнтароў і грамадзкасьці Нямеччыны.

Паводле ягоных словаў, перанос выбараў на больш раньні тэрмін ёсьць, з аднаго боку, мэтанакіраваным жаданьнем рэжыму аслабіць апазыцыю, а з другога, праявай слабасьці самога рэжыму.

(Лінк:) “Прызначаныя на сакавік выбары – гэта рэакцыя панікі. Відавочна, што прэзыдэнт і ўрад лічаць, што калі выбары адбудуцца раней, то апазыцыя ня будзе сябе адчуваць ўпэўнена.

Улічваючы цяперашнюю сытуацыю зь незалежнымі мэдыямі, апазыцыйнымі партыямі, рэжым імкнецца канчаткова нэўтралізаваць сваіх апанэнтаў, максымальна скараціўшы час падрыхтоўкі да выбараў. Гэта відавочнае жаданьне аслабіць апазыцыю.

Аднак калі Лукашэнка вырашыў правесьці выбары значна раней, тут нічога ня зробіш. Адзінае, што могуць нямецкія ды эўрапейскія палітыкі, дык гэта трымаць сытуацыю пад кантролем.

У любым выпадку мы разьлічваем, што міжнароднае назіраньне мусіць адбыцца. І разам з тымі нямецкімі парлямэнтарамі, якія бралі ўдзел у “Менскім форуме – 2005” я хацеў бы прыехаць паназіраць за выбарчай кампаніяй ў Беларусі”.

Цяпер, як паведаміў Радыё Свабода спадар Лінк, ідзе падрыхтоўка да дэбатаў у беларускім пытаньні, якія мусяць адбыцца дзесьці ў студзені. Паводле яго, беларуская тэма павінна быць сярод першых на парадку дня, паколькі трэба найхутчэй вызначыць сваю пазыцыю. Разам з прадстаўнікамі іншых фракцыяў спадар Лінк цяпер рыхтуе сумесную заяву па Беларусі, і яе будуць абмяркоўваць напачатку новага году.
XS
SM
MD
LG