Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Ярмошынай не падабаюцца замежныя назіральнік? (абноўлены)


Альгерд Невяроўскі, Менск Увесь другі працоўны дзень пасьля абвяшчэньня даты прэзыдэнцкіх выбараў сябры Цэнтравыбаркаму адказвалі на пытаньні журналістаў,а таксама касультавалі арганізатараў выбараў і прадстаўнікоў камандаў прэтэндэнтаў. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына чакае прыезду ў Беларусь 700—800 міжнародных назіральнікаў.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік сёньня паведаміў, што ягоныя калегі цяпер даюць кансультацыі ў справе фармаваньня выбарчых камісіяў і ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў. Таксама ідзе працэс вырабу выбарчай дакумэнтацыі, мэтадычных рэкамэндацыяў і г.д. Спадар Лазавік пакуль ня ведае, колькі замежных назіральнікаў прыедуць у Беларусь на прэзыдэнцкія выбары, але ўпэўнены, што яны будуць На маё пытаньне, ці будуць запрошаныя назіральнікі ад АБСЭ, Эўразьвязу, Рады Эўропы ды іншых вядомых міжнародных арганізацыяў, Мікалай Лазавік адказаў:

(Лазавік: ) “Калі гэта будуць назіральнікі, а ня ўдзельнікі палітычнага працэсу, то чаму б і не. Мы заўсёды адкрытыя для супрацоўніцтва”.

А вось старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына чакае, што ў Беларусь прыедзе прыкладна 700—800 міжнародныых назіральнікаў, столькі ж было на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году і рэфэрэндуме ў 2004-м. “Непрапарцыйна вялікая колькасьць міжнародных назіральнікаў, як гэта было на выбарах прэзыдэнта ва Ўкраіне, працуе не на карысьць выбарчага працэсу, а перашкаджае яму, ствараючы пэўную палітызаванасьць”, — перадае словы Лідзіі Ярмошынай расейская агенцыя ИТАР—ТАСС. Старшыня ЦВК таксама зазначыла, што ня мае права абмяжоўваць колькасьць назіральнікаў, бо гэта не прадугледжана міжнароднымі стандартамі.

Назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі будуць прадстаўнікі незарэгістраванай беларускімі ўладамі грамадзкай ініцыятывы “Партнэрства”. Намесьніца старшыні ініцыятывы Эніра Браніцкая гаворыць, што іх валянтэры зьбіраюцца наведаць 25% выбарчых участкаў па ўсёй краіне:

(Браніцкая: ) “Мы будзем рабіць тое, што плянавалі. Можа быць, гэта будзе ў скарочаным варыянце, але будзем рабіць усё паводле пляну. Назіраньне будзе. Плянуем пакрыць 25% ад усіх участкаў. У гэтым годзе будуць назіраць і новыя людзі. Мы заўсёды намагаемся запрашаць новых людзей, каб спрабавалі назіраць і бачылі, што адбываецца”.

Эніра Браніцкая таксама сказала, што на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусь зьбіраюцца прыехаць прадстаўнікі эўрапейскай сеткі назіраньняў за выбарамі ENEMO.

Назіраньне за выбарамі будуць праводзіць таксама ўпаўнаважаныя камандаў кандыдатаў. Так, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч ужо заяўляў, што выставіць шмат сваіх назіральнікаў. За правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў будуць сачыць і прыхільнікі адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Гаворыць кіраўнік прэсавага цэнтру штабу адзінага кандыдата Сяргей Вазьняк:

(Вазьняк: ) “Мы будзем выстаўляць назіральнікаў, натуральна. Будзем рабіць усё тое, што прадугледжана Выбарчым кодэксам. Усе ўчасткі пакрываць ня будзем, бо гэта 7000 участкаў. Тым больш, калі ўчастак у глухой вёсцы, дзе 100% прагаласуюць датэрмінова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG