Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністры Беларусі й Расеі правялі сустрэчу “сам-насам”


Алесь Дашчынскі, Менск У Маскве адбылася сустрэча прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі Сяргея Сідорскага і Міхаіла Фрадкова. Спачатку яна праходзіла ў фармаце “сам-насам”, пасьля чаго пачалося пашыранае паседжаньне саюзнага савету міністраў. На парадак дня вынесена васямнаццаць пытаньняў. Якія канкрэтныя вынікі?

Акрамя прэм’ера Беларусі Сяргея Сідорскага, сёньня ў Маскву прыбыў кіраўнік ураду Ўкраіны Юры Еханураў. На першым пляне зноў апынуліся праблемы паставак газу. Расейскі бок патрабуе, каб Украіна плаціла за газ па значна больш высокіх, рынкавых коштах.

Зусім іншая сытуацыя адносна Беларусі. На прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы з расейскім прэм’ерам Сяргей Сідорскі заявіў, што Расея паставіць Беларусі ў наступным годзе 21 мільярд кубамэтраў газу па льготных леташніх коштах — 46,68 даляраў за 1 тысячу кубамэртаў. Гэтыя парамэтры паставак прадугледжаны паліўна-энэргетычным балянсам, зацьверджаным саюзным саветам міністраў.

Сяргей Сідорскі паведаміў, што дадзеныя даручэньні “Газпрому” і “Белтрансгазу” ў падрыхтоўцы адмысловых дакумэнтаў і цяпер гэтыя дакумэнты афармляюцца ў “Газпроме”. Раней паўнамоцны прадстаўнік кіраўніка Беларусі Васіль Даўгалёў прагназаваў, што гэты кантракт можа быць падпісаны да паседжаньня саюзнага саўміну. Кіраўнік прэсавай службы “Газпрому” Сяргей Купрыянаў.

(Купрыянаў: ) “Перамовы ідуць добра, працуем, усё будзе нармальна. Пакуль больш дэталёвых камэнтароў у мяне ня будзе. Трэба дачакацца, калі будзе падпісаны кантракт. Я думаю, што гэта будзе бліжэйшым часам”.

Паводле прэм’ера Расеі Міхаіла Фрадкова, Расея зацікаўлена ў паглыбленьні супрацоўніцтва зь беларускім бокам ў паліўна-энэргетычнай галіне на доўгатэрміновай аснове. Ён адзначыў, што ў расейскіх прадпрыемстваў ёсьць пляны ў разьвіцьці і ўмацаваньні адносінаў у энэргетычнай сфэры. Чым тлумачыцца актывізацыя дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Масквой? Пытаньне да эканаміста Яраслава Раманчука:

(Раманчук: ) “Перш за ўсё афіцыйнаму Менску трэба было дамагчыся палітычнага пагадненьня ў правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў з аднаго боку. І ў кантэксьце таго, што робіцца з Украінай, проста спэкулятыўна падысьці да гэтага пытаньня і зрабіць цану на газ 47 даляраў. Лукашэнка выкарыстаў газавую вайну паміж Расеяй і Украінай. Яшчэ раз пацьвердзіў слабасьць палітыкі Расеі датычна Беларусі і ўвогуле краінаў СНД. Я думаю, што Расея, пагадзіўшыся на ўмовы Лукашэнкі наконт прэзыдэнцкіх выбараў і газу, будзе дамагацца выкананьня нейкіх іншых рашэньняў”.

Паводле прэсавага сакратара Паўла Барадзіна Івана Макушка, на сёньняшнім саўміне не закраналася пытаньне маючых адбыцца выбараў у Беларусі і падрыхтоўкі саюзнага канстытуцыйнага акту. Да палітычных пытаньняў мусяць вярнуцца кіраўнікі Беларусі і Расеі на сваёй сустрэчы, плянаванай на 19 студзеня.

(Макушок: ) “На найвышэйшым дзяржсавеце ў студзені ў Пецярбургу будзе разглядацца пытаньне пра рэфэрэндум па канстытуцыйным акце, будзе разглядацца пытаньне пра адзіную валюту. Але гэта ўжо палітычныя пытаньні. А цяпер мы вырашалі практычныя пытаньні, зьвязаныя зь бюджэтам саюзнай краіны і забесьпячэньнем роўных правоў грамадзянаў”.

Падсумоўваючы вынікі саўміну, эканаміст Леанід Злотнікаў цьвердзіць, што ўзгоднены саюзны бюджэт вельмі малы.

(Злотнікаў: ) “Гэта вельмі малая лічба, каб істотна паўплываць на эканоміку Беларусі. Мы бачым, што даўно працягваюцца гэтыя сустрэчы, але нічога не мяняецца. Нічога такога істотнага не адбылося”.
XS
SM
MD
LG