Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўныя групы ствараюць Гайдукевіч, Казулін, Мілінкевіч, Пазьняк, Фралоў


Валер Каліноўскі, Менск Аб фармаваньні ініцыятыўных групаў для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах на гэты момант заявілі пяць палітыкаў: старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, кіраўнік БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін, адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк, экс-дэпутат Валеры Фралоў. Аднак Сяргей Гайдукевіч заявіў нашаму радыё, што яшчэ ня вырашыў канчаткова, ці будзе зьбіраць подпісы і балятавацца.

Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня правёў паседжаньне палітычнай рады кааліцыі і свайго перадвыбарчага штабу. Фармальны старт сваёй перадвыбарчай кампаніі ён ацаніў станоўча, паколькі кааліцыя рыхтавалася і да пераносу выбараў на вясну:

(Мілінкевіч: ) “Каб чалавека ўключыць у сьпіс ініцыятыўнай групы, трэба з кожным перагаварыць, каб ён потым не адмовіўся. Сьпісы ж нашых актывістаў даўно ёсьць. Гэтая праца цяпер робіцца, таму ня будзе такой вялікай групы, як я спадзяваўся. Я думаў, што да лета “раскруцілі” б яе на 10 тысяч чалавек. Будзе менш. Але будзе ня сотня, а тысячы”.

Спадар Мілінкевіч паведаміў, што папулярная праграма адзінага кандыдата, зь якой будуць хадзіць па кватэрах, гатовая, а больш грунтоўны праграмны дакумэнт будзе падрыхтаваны да пачатку збору подпісаў.

Аляксандар Мілінкевіч у сваёй кампаніі ўскладае спадзеў на пэрсанальныя кантакты валянтэраў з выбаршчыкамі.

(Мілінкевіч: ) “Цяпер мы заклікаем дапамагчы нам тых людзей, што ўжо хочуць, ужо вызначыліся, толькі ня ведаюць, куды зьвярнуцца. І такіх людзей даволі шмат: на сайт прыходзяць прапановы, у нашы мясцовыя штабы. Ёсьць новыя людзі, і гэта самае галоўнае”.

БСДП “Грамада” таксама актыўна займаецца арганізацыйнай працай, паведаміў кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб.

(Грыб: ) “Часу вельмі мала, а ініцыятыўную групу мы маем намер стварыць і падаць на рэгістрацыю. Мы зьбіраемся сабраць у яе пару тысяч чалавек”.

Мечыслаў Грыб мяркуе, што вакол яго кандыдата зьбяруцца ня толькі прадстаўнікі іх партыі, але і шэрагу грамадзкіх аб’яднаньняў.

Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч паведаміў, што ў ягонай ініцыятыўнай групе ўжо ёсьць 2,5 тысячы сябраў, што створаныя перадвыбарчыя штабы амаль ва ўсіх раёнах краіны, але канчатковае рашэньне аб удзеле ў выбарах ім пакуль не прынятае. Спадар Гайдукевіч кажа, што да канца тыдня ён яшчэ будзе вывучаць сытуацыю, бо не хацеў бы, каб ягоны ўдзел выглядаў як нейкі сцэнар.

(Гайдукевіч: ) “Я ініцыятыўную групу зьбяру, як і абяцаў, я ж абавязаны паказаць, што структуры ёсьць… Але рашэньня яшчэ не прыняў. Калі будзе несур’ёзная сытуацыя, то я браць удзелу ня буду”.

Кіраўнік штабу Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў зазначыў, што ініцыятыўная група ягонага кандыдата будзе сфармаваная ў дастатковай колькасьці, каб сабраць подпісы.

(Папкоў:) “Самае галоўнае — рыхтаваць людзей да змаганьня. Гэта ж ня выбары. Хто лічыць, што гэта выбары, той памыляецца. Трэба гуртаваць людзей да змаганьня”.

Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў генэрал Валеры Фралоў таксама зьбірае сваю ініцыятыўную групу. Датэрміновае прызначэньне выбараў, кажа ён, прынесла пэўныя нязручнасьці:

(Фралоў: ) “Няўтульная сытуацыя, але затое гэта добрая праверка на мабілізацыйныя здольнасьці”.

Інфармацыі пра пачатак фармальнай перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі пакуль няма.

Гл. таксама • П.Краўчанка, Н.Машэрава, А.Ярашук адмовіліся ад прэзыдэнцкіх амбіцый
XS
SM
MD
LG