Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзед Мароз загаворыць па-беларуску толькі ў Доме літаратара


Галіна Абакунчык, Менск У дзяржаўных установах і арганізацыях Менску навагоднія дзіцячыя ранішнікі будуць праходзіць выключна на расейскай мове. Улічваючы гэта, многія беларускамоўныя сем’і распачалі самастойную падрыхтоўку навагодняй імпрэзы для дзяцей па-беларуску. Адной з найбольшых цяжкасьцяў для арганізатараў сталася вялікая колькасць ахвотных узяць удзел у сьвяткаваньні й адсутнасьць адпаведнага памяшканьня.

У Палацы рэспублікі навагоднія дзіцячыя імпрэзы распачынаюцца гэтымі днямі й завершацца ўжо ў наступным годзе. Усе яны будуць праходзіць толькі па-расейску, паведаміла супрацоўніца адміністрацыі Ірына.

(Ірына: ) “З 21 сьнежня да 6 студзеня ўключна штодня па два сэансы. Імпрэза называецца “Сьнягурачка ў дзясятым каралеўстве”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у вас беларускія ранішнікі для беларускамоўных дзяцей?”

(Ірына: ) “Не, у нас ня будзе. Гэта ж не ад мяне залежыць, а ад арганізатараў. Мы толькі даем памяшканьне і ўсё”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто ёсьць арганізатарамі?”

(Ірына: ) “Гэта праз гарвыканкам нейкія тэатральныя калектывы робяць такія спэктаклі”.

Яшчэ адна буйная канцэртная пляцоўка краіны, Палац прафсаюзаў, таксама прапануе расейскамоўную праграму, кажа супрацоўніца аддзелу арганізацыі Кацярына Шычаніна.

(Шычаніна: ) “Мы плянуем адну вялікую навагоднюю імпрэзу, таму гаворкі не вялося пра тое, каб асобна на беларускай, асобна на расейскай мове. Нават пытаньне ў нас так не стаяла. Не магу нават нічога сказаць, хто такое можа рабіць. Няма ў нас такой інфармацыі”.

Прыкладана тое ж паведамілі ў Белдзяржцырку. У Тэатры юнага гледача дзеці пабачаць беларускамоўны спэктакль, але карагоды вакол елкі тут не прадугледжаныя.

З-за адсутнасьці беларускамоўных навагодніх імпрэзаў некаторыя сем’і другі год запар рыхтуюць іх самастойна. Гаворыць адна з арганізатарак Крысьціна Вітушка:

(Вітушка:) “Для многіх гэтае сьвята прынцыпова-важнае: адзіная магчымасьць падтрымаць кантакт з братамі па розуму — гэта прыйсьці на навагодняе сьвята. Фактычна, раз на год такія сустрэчы адбываюцца, а таму на іх ускладаюцца вялікія надзеі. Людзі хочуць, каб хоць раз на год у іх было сьвята, якое мусіць быць”.

Паводле спадарыні Вітушкі, сьвяточную праграму, салодкі стол і ўпрыгожваньне залі бацькі рыхтуюць сваімі сіламі на ўласныя складкі. На першую беларускую елку ў мінулым годзе прыйшлі каля сарака сем’яў, а сёлета жадаюць далучыцца шмат новых. Таму адной з праблемаў было знайсьці адпаведнае памяшканьне. Сёньня стала вядома, што елка для дзяцей па-беларуску адбудзецца ў Доме літаратара.
XS
SM
MD
LG