Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталіцкага сьвятара выганяюць зь Беларусі


Міхал Стэльмак, Барысаў, Менская вобласьць Пробашчу каталіцкай парафіі ў Барысаве айцу Робэрту Кшывіцкаму, які зьяўляецца грамадзянінам Польшчы, адмоўлена ў падаўжэньні візы на 2006 год. Сьвятар лічыць гэтае рашэньне беларускіх уладаў палітычным. Барысаўскія вернікі і моладзь пачалі збор подпісаў за яго адмену.

Айцец Робэрт працуе ў Беларусі больш за дзесяць гадоў. У Барысаве ён узначальвае каталіцкую парафію Зыходжаньня Сьвятога Духа:

(а.Робэрт: ) “Мяне выганяюць зь Беларусі. Я павінен пакінуць Беларусь да 31 сьнежня. На наступны год мне не падоўжылі візы. Выганяюць мяне за маю актыўнасць у Інтэрнэце і за арганізацыю моладзевых сустрэчаў. Я не спадабаўся ўладам і зьяўляюся “пагрозай для дзяржавы”.

Паводле айца Робэрта, на падаўжэньне яго знаходжаньня ў Беларусі не пагадзіўся Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. Чаму? Па тлумачэньне я зьвярнуўся да намесьніка старшыні камітэту Ўладзімера Ламекі:

(Ламека: ) “Ёсьць працэдура ўзгадненьня. Зь мясцовымі ўладамі, а, калі трэба, потым з намі. Але калі не ўзгадняеццца, відаць, ёсьць нейкія прычыны. Але я, на жаль, не валодаю гэтай інфармацыяй і не магу нічога сказаць”.

Вестка пра тое, што айца Робэрта прымушаюць зьехаць зь Беларусі, атрымала шырокі розгалас у асяродзьдзі барысаўскіх каталікоў і мясцовай моладзі. Як паведаміў каталіцкі вернік і лідэр моладзевага дэмакратычнага руху Барысава Зьміцер Бародка, у горадзе пачаўся збор подпісаў супраць гэтага рашэньня:

(Бародка: ) “Інфармацыя пра тое, што пробашчу барысаўскай парафіі, айцу Робэрту не падоўжылі візы, выклікала вялікае абурэньне. З ініцыятывы вернікаў пачаўся збор подпісаў. Яго ведаюць як вельмі сумленнага чалавека, чалавека цікавага. Айцец Робэрт быў не зусім падкантрольны ўладам, яго папярэджвалі, што ў сваіх казанях ён выказваецца даволі вольна, без усялякіх купюраў. Гэта выклікала інтарэс да гэтых казаняў. Людзі адмыслова ішлі на айца Робэрта, каб яго паслухаць, натхніцца, разабрацца ў нейкіх абставінах свайго жыцьця, жыцьця краіны. І нібыта камусьці падалося, што мела месца крытыка дзейнай улады”.
XS
SM
MD
LG