Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прэзыдэнцкія выбары прызначылі на чатыры месяцы раней меркаванага тэрміну?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Іван Пашкевіч і былы начальнік дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Пласкавіцкі.

(Эфір 16-га сьнежня)

(Валер Карбалевіч: ) “Вось нарэшце сёньня стала зразумела, нашто ўчора Лукашэнка езьдзіў да Пуціна. Хоць апошнім часам на гэты конт хадзіла шмат чутак, аднак прызначэньне прэзыдэнцкіх выбараў на сакавік сталася нечаканкай. У жніўні старшыня Цэнтравыбаркаму Ярмошына ў інтэрвію газэце “Звязда” заявіла, што выбары адбудуцца прыкладна 16 ліпеня. Па ўсім адчуваецца, што ўсё памянялася ў апошні момант. І ўзьнікае натуральнае пытаньне: навошта ўлады прысьпешылі гэтую падзею? Усе папярэднія прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары праходзілі дакладна ў тэрміны, вызначаныя Канстытуцыяй 1996 году, хоць таксама прагнозаў наконт датэрміновага іх правядзеньня было шмат. Што здарылася цяпер?”

(Іван Пашкевіч: ) “Нельга лічыць, што рашэньне аб правядзеньні выбараў 19 сакавіка прызначана нечакана. Я лічу, што кіраўнік дзяржавы да гэтай кампаніі ня толькі падрыхтаваўся, але ўжо яе і вядзе некалькі месяцаў вельмі актыўна. Чаму ў сакавіку? 19 сакавіка — гэта самая выгадная для ўлады дата. Шчыра кажу, я чакаў такога рашэньня.

Тут трэба разважаць у кантэксьце электаральных групаў. Напрыклад, возьмем вёску. Што такое сакавік для вяскоўцаў? Гэта падрыхтоўка да сяўбы, амаль сьвяточныя клопаты. Як у нас людзі кажуць — дзякуй Богу, перазімавалі. Гэта выдзяленьне вялікіх грошай для такой справы. Будзе сэлектарная нарада ў падрыхтоўцы да сяўбы з выступам Лукашэнкі. Яе пакажуць па тэлевізіі. Губэрнатары будуць расказваць, як усё добра на вёсцы, як увайшлі ў вясну. Гэтым жыве вёска. І правядзеньне пасяўной кампаніі ў рамках перадвыбарчай кампаніі — гэта на карысьць дзейнаму кіраўніку.

Возьмем іншую электаральную групу: жыхароў гарадоў. Яны таксама думаюць пра сваіх вясковых бацькоў. Таму будзе спрыяльна лавіцца кожнае слова кіраўніка дзяржавы наконт папулісцкіх даручэньняў мясцовым уладам, што трэба дапамагчы вяскоўцам, не пакінуць па-за ўвагай ніводнага чалавека. Нарэшце, студэнты будуць на месцы, і яны павінны прагаласаваць датэрмінова”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Пласкавіцкі, вам, як юрысту, такое пытаньне: Як гэтае рашэньне стасуецца зь беларускім заканадаўствам? І чаму ўлады прызначылі выбары не на ліпень, а на сакавік?”

(Аляксандар Пласкавіцкі: ) “Заканадаўству гэта адпавядае цалкам. Таму што нашай Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам прадугледжана, што прэзыдэнцкія выбары праводзяцца не пазьней як за два месяцы да сканчэньня пяцігадовага прэзыдэнцкага тэрміну. Таму ўсё, што не пазьней за два месяцы, у тэрмін. У цяперашніх уладаў існуе стэрэатып, што выбары трэба праводзіць альбо рана вясной, альбо позна восеньню. Чаму выбары ў сакавіку выгадныя ўладзе? Таму што менш трэба мучыцца, ня трэба заглядаць далёка ў будучыню. Ня трэба доўга трымаць цэны ад павышэньня. Ня трэба рабіць вялікіх выдаткаў, таму што няма часу для гэтага.

Такое рашэньне вельмі адпавядае псыхалёгіі сёньняшняй улады. Таму што гэта вельмі зьняважліва для ўсіх апанэнтаў. Яны рыхтаваліся да ліпеня, да апошняга тэрміну, у які можна паводле заканадаўства правесьці выбары. А тут вырашана правесьці раней. І цяпер ня будзе ў апанэнтаў ніякіх сьвятаў, ні Новага году”.

(Карбалевіч: ) “Акрамя стварэньня цяжкасьцяў для апанэнтаў, экспэрты называюць яшчэ адну прычыну. У гэты ж час пройдуць парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне, што павінна адцягнуць увагу міжнароднай грамадзкасьці ад сытуацыі ў Беларусі. У любым выпадку, падаецца, што ў гэтым рашэньні для Лукашэнкі мінусаў больш, чым плюсаў. У сакавіку грамадзяне яшчэ будуць плаціць за камунальныя паслугі па зімовых тарыфах. Апазыцыйны электарат, найперш, студэнты, застаюцца ў буйных гарадах, а ў ліпені шмат іх разьяжджаецца. Акрамя таго, улады самі не гатовыя да выбараў: не разгорнутыя сацыяльныя праграмы і выплаты, не праведзеная да канца зачыстка палітычнай прасторы ад магчымых апанэнтаў, не праведзены Ўсебеларускі народны сход. Але самае галоўнае, гэтым рашэньнем Лукашэнка дэманструе ўсім, найперш, намэнклятуры і Маскве, што ён чагосьці баіцца, што ён няўпэўнены, хоць увесь час і ён, і дзяржаўная прапаганда спрабуе ўпэўніць, што перамога дзейнага кіраўніка фатальна прадвызначана.

Хоць баяцца, здавалася, б няма чаго. Рэйтынг Лукашэнкі — за 40%, а рэйтынгі ягоных апанэнтаў, у тым ліку і адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Мілінкевіча, невялікія. Тым ня менш, кіраўнік дзяржавы вырашыў, што плюсы ад такога рашэньня пераважаюць над мінусамі. Як вы гэта пракамэнтуеце?”

(Пашкевіч: ) “Тое, што вы адзначылі, асабліва адносна эканамічных праблемаў, гэта памылковая думка ўсёй апазыцыі. Асноўны сэнс гэтага рашэньня — гэта шчыльнае правядзеньне кампаніі. Часу засталося мала. Трэба сапраўды забыцца пра сьвяты — і ад адміністрацыі прэзыдэнта да райвыканкамаў сур’ёзна працаваць.

І як былы галоўны ідэоляг краіны, я магу па пунктах пералічыць, што цяпер пачне рабіць улада. Па вёсках паедуць інфармацыйныя групы на чале з прадстаўнікамі найвышэйшай улады. Пачнуцца сходы ў калгасах, на прадпрыемствах, у студэнцкіх калектывах. Будуць прымацца і друкавацца звароты да Аляксандра Рыгоравіча з заклікам удзельнічаць у выбарах. Потым будзе прыняты зварот Фэдэрацыі прафсаюзаў і БРСМ. Пасьля гэтага прымуць рашэньне аб скліканьні Ўсебеларускага народнага сходу. Падрыхтоўка да яго — гэта вялікая палітычная кампанія, якая дасьць дзейнаму кіраўніку вялікі рэйтынг. Адбудзецца сам сход, які зьбярэ ня менш за 5000 чалавек. Зноў будзе прыняты зварот да Лукашэнкі аб ягоным вылучэньні.

А потым сэлектарная нарада, выезд Лукашэнкі на сяўбу, дзьве-тры ягоныя лекцыі ва ўнівэрсытэтах. Вось такі плян выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. І калі ён будзе выкананы за два-тры месяцы, то нельга сумнявацца ў перамозе дзейнага кіраўніка.

Наконт выбараў ва Ўкраіне адначасова зь беларускімі выбарамі. Канечне, увага з боку АБСЭ, іншых структураў будзе пераключаная зь Беларусі на Ўкраіну, нагляд за тутэйшымі выбарамі ня будзе такі пільны.

Нарэшце, уплыў расейскага чыньніка. Канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай з-за цэнаў на газ — гэта вельмі добры фон для прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Вось учора Пуцін і Лукашэнка сустракаліся ў Сочы. Калі б і трэба было схаваць, якое галоўнае пытаньне абмяркоўвалася там, то беларуская тэлевізія ад сваёй наіўнасьці гэта сказала. Расейскі чыньнік вельмі важны як для Лукашэнкі, так і для апазыцыі. Тут уся перавага на баку дзейнага кіраўніка. Наша апазыцыя ў гэтым сэнсе прайграла, яшчэ не ўступіўшы ў прэзыдэнцкую кампанію”.

(Пласкавіцкі: ) “Мінусы для ўлады ў гэтым рашэньні ёсьць. Але яны невялікія і лёгка ператвараюцца ў плюсы. Вы казалі, што ён баіцца. Магчыма, што і так. Таму што некаторыя ўчынкі нельга асэнсаваць, калі ня ўлічваць чыньніка псыхалягічнага. Усебеларускі народны сход можна правесьці ў рамках перадвыбарчай кампаніі. Што тычыцца зімовых камунальных тарыфаў, то гэта для ўлады ня страшна. Бо яны цяпер у параўнаньні з заробкам ня вельмі вялікія. А ў сакавіку можна ўвесьці новыя зімовыя тарыфы. Яны будуць дзейнічаць у сакавіку і красавіку. А пасьля будуць дзейнічаць летнія тарыфы, якія могуць стаць ня меншымі, чым зімовыя. Гэта цалкам магчыма”.

(Карбалевіч: ) “Што такое рашэньне азначае для ўсіх патэнцыйных апанэнтаў Лукашэнкі? Пакуль афіцыйна заявілі аб удзеле ў прэзыдэнцкіх выбарах толькі спадары Мілінкевіч, Гайдукевіч і Пазьняк. Ці хопіць ім, а таксама іншым магчымым прэтэндэнтам, часу на тое, каб разьвярнуць кампанію?”

(Пашкевіч: ) “Я ўжо сказаў, што апазыцыя прайграла кампанію, не пачаўшы яе. Таму няма падставаў разьлічваць на перамогу Мілінкевічу, Гайдукевічу і іншым. Перамогу атрымае дзейны прэзыдэнт з галасамі 89—92%”.

(Пласкавіцкі: ) “Да апанэнтаў трэба ставіцца па-рознаму. Такіх кандыдатаў, як Мілінкевіч, чакае палітычная сьмерць. Калі зьявіцца нейкі герой сярод дэмакратаў, гэта будзе на карысьць дэмакратычнай справе ў Рэспубліцы Беларусі. Што тычыцца Пазьняка і Гайдукевіча, то гэта вечна жывыя ўдзельнікі ўсіх прэзыдэнцкіх кампаніяў. Для іх нічога ня зьменіцца”.

(Карбалевіч: ) “А ці можа зьявіцца нейкая новая нечаканая асоба падчас гэтай кампаніі?”

(Пласкавіцкі: ) “Калі і зьявіцца нейкая новая асоба, то я ня думаю, што гэта будзе сур’ёзна. Таму шанцаў атрымаць перамогу вельмі мала. Таму што суадносіны сілаў будуць не на карысьць гэтай асобы. Улада назьбірала вялікія рэсурсы. І пачынаць барацьбу ў такіх умовах — гэта несур’ёзна. Таму што ў ніводнага апанэнта рэжыму няма такіх грошай, каб весьці барацьбу як роўныя”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, рашэньне аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка азначае рэзкае паскарэньне і абвастрэньне палітычных працэсаў у краіне. Беларусь уступае ў пэрыяд кароткай і напружанай палітычнай кампаніі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG