Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Баюся, каб не забаранілі слухаць Радыё Свабода”


Валянцін Жданко, Менск У Беларусі набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары, а разам зь імі і час, калі пачнуць дзейнічаць палітычныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, прыняцьця якіх запатрабаваў ад дэпутатаў прэзыдэнт Лукашэнка. Паводле новага заканадаўства, турэмным зьняволеньнем будуць карацца, у прыватнасьці, асобы, абвінавачаныя ў так званай “дыскрэдытацыі Беларусі” — распаўсюдзе зьвестак, якія суд палічыць заведама непраўдзівымі і зьневажальнымі для органаў беларускай улады. На гэтую тэму — многія лісты, якія мы атрымліваем у гэтыя сьнежаньскія дні.

Агляд пошты пачну з допісу Ўладзімера Чухрая зь Менску. Слухач піша:

“Дажыліся, дачакаліся! Але гэта, як кажуць, яшчэ кветачкі — ягадкі будуць наперадзе. Далей, на маю думку, прадоўжыцца зьнішчэньне ўсіх тых, хто пакуль піша праўду ў друку. Яшчэ дзякуй Богу, што ёсьць кароткахвалевы прыймач і ваша радыё — адзіная крыніца інфармацыі. Але і за вас баюся. Успамінаю адзін даўні савецкі фільм пра час нямецкай акупацыі. Там было паказана, як немцы хадзілі па хатах і забіралі радыё, каб людзі ня чулі навінаў з усходняга фронту. Няўжо да гэтага можа дайсьці і ў нас? Жудасна! Хочацца сказаць людзям: “Матайце на вус, таварышы-сябры. Галасуйце ў наступным годзе так, як падказвае сумленьне”. А калі здарыцца так, што большасьць прагаласуе за дэмакратыю і ўлада паспрабуе сфальшаваць вынікі, дык людзей выведзе на вуліцу не апазыцыя, а само адчуваньне крыўды і абразы. Я так думаю”.

Ня думаю, спадар Чухрай, што справа дойдзе да канфіскацыі прыймачоў. Да гэтага не дадумаліся нават у хрушчоўскім ды брэжнеўскім Савецкім Саюзе. Тады, калі памятаеце, абмежаваліся “глушылкамі”. Цяпер цалкам ізаляваць насельніцтва ад незалежнай інфармацыі яшчэ цяжэй: ёсьць Інтэрнэт, спадарожнікавае тэлебачаньне, мабільная сувязь. Людзі шмат падарожнічаюць… Хоць, вядома, калі паставіць за мэту аднавіць жалезную заслону — коштам вялізных выдаткаў гэта, напэўна, можна зрабіць. Ёсьць жа прыклад Паўночнай Карэі і Кубы…

Зусім іншы пункт гледжаньня на палітычныя папраўкі да Крымінальнага кодэксу ў нашай слухачкі Яўгеніі Кучынскай з пасёлка Радунь Воранаўскага раёну. Яна піша:

“Гэтыя папраўкі вельмі і вельмі патрэбныя. А як жа — за яўную хлусьню неабходна адказваць паводле закону. Ваша “Свабода” не дае ніводнага слова праўды — суцэльная хлусьня і несправядлівасьць. Немагчыма ўсё гэта слухаць. Няўжо вы не разумееце, што гэта адштурхоўвае ад вас народ? Няўжо думаеце, што ў нас у краіне ёсьць яшчэ такія цёмныя і тупыя людзі, каб вам верылі? Усе мы цудоўна бачым, што робіцца ў Беларусі — мы не сьляпыя і не глухія. Ня думайце, што вы разумнейшыя за ўсіх”.

Ня першы раз, спадарыня Кучынская, мы атрымліваем ад вас лісты, і кожны раз столькі ў іх злосьці, непрыязнасьці, лаянкі (многія сказы праз гэта нават цытаваць не выпадае). “Немагчыма вас слухаць”, — пішаце вы, і пры гэтым, мяркуючы па лістах, каторы ўжо год слухаеце. Чаму? Ня нам — сабе паспрабуйце сумленна адказаць на гэтае пытаньне. А што да праўды і хлусьні… Мы, спадарыня Кучынская, адказваем за аб’ектыўнасьць кожнай інфармацыі, якая гучыць у нашым эфіры, і робім усё магчымае дзеля забесьпячэньня дакладнасьці. Дзеля гэтага мы і патрэбны слухачам ва ўмовах, калі ўнутры Беларусі амаль не засталося крыніцаў незалежнай інфармацыі.

Наступны ліст ад Паўла Мікалаюка зь Берасьця. Ён піша:

“Слухаю Радыё Свабода ўжо больш за 25 гадоў. Пішу вам тое, што набалела за гэты час. Ад пачатку ведаю, што вы, спадар рэдактар, і ваш маленькі калектыў — асобы падкантрольныя. І не абы-каму, а Кангрэсу ЗША. Многія праграмы Беларускай Свабоды мне падабаюцца, зь некаторымі паспрачаўся б. Але вялікія крыўда і абурэньне ўзьнікаюць, калі слухаю вашы камэнтары аб рэлігіі і розных зьвязаных з гэтым сытуацыях. Разумеючы, што большасьць вашай рэдакцыі — вуніяты ды каталікі, не магу пагадзіцца з хлусьнёй і брудам, якія льюцца на праваслаўную царкву. Што зробіш — хто плаціць, той замаўляе музыку. Але ў дадзеным выпадку гэтая музыка — фальшывая. Вам не падабаецца канкардат, які падпісала царква зь дзяржавай? І нібыта ўціск на таталітарныя сэкты псэўдахрысьціянаў? А ці ведаеце вы, каталікі, што зь сябе ўяўляюць гэтыя сэкты? Мая блізкая радня — таксама сэктанты. Паслухалі б вы, што там гавораць аб праваслаўных і нашай сьвятой царкве.

Вось вашы журналісты паведамляюць, што цэны надта высокія ў іконных крамах, што трэбы выконваюцца за грошы. А хто ж і за якія грошы будзе адбудоўваць нашу царкву? Цэгла, цэмэнт ды тынк каштуюць нятанна. Вам, напэўна, вядомыя такія лічбы: да 1940 году было зьнішчана 95% храмаў. З 400 япіскапаў было фізычна зьнішчана 390. Так, каталікоў таксама зьнішчалі, касьцёлы ўзрывалі. Але наша царква асабліва моцна была разбурана”.

Радыё Свабода, спадар Мікалаюк, аднолькава ставіцца да ўсіх рэлігійных аб’яднаньняў і захоўвае поўную незалежнасьць ад іх. Дарэмна вы сьцьвярджаеце, што большасьць нашай рэдакцыі — вуніяты ды каталікі. Большасьць, напэўна, якраз праваслаўныя, як і ў цэлым сярод насельніцтва Беларусі. Кажу пра гэта няўпэўнена, бо пытаньні рэлігійнай, нацыянальнай ці расавай прыналежнасьці супрацоўнікаў наагул ніколі не ўздымаюцца ў нашым калектыве і ніяк ня могуць уплываць на журналісцкую дзейнасьць.

Але адначасова праблема рэлігійнай свабоды і роўнасьці цэркваў у Беларусі — адна з важных тэмаў, якой мы надаем шмат увагі. Калі правы якой бы то ні было канфэсіі парушаюцца, калі вернікаў пазбаўляюць рэгістрацыі, памяшканьня, магчымасьці праводзіць набажэнствы, мы паведамляем пра гэта ў сваім эфіры. Тое, што праваслаўная царква мае найбольш прыхільнікаў у Беларусі, зусім не азначае, што яна павінна мець асаблівыя правы і прывілеі ва ўрон іншым канфэсіям. Паводле закону ўсе яны — роўныя. А што да колішніх рэпрэсіяў, то камуністычны рэжым аднолькава зьнішчаў усе храмы і расстрэльваў усіх сьвятароў, і праваслаўных, і каталіцкіх, і пратэстанцкіх.

Фрагмэнт зь ліста Анатоля Шапялевіча з Рагачова:

“Многія людзі ня ведаюць пра ваша існаваньне, бо ня маюць добрых прыймачоў. А новых нам ужо ня купіць. Не хапае зарплаты, пэнсіі, якая складае ў Беларусі каля ста даляраў. Ці ж гэта грошы? Гэта страшэнная беднасьць. І яна будзе доўга, пакуль ня стане кіраваць дзяржавай новы, прагрэсіўны чалавек. Сам я слухаю вас даўно — гадоў дзесяць, ня менш. Прыймач стары — “Акіян-209”. Іншы раз ён мяне падводзіць, але сяк-так слухаць усё ж удаецца. Я ўдзячны вам за тое, што вы ёсьць, што адкрыта, без цэнзуры даносіце праўду пра жыцьцё ў нашай гаротнай Беларусі.

Вельмі прыемна, што вы займаецеся і выдавецкай дзейнасьцю. Адказаць на пытаньні конкурсу пра кнігі “Свабоды” я, на жаль, не змагу. Зазначу толькі, што зь вялікай цікавасьцю праслухаў сэрыю перадачаў Аляксандра Лукашука “Прыгоды АРА ў Беларусі”. Такога матэрыялу, такіх зьвестак я яшчэ нідзе не чытаў. Моцна быў зьдзіўлены, імкнуўся не прапусьціць ніводнай перадачы. Яны мяне ўражвалі, хвалявалі, трывожылі. Гэта ж трэба! Людзі аказвалі вялізную дапамогу — на мільёны даляраў, а ім савецкія чыноўнікі перашкаджалі, заміналі, ставілі палкі ў колы, ганьбілі амэрыканскіх валянтэраў. Такое магло быць толькі ў нашай краіне. Дзе прадаецца кніга “Прыгоды АРА ў Беларусі”? У нашым горадзе Рагачове я такой кніжкі ня бачыў”.

На жаль, спадар Шапялевіч, гэтая ды іншыя кнігі зь бібліятэкі “Свабоды” ў беларускіх кнігарнях знайсьці немагчыма. Яны ёсьць у некаторых буйных бібліятэках — мы перадалі іх туды бясплатна. Але для вас, спадар Шапялевіч, як для нашага даўняга і зацікаўленага слухача, мы адмыслова вышлем кнігу “Прыгоды АРА ў Беларусі” ў якасьці каляднага падарунка.

Конкурс, пра які згадаў у сваім лісьце Анатоль Шапялевіч, штомесяц праводзіцца ў рамках перадачы “Настрой на Свабоду”. У ім ахвотна бяруць удзел вельмі многія нашы слухачы. Каб перамагчы ў конкурсе і выйграць галоўны прыз — партатыўны радыёпрыймач зь лічбавай настройкай — патрабуецца праявіць увагу і цярпеньне. Нядаўна мы атрымалі ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара, які да ідэі конкурсу ставіцца непрыхільна. Вось што піша Ўладзіслаў Жыгалка зь Менску:

“Радыё Свабода чамусьці стала гуляць са слухачамі ў лятарэю. Як гэта разумець: “Дашліце нам даты аб’явак — і мы вам вышлем радыёпрыймач”? Гэта незразумелая недарэчнасьць. Па-першае, ня ўсе слухачы ў стане слухаць усе запар перадачы (як, прызнаюся, рабіў гэта я напрыканцы 1990-х гадоў. Між іншым, трымаючы ўвесь час пальцам кнопку, каб прыймач ня выключыўся, бо адрамантаваць не было за што). Ды і пералічыць назвы ўсіх аўтарскіх эсэ, якія прагучалі на “Свабодзе”, мяркую, ніхто ня зможа. Ды і навошта тлуміць галаву запамінаньнем непатрэбнай інфармацыі”.

Гэты конкурс, спадар Жыгалка, зусім не разьлічаны на тое, каб усе нашы слухачы праявілі да яго цікавасьць і ўзяліся гадзінамі пільна сачыць за ўсімі без выключэньня праграмамі. Але запэўніваю вас: дзясяткі, а часам нават і сотні пільных, дапытлівых і цікаўных людзей кожны месяц дасылаюць свае адказы на конкурс. І часта гэтыя адказы правільныя. Рознага кшталту конкурсы і віктарыны для слухачоў — гэта распаўсюджаная ў сьвеце практыка, якая спрыяе зваротнай сувязі паміж рэдакцыямі і аўдыторыяй і дапамагае рабіць перадачы больш зьмястоўнымі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG