Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальны друк: душаць, але свайго – не даб’юцца!


Радыё Свабода За пэрыяд пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў колькасьць незалежных грамадзка-палітычных выданьняў у беларускіх рэгіёнах стала больш чым утрая меншай. У тым ліку 20 рэдакцый закрыліся з 2004 году.

Напярэдадні новай выбарчай кампаніі практычна ўсе дэмакратычныя газэты глыбінкі пазбавіліся права продажу і дастаўкі чытачам праз сыстэмы “Саюздруку” і “Белпошты”. Адначасова пачаліся скасаваньні дамоваў на арэнду рэдакцыйных памяшканьняў. Чым адказваюць журналісты? Ці падтрымліваюць іх чытачы? Як зрэагавалі на сытуацыю зь недзяржаўнай прэсай палітыкі, партыйныя структуры?

Літаральна напярэдадні гэтай перадачы прыйшлі ўжо звыклыя мэдыя-навіны. Першая – ад рэдактара пінскай газэты “Мясцовы час” Віктара Ярашука:

(Ярашук: ) “Сёньня атрымаў афіцыйную паперу: прапануюць вызваліць памяшканьне пад офіс нашай газэты. Хаця дамова была да лета...”

А ў “Гомане Барысаўшчыны” даведаліся, што газэта трапіла ў лік тых, каго забаронена прадаваць праз шапікі “Саюздруку”... Пасьля яшчэ двух незалежных мясцовых выданьняў. У адрозьненьне ад іх “Гоман” мала закранаў палітычныя, сацыяльна-эканамічныя пытаньні рэгіёну. Выданьне спэцыялізавалася на гісторыі роднага краю, культурна-асьветніцкай тэматыцы і мела зусім невялікі наклад. Тым ня менш напярэдадні выбараў націснулі і на яго... Навошта? Чаму? Размаўляем з Анатолем Гуляевым, які некалькі гадоў курыраваў у Беларускай асацыяцыі журналістаў мясцовы друк, рэдагаваў з Аляксандрам Коктышам газэты ў Полацку, Гомелі і Пінску. Зараз яны не выходзяць...

(Гуляеў: ) “Нават у тых, хто неяк адасабляліся ад палітыкі, хто проста спрабаваў рабіць сваю справу – зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю, нейкім чынам трымаць дыстанцыю ад вядомых палітыкаў, – у іх усё роўна нічога не атрымлівалася. Бо для ўлады трэба зьбіраць толькі тую інфармацыю, якая патрэбна, і распаўсюджваць толькі тую інфармацыю, якая на карысьць улады”.

Складаная сытуацыя, у якой апынулася незалежная рэгіянальная прэса, па-рознаму адбілася на палітыцы выданьняў і настроях журналістаў. Аптымізму, ва ўсякім разе, не асабліва заўважаецца. А сёй-той папросту запалоханы. Вось як адрэагаваў на просьбу расказаць, што робіцца ў газэце, адзін зь вядомых на Меншчыне журналістаў:

(Ананім: ) “Няхай вам галоўны рэдактар раскажа А што мне там “малявацца”, каб пасьля мясцовая ўлада... Іду ў выканкам, дык у мяне тыкаюць пальцам: “На Радыё Свабода ты ўжо... Ну, мы ж тут жывём... Я не жадаю, каб мой голас гучаў на Радыё Свабода. Я ведаеце як? Сяджу ды працую...”

Не сказаць, каб такая рэакцыя была тыповай. Але зь іншага боку нельга і не заўважаць яе. Ня ўлічваць тое, як рэагуюць журналісты на ціск уладаў, лічыць экспэрт сёньняшняй перадачы Анатоль Гуляеў. І згадвае: нават два гады таму дужа цяжка было ўладкаваць журналістаў на новую працу, калі яго газэты мусілі, як кажуць, сысьці з дыстанцыі. А зараз, працягвае тэму рэдактар крычаўскага “Вольнага гораду” Сяргей Няроўны, у гэтым сэнсе на месцах стала яшчэ цяжэй:

(Няроўны: ) “Для нас рынак працы мізэрны. Хто і падаўся ў дзяржаўную прэсу – ёсьць такія. Ім абыякава. Ім добра, дзе плацяць, і яшчэ лепш, дзе больш плацяць... Безыдэйныя... І на прыкладзе Крычава таксама. Калісьці людзі былі ў дэмакратах... Уладзімер Далецкі, які ў “Ратушы” друкаваўся, цяпер – намесьнік рэдактара газэты “Ленінскі кліч”. З-за страху нават да нас ня могуць прыйсьці. Баяцца таго, што калі нават пад псэўданімам надрукуюць матэрыял, то як толькі даведаюцца ўлады, то тады ўсё – выганяць. Мала незалежнага друку. І каб тут выжываць...”

Праблема карпаратыўнай салідарнасьці ва ўмовах прэсінгу набывае асаблівае значэньне, лічыць Сяргей Няроўны. Аднак менавіта сёньня яе якраз і бракуе, хоць каардынаваць супольныя дзеяньні мясцовым рэдакцыям дапамагалі такія вядомыя структуры, як Беларуская асацыяцыя журналістаў, Фонд разьвіцьця рэгіянальнай прэсы ды іншыя. Чаму ўсё гэта не спрацавала менавіта тады, калі падтрымка найбольш неабходная? Размаўляю зь нядаўнім віцэ-прэзыдэнтам БАЖ Анатолем Гуляевым.

(Карэспандэнт: ) “Фонд разьвіцьця рэгіянальнай прэсы – ён столькі надзеяў падаваў, але разваліўся раптам да гэтых падзеяў. Кіраўнікамі і стваральнікамі яго былі якраз рэдактары тых выданьняў, што зараз апынуліся ў гэтай пастцы, якіх зараз улада раздушыла. Гэта быў такі сымбаль вялікай небясьпекі і трывогі...”

(Гуляеў: ) “Былі нейкія штукі, калі выбіралі кіраўнікоў… Аказвалася, што яны не адпавядаюць спадзяваньням людзей, і потым зноў выбіралі новых…”

(Карэспандэнт: ) “Гэта да пытаньня пра карпаратыўную салідарнасьць газэтчыкаў. Калі паасобку, кожны з іх проста профі, проста ас. Калі разам, то – напачатку энтузіязму хапіла супольна працаваць, а затым асабістыя інтарэсы ўзялі сваё. Няма жаданьня і ўменьня працаваць супольна?”

(Гуляеў: ) “Няма-няма. Стваралася, колькі часу папрацавала, потым адзін адтуль сышоў, другі прыйшоў, і ўжо не “адкрытае”, а “ўнітарнае” прадпрыемства атрымалася...”

У ланцужку ўсіх зацікаўленых лёсам выжываньня незалежных мясцовых выданьняў асаблівае значэньне маюць чытачы. Калі не падрыхтаваліся да рэзкіх пераменаў самі журналісты, тым больш не чакалі іх падпісчыкі і тыя, хто прызвычаіліся купляць прэсу ў шапіках.

(Супрун: ) “Газэта патрэбная. Вельмі патрэбная. Я падпісваюся зь яе першых нумароў. Газэта, якая інфармуе насельніцтва пра рэальны стан у дзяржаве і дае дадзеныя па раёне. І таму ў яе шмат падпісчыкаў. Я ня ведаю, чаму закрываюць такую газэту?”

Гэтак рэагуе на скасаваньне дзяржаўнымі манапалістамі дамоваў пра падпіску і распаўсюд з “Газэтай Слонімскай” шараговец Васіль Супрун. І ён зусім не адзіны ў сваёй салідарнасьці з рэдакцыяй, кажа журналіст Сяргей Чыгрын. Людзі пішуць лісты падтрымкі, тэлефануюць. Прычым ня толькі слонімцы – з Польшчы, Амэрыкі, Швэцыі, Расеі, Украіны...

(Чыгрын: ) “У нас быў круглы стол сярод чытачоў, прысьвечаны пытаньню, чаму скасавалі дамовы “Белпошта” і “Белсаюздрук”. Прысутнічала 11 чалавек. Гэта розныя людзі па ўзросьце і па адукацыі розныя. Былі сьвятары сярод іх. І вельмі адмоўна яны да гэтага ставяцца. Напрыклад, Іван Іванавіч, хірург па адукацыі, разам з жонкай накіравалі ліст у “Белпошту” ў Менск”.

Намесьнік рэдактара баранавіцкага выдавецкага дому “Інтэкс-прэс” Аляксей Белы паведаміў, што калі прыйшла навіна пра скасаваньне дамовы наконт падпіскі, ініцыятыўная група зь ліку сталых чытачоў зьвярнулася ў гарвыканкам за дазволам наладзіць 29 сьнежня пікет у падтрымку папулярнага (наклад 16 тысяч асобнікаў) штотыднёвіка.

(Белы: ) “Каб усё-такі прыцягнуць увагу ня толькі ўлады, а й людзей. Спадзявацца, што ўлады пераглядзець сваё рашэньне, вельмі складана. Мы ўжо зьвярталіся зь просьбамі гэтымі і запытамі. Пытаньне ня вырашана...”

Актыўна пратэстуюць людзі супраць ціску на газэту “Віцебскі кур’ер”. Яны сабралі больш за паўтары тысячы пісьмаў у абарону любімага выданьня, а сямёра палітычных актывістаў наладзілі несанкцыянаваны пікет у цэнтры гораду. Акцыю праз 20 хвілін спынілі міліцыянты... Каб лепш зразумець, што штурхае грамадзянаў да падтрымкі журналістаў, паслухаем барысаўца Леаніда Андрушкевіча:

(Андрушкевіч: ) “Мяне незаконна асудзілі. Я зьвярнуся ў газэту “Барысаўскія навіны”, каб яны правялі журналісцкае расьсьледаваньне. Напісалі ўжо два артыкулы. Ні сьледзтва, ні міліцыя – ніхто не абверг!”

Дарэчы, пра Тэміду. У Івацэвічах нарадзілася ініцыятыва падаваць пазовы ў суд на ўлады – за абмежаваньне, як лічаць чытачы, сваіх правоў на атрыманьне праўдзівай інфармацыі. Гутарым з Анатолем Гуляевым пра маштаб і эфэктыўнасьць грамадзкага пратэсту:

(Гуляеў: ) “Свабода слова заўсёды патрэбная меншай частцы грамадзтва. Працаўнікі калгасу імя Леніна ніколі ня пойдуць на вуліцу толькі таму, што зачыняюць нейкую газэту”.

(Карэспандэнт: ) “А калі ацаніць сытуацыю праз статыстыку… Наклады многіх рэгіянальных, мясцовых газэт складаюць 10-15 тысяч асобнікаў. Як спраецыраваць гэтыя лічбы на колькасьць тамтэйшага насельніцтва, атрымліваецца “ого-го які” працэнт! А водгукаў, супраціву, падтрымкі адпаведнай – няма”.

(Гуляеў: ) “Разумееш, гэты “ого-го які” працэнт, ён нават яшчэ больш “ого-го”!.. Памятаю, “Новая газэта Смаргоні” амаль у кожную смаргонскую сям’ю ішла...”

(Карэспандэнт: ) “Чаму тады цікавую газэту – вольналюбівую, вальнадумную, прыдушылі, а людзі ціхенька прамаўчалі: задушылі і задушылі…”

(Гуляеў: ) “Цікавая, ну цікавая! На яе падпісваліся, яе куплялі. А калі спатрэбілася абараняць гэтую газэту, тое сталася зусім іншай справай. Гэта ўжо грамадзянская (адчуйце розьніцу) справа! І абараняць рэдакцыю пачалі толькі тыя, каму яна па-сапраўднаму была патрэбна. А такіх аказалася ў Смаргоні і ў цэлым у Беларусі няшмат...”

Анэкдатычны факт расказала рэдактар івацэвіцкай “Газэты для вас” Лідзія Цалуйка. Пакуль журналісты з чытачамі спрабуюць давесьці вэртыкалі неправамоцнасьць яе дзеяньняў, адтуль у дзяжурным парадку даслалі ў рэдакцыю паперу-разнарадку “добраахвотна-прымусовай” падпіскі на дзяржаўную прэсу:

(Цалуйка: ) “З райвыканкаму атрымалі паперу: -- нашаму калектыву прапануецца... падпісацца на газэты “Івацэвіцкі весьнік” і “Звязду”. Проста верх цынізму нейкага!”

Супраціў абмежаваньню распаўсюду незалежнай прэсы такім чынам ёсьць, аднак у шанец выправіць становішча ніхто з кіраўнікоў рэдакцый асабліва ня верыць. Яны лічаць: лепш не чакаць правасудзьдзя, а неяк выкарасквацца, шукаць выйсьце, прыстасоўвацца да новых умоваў. Магчымасьцяў для манэўру тут няшмат. І таму важна эфэктыўна выкарыстаць тое, што пакуль дазваляе заканадаўства, лічыць рэдактар “Барысаўскіх навінаў” Анатоль Букас:

(Букас: ) “Я, па-першае, накіраваў валантэраў зьбіраць падпіску. Плюс да ўсяго абвясьціў падпіску праз банкі. Заходзіць чалавек, бярэ блянк і запаўняе яго, аддае апэратару – разавы плацёж за газэту “Барысаўскія навіны”. Яны бяруць камісійныя ад паўпрацэнта да двух працэнтаў”.

У Баранавічах пайшлі крыху іншым шляхам, расказвае намесьнік галоўнага рэдактара выдавецкага дому “Інтэкс-прэс” Алесь Белы:

(Белы: ) “Мы намагаемся ўзяць сьпісы тых, хто падпісваўся праз пошту і працуем зь імі. Каб яны прыходзілі да нас. Гэта дамова куплі-продажу, паводле якой мы будзем дастаўляць газэту людзям дахаты”.

Стварэньне ўласнай сеткі распаўсюду патрабуе дадатковага фінансаваньня, але альтэрнатывы гэтаму няма... Па-новаму прадаецца і пінскі “Мясцовы час”, гаворыць рэдактар Віктар Ярашук:

(Ярашук: ) “Большая частка прадаецца распаўсюджвальнікамі. Расьце колькасьць людзей, якія заключылі дамовы зь рэдакцыяй і купляюць яе непасрэдна ў нашым офісе. І гэта адзінае выйсьце, відаць, для газэты. І ня толькі для нашай...”

Цікава, што шмат дзе ў рэгіёнах нават шчырыя прыхільнікі дэмакратычнай журналістыкі лічаць: сёньняшнія яе праблемы – шмат у чым вынік пралікаў апазыцыйных палітыкаў. Тым, маўляў, ня варта было так актыўна кантактаваць з газэтамі, рабіць рэдакцыі хіба ці ня базавымі пляцоўкамі у перадвыбарчым маратоне і такім чынам – “падстаўляць”... Журналіст Сяргей Чыгрын:

(Чыгрын: ) “Бываюць і сярдзітыя галасы, калі нас абвінавачваюць, што мы самі ж і вінаватыя, што не ўключылі “Газэту Слонімскую” ў падпісны каталёг...”

Прыблізна гэтак зрэагавалі некаторыя і на візыт адзінага кандыдата ад апазыцыі ў тыднёвік “Інтэкс-прэс”. Абмяркоўваем актуальную праблему зь нядаўнім віцэ-прэзыдэнтам БАЖу Анатолем Гуляевым:

(Карэспандэнт: ) “Ці варта было газэце станавіцца нейкім арганізацыйным пачаткам у перадвыбарчым маратоне Аляксандра Мілінкевіча?”

(Гуляеў: ) “Нешта кшталту гэтага было і ў Берасьці, у “Брэсцкім кур’еры”. Але ў апошні момант рэдактар, Мікола Аляксандраў, адмовіўся”.

(Карэспандэнт: ) “Днямі было…”

(Гуляеў: ) “Ён адмовіўся, бо зразумеў простую рэч: важней захаваць газэту. Таму я думаю, што дзеяньні “адзінага” былі, мякка так скажу, непрадуманыя”.

(Карэспандэнт: ) “ Ці мусяць газэты – мясцовыя, рэгіянальныя, лякальныя – станавіцца сродкам, інструмэнтам палітычнай барацьбы?”

(Гуляеў: ) “Сёньняшнія апазыцыянэры – гэта людзі, якія ня маюць сур’ёзнага палітычнага досьведу. І яны не разумеюць, што калі ты зараз страціш ўсе сродкі масавай інфармацыі, дык ты застанесься ні з чым. І да дня выбараў прыйдзеш голы-босы і нічога зрабіць ужо ня зможаш. Мне здаецца, што тут, магчыма, ёсьць і такое: “Усё, што вакол мяне, не самабытная каштоўнасьць, а – толькі сродак для дасягненьня маіх палітычных мэтаў...”

Думка гэтая вельмі і вельмі спрэчная, лічыць рэдактар крычаўскага “Вольнага гораду” Сяргей Няроўны. Паводле яго, сярод сынонімаў незалежнага рэгіянальнага друку Беларусі нездарма ёсьць і наступнае вызначэньне: “дэмакратычны”. А раз так – трэба змагацца. Яго газэту амаль даціснулі: сёньня “вальнагорадаўцы” маюць магчымасьць выходзіць накладам менш за трыста экзэмпляраў. У такіх умовах выжываць і заставацца на слыху амаль немагчыма. Аднак Сяргею Няроўнаму з калегамі удаецца гэта, бо яны вераць у лепшую будучыню:

(Няроўны: ) “Што да “Вольнага гораду”, то яго задушыць можна толькі тады, калі прымуць закон, каб абмежаваць наклад такіх газэт да нуля. А так, мы ўжо перажылі ўсялякае: і крымінальная справы, і “наезды”, і аблавы. Але усё ж такі выжывалі. І я мяркую, што выжывем і зараз”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG