Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ёсьць вялікая аналёгія між гісторыяй нараджэньня Хрыста ў Бэтлееме зь гісторыяй Беларусі…"


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі “Беларуская ніва”, 1925 год:

“Гожа адзначыць, што магамэтане, якія ў нас жывуць, гэта патомкі тых татараў-нявольнікаў, якіх некалі пасяліў тутака, надзяліўшы зямлёй, вялікі князь Вітаўт. Татары хутка перанялі беларускую мову і нават свае сьвятыя кнігі пісалі пабеларуску, хоць і арабскімі літарамі. Цяпер беларускай мовы трымаюцца толькі бяднейшыя татары, якія працуюць на ральлі. Інтэлігенцыя-ж іх, якая за часоў расейскага панаваньня гаварыла парасейску і была вернай маскоўшчыне, цяпер — пад Польшчай — загарэлася польскім патрыятызмам…”

“Бацькаўшчына”, 1955 год:

“Ёсьць вялікая аналёгія між гісторыяй нараджэньня Хрыста ў Бэтлееме зь гісторыяй Беларусі. Але калі нас перасьледуюць, дык трэба заўсёды памятаваць, што перш за ўсіх перасьледвалі Хрыста… І для нашай шматпакутнай Беларусі сьвятыя ангелы кажнага году сьпяваюць “Слава Богу на вышынях, а на зямлі супакой…”, бо яна перасьледваецца за Хрыста, за крыж, за сьвятую веру народу. Хрыстос аднойчы сказаў: “Не сумуйце, калі мяне перасьледуюць і калі вас перасьледваць будуць. Перамога на маім баку. Да ўваскрасеньня дарога вядзе праз крыж”.

“Знамя юности”, 1985 год. Н.Казанцаў пра фільм “Васіль Быкаў. Узыходжаньне” Віктара Дашука:

“Калі глядзіш гэты фільм, разумееш, чаму дакумэнтальнае кіно дагэтуль быццам “баялася” набліжацца да Быкава. Зь ім сапраўды няпроста. Ён цяжка ідзе на кантакт, не сьпяшаецца раскрывацца. І не таму, што ён такі ўжо нелюдзень — гэта як натуральная самаабарона ад уварваньня ў тое напружанае ўнутранае сілавое поле, у якім цяжка, няпроста круцяцца думкі. Быкаў сам пра тое кажа, пра тое, як ён цяжка піша. Віктар Дашук уступіў у гэтае магнітнае поле, гэтак жа няпроста прабіваючыся да Быкава-чалавека”.
XS
SM
MD
LG