Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

18 сьнежня 1882 году ў Беларусі пачалі працаваць першыя тэлефонныя лініі


RFE/RL Каляндар Свабоды

Спачатку – некалькі памятных дат учорашняе нядзелі.

18 сьнежня 1882 году ў Беларусі пачалі працаваць першыя тэлефонныя лініі. Прычым адбылося гэта ў Гомелі, ва ўладаньнях князя Паскевіча. Тэлефоны зьвязвалі ягоны палац зь ягонымі фабрыкамі ды фальваркамі.

18 сьнежня 1917 году ў Менскім гарадзкім тэатры (цяпер гэта тэатар імя Янкі Купалы) пачаў працу Першы Ўсебеларускі зьезд. Там былі дэлегаты ад усіх мясцовасьцяў Беларусі, ад палітычных, вайсковых і бежанскіх арганізацыяў – усяго 1872 чалавекі. Дыскутавалі пра будучыню краіны, якой яна стане – ці ў складзе Расеі, ці з правамі аўтаноміі, ці зусім незалежная. Бальшавіцкія вайсковыя ўлады, што пільна сачылі за форумам, ня сталі чакаць, пакуль зьезд пачне прымаць канкрэтныя пастановы, і разагналі яго. Тым ня менш, Усебеларускі зьезд пасьпеў абраць свой Выканаўчы камітэт, які абвясьціў сябе законнай, абранай народам уладай і прывёў да стварэньня 25 сакавіка наступнага, 1918 году незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сярод знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 18 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня францускага асьветніка Шарля Мантэск’е, беларускага гісторыка, дасьледніка архіваў Мікалая Маліноўскага, ангельскага фізыка Джозэфа Томпсана, які адкрыў электрон і стаў Нобэлеўскім ляўрэатам, аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фэрдынанда, з забойства якога пачалася першая сусьветная вайна, і беларускага археоляга Эдуарда Загарульскага.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

19 сьнежня ў Беларусі традыцыйна сьвяткавалі Міколу зімовага. Як летні Мікола лічыўся пачынальнікам сапраўднага лета, так і пра зімовага казалі: “Да Міколы няма зімы ніколі”. Праўда, надвор’е не заўсёды слухалася ўлюбёнага народам сьвятога, таму казалі яшчэ і так: “Ніводнаму Міколу ня вер ніколі”.

Ня дзіва, што і знакамітыя людзі праваслаўнага паходжаньня, народжаныя ў гэты дзень, называліся, як правіла, Міколамі. Напрыклад, Мікалай Дворнікаў, родам з Гомеля, які кіраваў камуністычным падпольлем у Заходняй Беларусі, а загінуў у 1939-м годзе ў Гішпаніі. Максім Танк прысьвяціў яму паэму, якая так і называецца “Мікалай Дворнікаў”.

18 сьнежня нарадзіўся Леанід Брэжнеў, Генэральны сакратар ЦК КПСС і фактычны кіраўнік СССР з 1964 г. Некалі ў часы Брэжнева Ўладзімеру Караткевічу забаранілі выпусьціць свой раман пад назвай “Леаніды ня вернуцца да Зямлі”, каб не атрымалася некарэктнага намёку. Тады аўтар назваў раман “Нельга забыць”. Леанід Брэжнеў кіраваў СССР 18 гадоў і пра ягонае палітычнае доўгажыхарства хадзілі показкі.
XS
SM
MD
LG