Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аляксандра Лукашэнкі на выбарах будзе падстрахоўка?


Ўладзімер Глод, Менск Теарэтычна ўжо сёньня могуць стаць вядомымі імёны першых кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі на выбарах, якія адбудуцца 19 сакавіка наступнага году. Згодна з дзейным заканадаўствам жадаючыя балятавацца на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы мусяць прадставіць сваю пісьмовую заяву, а таксама сьпіс ініцыятыўнай групы (дарэчы, у яе павінна ўваходзіць ня менш за 100 асобаў) не пазьней як за 85 дзён да дня выбараў, гэта значыць не пазьней за 23 снежня. Таму часу ў іх застаецца зусім мала. Прадстаўнікі ўлады ды апазыцыі, аналітыкі ды журналісты ўжо называлі шмат прычнаў, паводле якіх, уладам выгадна праводзіць выбары менавіта ўвесну, а не летам, хаця дзенйая Канстытуцыя дазваляе прызначыць выбары на сярэдзіну ліпеня. Ці з''явіліся яшчэ нейкія новыя падставы для гэтага падчас мінулага ўікэнду?

Улады прызначэньне выбараў на сакавік тлумачаць перадусім спасылкай на экспэртаў: маўляў раньняя вясна -- лепшы час для галасаваньня. Палітычная апазыцыя лічыць, што ўлады скарачаюць да мінімуму час выбарчай кампаніі выключна дзеля таго, каб не даць дастаткова "раскруціцца" адзінаму дэмакратычнаму кандыдату.

Да гэтага можна дадаць, што, як і ў савецкія часы, улады ўсё тлумачаць жаданьнем народу. Вось і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына цьвердзіць, што менавіта з рэгіёнаў ішлі просьбы прызначыць дату выбараў кіраўніка дзяржавы на сакавік:

(Ярмошына:) "Гэтае пытаньне прапрацоўвалі яшчэ з пачатку сёлятняй палітычнай восені. Больш таго, я магу сказаць, што дадзенае пытаньне ўвесь час ўздымалі і падтрымлівалі прадстаўнікі мясцовых уладаў -- нашы мясцовыя выканаўчыя і распараджальныя органы, кіраўнікі арганізацыйных аддзелаў і гэтак далей".

Дату правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў прызначылі 16-га сьнежня. А 15-га -- Аляксандар Лукашэнка сустракаўся ў Сочы з Уладзімерам Пуціным. Нядзіўна, што палітыкі ды аналітыкі амаль аднагалосна казалі пра тое, што менавіта ў Сочы кіраўнік Беларусі заручыўся падтрымкай прэзыдэнта Расеі. Пераважная бальшыня палітолягаў па-ранейшаму прытрымліваецца гэтай думкі. Але некаторыя аналітыкі не выключаюць, што ў Сочы Аляксандар Лукашэнка проста паставіў Уладзімера Пуціна перад фактам выбараў. Палітоляг Андрэй Суздальцаў, які першым, яшчэ паўмесяца таму, заявіў, дарэчы, у эфіры нашага радыё, пра тое, што выбары прэзыдэнта Беларусі праўдападобна адбудуцца вясною, сказаў мне, што 16-га снежня ён ставіў 80% супраць 20% на тое, што Пуцін падтрымаў Лукашэнку. Цаной падтрымкі стане стварэньне сумеснага газавага прадпрыемства з кантрольным пакетам акцыяў у расейцаў. Да таго ж на сустрэчы Расеі з "Вялікай васьмёркай" у траўні наступнага году ўжо позна будзе ўздымаць беларускае пытаньне -- цягнік, як кажуць, да гэтага часу ўжо пайшоў.

Але ўжо ўчора спадар Суздальцаў сказаў мне, што яго погляд зьмяніўся, і цяпер ён ставіць 50% супраць 50%, так званыя фіфьці-фіфьці, на тое, што Пуцін падтрымаў Лукашэнку. На маё пытаньне, чым гэта выклікана, Андрэй Суздальцаў адказаў так:

(Суздальцаў:) "Дадатковая інфармацыя падыйшла аб сустрэчы ў "Бачаровым ручаі". З''явілася новая вэрсія, што Пуіцн спусьціў усё на трамазах, што Масква ня можа перашкодзіць жаданьню Аляксандра Рыгоравіча балятавацца трэці раз. І ўсё гэта паціху сканала ў размовах пра цэны на газ. Але гэтую вэрсію я адразу не прымаю, бо мы добра ведаем нашага прэзыдэнта. Усялякія прамежкавыя варыянты ён заўжды скарыстоўвае на сваю карысьць. Я думаю, што калі б Масква праявіла сябе вельмі мякка, а фактычна ніяк, дык Аляксандар Рыгноравіч яшчэ б з трапу самлёта абвесьціў бы аб сваёй перамозе".

Пасьля таго, як прагноз спадара Суздальцава наконт даты прэзыдэнцкіх выбараў апраўдаўся, цікава было б пачуць, што ён думае пра ход выбарчай кампаніі. І вось што гаворыць з гэтай нагоды вядомы палітоляг:

(Суздальцаў:) "Адзін быў сцэнар ліпеня. Мерквалася, што ў выбарах будзе актыўна задзейснены адзіны кандыдат ад апазыцыі. Цяпер неабходнасьці ў адзіным кандыдаце няма. Мабыць, Аляксандар Рыгоравіч пойдзе ў пары з кімсьці са сваіх людзей, для падстрахоўкі. І я не вельмі веру, што гэта будзе спадар Гайдукевіч. Гэта мая вэрсія на выснове тых уцечак інфармацыі, якія я маю".
XS
SM
MD
LG