Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Трэці міжнародны конкурс піяністаў “Менск-2005” ня быў прадстаўнічым


Юлія Шарова, Менск У гэтыя выходныя ў Менску завяршыўся трэці міжнародны конкурс піяністаў “Менск-2005”. Хіба што адзіны ў Беларусі сур’ёзны конкурс выканаўцаў ня стаў занадта прадстаўнічым – у ім удзельнічала толькі 37 піяністаў з шасьці краінаў. Сярод відавочных прычынаў нявялікай прэстыжнасьці конкурсу – вельмі малы прызавы фонд. Першая прэмія складае 3.000 эўра. Яе сёлета падзялілі расеец Аляксей Чарноў і беларус Цімур Шчарбакоў.

Аляксей Чарноў і Цімур Шчарбакоў канкурэнцыі на конкурсе ўвогуле ня мелі й добра адарваліся ад іншых дзельнікаў: другую й трэцюю прэмію журы вырашыла не прысуджаць. Дыплёмы атрымалі беларусы Канстанцін Красьніцкі, Улада Шацкая, Віталь Стахіевіч і Васіль Нетук.

Два пераможцы занадта розныя, але аднолькава адораныя – редкі выпадак, калі рашэньне журы ніхто не палічыў несправядлівым. У Аляксея Чарнова – выдатная школа, густ, удумлівасьць і ніякага памкненьня да вонкавых эфэктаў. У фінале ён граў самую складаную рэч – Трэці канцэрт Рахманінава. У Цімура Шчарбакова – фэнамэнальныя пальцы, арыгінальнасьць трактовак і тое, што называюць драйвам. Пасьля Другога канцэрту Сэн-Санса вялікая заля філярмоніі проста выбухнула.

Гутару зь Цімурам пасьля абвяшчэньня вынікаў у клясе нумар 223.

(Шчарбакоў:) Я проста імкнуўся данесьці задумы кампазытараў, вось і ўсё. Рэч у тым, што я ўвесь час недзе выступаю, на конкурсы ежджу, а перад роднымі беларусамі ніколі ня граю. Вырашыў вось сыграць.

Цімуру Шчарбакову 22 гады, ён завочна вучыцца ў Беларускай акадэміі музыкі. Цяпер у яго асноўнае месца навучаньня – Вышэйшая школа выканальніцкага майстэрства імя каралевы Сафіі ў Мадрыдзе. Ягоны пэдагог – Дзьмітры Башкіраў. Аляксею Чарнову 23 гады, ён выпускнік Маскоўскай кансэрваторыі. Удзельнічаў у шматлікіх міжнародных конкурсах, але значных перамогаў пакуль нідзе ня меў.

Радасьць ад перамогі была азмрочаная й непрыемнымі ўражаньнямі. Аляксей скардзіўся на не найлепшую арганізацыю, на няпростую ў акустычным сэнсе залю, на інструмэнт. Гутару з расейскім піяністам пасьля раньшняга праслухоўваньня трэцяга туру, у бары за кубкам гарбаты.

(Чарноў:) Паставіць “Стэйнвэй” зь нейкай кансэрваторскай клясы (нават не фартэпіяннай!) Маскоўскай кансэрваторыі на сцэну, ён будзе лепшым за той, што стаіць тут. Ён ня толькі не ладуе й плыве. Я проста змагаюся з інструмэнтам.

Амаль кожны аматар і прафэсіянал мог паслухаць гэты конкурс. На закрыцьці – аншляг. Піяністы гралі ў вялікай залі філярмоніі. Конкурс адкрыў новыя музычныя таленты. Усё гэта само па сабе вельмі добра, лічыць мастацкі кіраўнік Белдзяржфіляромніі й чалец журы канкурсу “Менск-2005” Юры Гільдзюк. Гутару зь ім перад цырымоніяй закрыцьця, у фае філярмоніі.

(Гільдзюк:) Нават на конкурсе імя Чайкоўскага няма такіх талентаў.

(Карэспандэнт:) Добра, Чарнова адкрылі можна сказаць. Але ж Шчарбакоў…

(Гільдзюк:) А Шчарбакоў выявіўся!

(Карэспандэнт:) Але ж на конкурсе імя Горавіца ў яго была другая прэмія, а першая там не прысуджалася. Гэта ж таксама сур’ёзна.

(Гільдзюк:) Малы быў яшчэ. А цяпер крыху пасталеў.

Перад трэцім турам, дзе трэба выконваць канцэрт, кожныму ўдзельніку далі толькі па адной рэпэтыцыі з аркестрам. За такі час нельга “сабраць” складаны канцэрт, на іншых конкурсах даюць сама меней па дзьве рэпэтыцыі, скардзіўся Аляксей Чарноў. Улада Шацкая ў часе выступленьня памылілася у адным месцы і прапусьціла вялікі кавалак музыкі. Між тым на падрыхтоўку было два дні. Для працы з шасьцю фіналістамі далі двух дырыжораў.

Дырыжор Алег Лясун называў гэта “здаровым экстрымам”. Гутару з маэстро ў калідоры за сцэнай, пасьля выступленьня Ўлады Шацкай у трэцім туры.

(Лясун:) Гэта конкурс. Ён правярае ўдзельнікаў на іхную здольнасьць граць у ансамблі з аркестрам, чуць аркестар добра, кантактаваць з дырыжорам. І гэтыя ўсе задачы дазвалаюць выявіць годнага ляўрэата, які ў фінале конкурсу будзе выглядаць найбольш яскрава.

Украінка Алена Коранева, удзельніца конкурсу, мяркуе, што журы можна было падазраваць у перадузятасьці. У другім туры зь 19 чалавек было 15 беларусаў. Дыпляманты Канстанцін Красьніцкі й Васіль Нетук – вучні прафэсара Няхаенкі, чальца журы. Улада Шацкая – дачка й вучаніца прафэсара Шацкага, які таксама судзіў конкурс. Пяцёра беларусаў у фінале міжнароднага конкурсу – гэта занадта, лічыць Алена Коранева. Гутарым з Аленай побач з артыстычнай, пасьля цырымоніі ўзнагароджаньня пераможцаў.

(Коранева:) Ёсьць конкурс у Армэніі, конкурс імя Хачатурана. І там пункт у статуце, што чальцы журы ня маюць права выстаўляць сваіх вучняў. Апрача таго, калі некага з удзельнікаў заўважаць у размовах у чальцом журы, яго дыскваліфікуюць.

Вельмі цяжка працаваць, калі на сцэне граюць уласныя вучні, кажа старшыня журы, народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў. (Сярод канкурсантаў была ягоная вучаніца Аліса Сапега.) Таму цалкам верагодна, што на наступным конкурсе сваякі й настаўнікі будуць прысутнічаць толькі ў якасьці слухачоў.

Што будзе рабіцца для ўмацаваньня уплывовасьці менскага конкурсу піяністаў? Гутару зь Ігарам Алоўнікавым пасьля абвяшчэньня вынікаў конкурсу ў вялікай залі філярмоніі.

(Алоўнікаў:) У будучыні хацелася б, каб гэтыя ляўрэаты мелі канцэрты за мяжой.

(Карэспандэнт:) А вы маеце такую тэарэтычную магчымасьць? Вось Шапэнаўскі конкурс выйграе чалавек – 25 тысячаў эўра й 100 канцэртаў на год.

(Алоўнікаў:) Канечне, на жаль, мы ня маем такіх магчымасьцяў і найперш гэта зьвязана з фінасаваньнем. Таму, каб замацавацца й прымусіць сябе шанаваць, мы павінны найперш узьняць плянку прызавога фонду.
XS
SM
MD
LG