Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Time”: “людзьмі году” сталі Біл і Мэлінда Гейтс і сьпявак U2 Боно


Натальля Судлянкова, Прага Часопіс “Time” у нядзелю абвясьціў імёны асобаў, якія паводле яго версіі, сталі "Людзьмі 2005 году". На думку рэдактараў часопісу, найбольш істотна на жыцьцё людзей уплывалі тыя, хто актыўна займаўся дабрачыннасьцю.

"Чалавекам году" сталі Біл і Мэлінда Гейтс і сьпявак ірляндзкага гурту U2 Боно. Часопіс адзначыў іх актыўную дабрачынную дзейнасьць у барацьбе з глябальнай галечай, а таксама намаганьні ў галіне аховы здароўя людзей на плянэце.

Часопіс “Time” адзначыў, што мінулы год быў годам вялікай дабрачыннай дзейнасьці, калі людзі, арганізацыі, краіны ахвяравалі грандыёзныя сродкі на дапамогу тым, хто пацярпеў ад стыхійных бедстваў, напрыклад, ад цунамі ў Паўднёвай Азіі або ўрагану Катрына. Біл Гейтс і ягоная жонка Мэлінда былі адзначаныя за стварэньне найбуйнейшага ў сьвеце дабрачыннага фонду, актывы якога перавышаюць 29 мільярдаў даляраў, і які, як падкрэсьліў часопіс, "выдаткоўваў у 2005 годзе грошы хутчэй, чым іншыя фонды і арганізацыі".

Дзякуючы датацыям фонду былі захаваныя жыцьці прынамсі 700 тысячаў чалавек у бедных краінах. Гэтыя людзі пасьпелі атрымаць жыцьцёва неабходныя прышчэпкі, фонд таксама забясьпечыў доступ да інтэрнэту 11 тысячам бібліятэкаў і выступіў спонсарам самай вялікай праграмы выдзяленьня стыпэндыяў.

Сьпевака Боно адзначылі за ягоныя намаганьні дамагчыся ад лідэраў самых заможных дзяржаваў сьвету скасаваньня 40 мільярдаў запазычанасьці найбяднейшым краінам.

Асобна часопіс “Time” назваў былых прэзыдэнтаў Злучаных Штатаў Амэрыкі Біла Клінтана і Джорджа Буша-старэйшага "Партнэрамі году" за дзейнасьць на карысьць ахвяраў цунамі ў Паўднёвай Азіі і ўрагану Катрына.
XS
SM
MD
LG