Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Guardian”: як дзіцяці перажыць развод?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У Брытаніі выйшла ў сьвет кніга 10-гадовай школьніцы з парадамі дзецям, якія хацелі б лягчэй перажыць развод сваіх бацькоў.

Пасьля таго, як бацькі Лібі Рыз разьвяліся тры з паловаю гады таму, дзяўчынка занатавала тое, што дапамагло ёй асэнсаваць сваю новую сытуацыю. Вынікам стала кніга пад назовам “Дапамога, надзея і шчасьце”.

Маці дзяўчынкі гаворыць, што дачка сама прыдумала ідэю і сама напісала кнігу на хатнім кампутары, а пасьля сама ж па электроннай пошце адправіла некалькі лістоў у выдавецтвы. І ўжо на наступны дзень ім патэлефанавалі з выдавецтва “Aultbea”. Маці кажа, што частка ганарару пойдзе ў дзіцячую дабрачынную арганізацыю “Save the Children”. Кіраўнік выдавецтва Чарльз Фолкнер расказаў, што Лібі стала самым юным аўтарам, зь якім калі-небудзь выдавецтва падпісвала кантракт. Выдавец падкрэсьлівае, што ў дзяўчынкі вялікі талент.

Дык што ж раіць Лібі Рыз сваім равесьнікам, калі іхнія бацькі разводзяцца?

Найперш, паспрабаваць адпачыць – пабыць у адзіноце, пачытаць любімую кнігу ці паглядзець любімы фільм, успомніць што-небудзь сьмешнае. Гэта дапаможа пазбавіцца хваляваньняў. Лінда таксама раіць думаць пазытыўна, сканцэнтравацца на дасягненьні пастаўленай мэты. Добра было б раз на тыдзень наладжваць для сябе “асаблівы вечар”, у часе якога падзякаваць Богу за ўсё добрае, што ён табе прынёс. У моманты адчаю даваць волю сваім пачуцьцям: знайсьці месца, дзе можна пабыць аднаму, і там крычаць, тупаць нагамі, плакаць. А найлепей уступіць у які-небудзь клюб, каб забыць пра свае праблемы.

І, нарэшце, дзяўчынка зьвяртаецца да ісьціны, што “ў здаровым целе – здаровы дух”. Яна піша, што калі ты займаесься фізычнымі практыкаваньнямі, у тваім арганізьме становіцца болей эндарфінаў, якія дапамагаюць твайму мозгу справіцца з усімі цяжкасьцямі.
XS
SM
MD
LG