Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Грыб: “У Беларусі можа скласьціся сытуацыя падвойнага прэзыдэнцтва”


Алесь Дашчынскі, Менск Палітыкі цьвердзяць, што прызначэньне датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў на 19 сакавіка ставіць у няроўныя ўмовы ўсіх удзельнікаў кампаніі.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету, юрыст Мячыслаў Грыб перакананы, што прызначаныя на 19 сакавіка выбары – датэрміновыя. Яны адбудуцца амаль за чатыры месяцы да сканчэньня паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Але датэрміновыя выбары праводзяцца толькі ў адным выпадку - калі вакансія прэзыдэнта застаецца вольная. Прычым парадак іх прызначэньня не прапісаны ў канстытуцыі і заканадаўстве. Паводле спадара Грыба, Палата прадстаўнікоў узялася даволі вольна тлумачыць канстытуцыю, замест таго, каб прыняць адпаведны закон. Мячыслаў Грыб цьвердзіць, што пры абраньні Аляксандра Мілінкевіча або каго-небудзь іншага, у выніку, можа скласьціся сытуацыя падвойнага прэзыдэнцтва.

(Грыб: ) “І тады ў нас на чатыры месяцы створыцца сытуацыя, калі будуць два прэзыдэнты. Той, які дзейнічае, скажа:” Я табе не магу аддаць пасаду, таму што ў мяне засталося па канстытуцыі 4 месяцы”. А той прыме прысягу і скажа:”Не, ты павінен мне гэтую пасаду здаць”. Як гэтае пытаньне будзе вырашацца, скажыце?”

Мячыслаў Грыб заўважае, што прызначэньне выбараў на 19 сакавіка стварае няроўныя ўмовы для ўсіх прэтэндэнтаў.

(Грыб: ) “Што тычыцца роўных умоваў у выбарах, то зразумела, што іх няма. Вы ж бачыце з учорашніх падзей, што ўлады рыхтаваліся раней да гэтых выбараў. І ўсё ўжо было падрыхтавана: за паўдня і пастанову прынялі, і бюджэт вылучылі, і паседжаньне Цэнтарвыбаркаму правялі… Гэта ўмовы у значнай ступені няроўныя, гэта розныя ўмовы”.

Прызначэньне выбараў на 19 сакавіка – гэта спроба ўладаў перашкодзіць паўнавартаснай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. Так мяркуе сябра штабу адзінага кандыдата Аляксандар Дабравольскі.

(ДабравольскІ: ) “Лукашэнка больш за ўсё на сьвеце любіць сваю ўладу. І калі ён вырашыў аддаць чатыры месяцы сваёй улады – гэта значыць ня ўсё там добра. Гэта значыць, што ён бачыць вялікую небясьпеку, і каб яе прадухіліць нават чатыры месяцы сваёй улады ён гатовы аддаць. Фактычна, Лукашэнка пераблытаў уласныя інтарэсы зь інтарэсамі дзяржавы. І ўсё робіць толькі дзеля ўласных інтарэсаў, дзеля захаваньня сваёй улады”.

Міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў лічыць, што Лукашэнка прадэманстраваў няўпэўненасьць і таму прысьпешыў прызначэньне выбараў.

(Саньнікаў: ) “Роўных умоваў ніколі не прадугледжвалася. Мы ведаем, што той адміністратыўны рэсурс і таталітарная сыстэма, якая існуе ў Беларусі, ніколі не прадугледжваюць роўных умоваў. Наадварот, гэта будзе ціск з боку ўладаў, будуць рэпрэсіі, і да гэтага таксама людзі павінны рыхтавацца”.

Былы міністар замежных справаў Пятро Краўчанка зьбіраецца балятавацца кандыдатам на прэзыдэнта. Ён пагаджаецца, што ўсе прэтэндэнты ў параўнаньні з Лукашэнкам апынуліся ў няроўных умовах.

(Краўчанка: ) “Па сутнасьці, можна казаць, што гэта - бліц-кампанія, якая будзе разьвівацца для кожнага з удзельнікаў вельмі складана. Па другое, ён добра разумее, што сьвет будзе займацца іншымі падзеямі. І міжнародная супольнасьць, у тым ліку Расея, разьвязваюць яму рукі для фальшаваньняў і для таго, каб рабіць тое, што яму захочацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG