Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць раней, чым плянавалася?


Альгерд Невяроўскі, Менск Беларускія ўлады ўчора вырашылі праводзіць гэтыя выбары на 4 месяцы раней плянаванага тэрміну. Дзеля чаго гэта было зроблена? Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт:

(Карэспандэнт: ) “ Скажыце, чаму, на вашую думку, прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца раней, чым плянавалася?”

(Хлопец: ) “ Ня ведаю, але можа гэта зьвязана з нейкімі справамі ў парлямэнце. На мой погляд, дзяржаўнае становішча ня можа на гэта ўплываць. А дакладна, чаму так зрабілі, я ня ведаю”.

(Спадар: ) “ Ня ведаю, у сакавіку, відаць, усім зручней. Летам большасьць людзей у разьездах”.

(Спадар: ) “ Раней? Ну можа выбаршчыкі яго абіраюць раней. Ён добры прэзыдэнт, ня скарджуся на яго”.

(Пэнсіянэр: ) “ Думаю, і гэта казалі па радыё, летнія выбары невыгодныя тым, што ўсе ідуць у адпачынкі, і таму лепей рабіць выбары вясной”.

(Спадарыня: ) “ Як звычайна, каб не было незалежнага кантролю. Я ня думаю, што выбары ў нас праходзяць сумленна”.

(Спадар: ) “ Так лепш для прэзыдэнта. Усё прасьцей, цяжка падрыхтавацца да гэтых выбараў. А самае галоўнае, што абсалютна няма ніякага значэньня калі іх праводзіць. Можна хоць заўтра правесьці, а вынікі будуць вядомыя ўжо сёньня”.

(Пэнсіянэрка: ) “ Я не задумвалася над гэтым. Няважна калі яны пройдуць – галоўнае, што пройдуць. І наш прэзыдэнт нам патрэбны – мы яго любім”.

(Спадар: ) “ Гэта залежыць ад Расеі, і відаць падчас апошняга візыту была нейкая дамоўленасьць. Толькі таму. Бо нічога не штурхала праводзіць выбары раней заплянаванага тэрміну”. (Спадарыня: ) “ Я не сачу за палітыкай, таму не магу адказаць”.

(Спадарыня: ) “У гэтым ёсьць нешта й рацыянальнае. Сапраўды, калі так падумаць летам жа ўсе разьяжджаюцца. Відаць, ёсьць у гэтым і нейкі патаемны сэнс, выгодны ўладзе”.

(Пэнсіянэр: ) “ Ня ведаю, можа паводле апытаньня рэйтынг у Лукашэнкі высокі. Таму ён ня хоча праводзіць выбары ў больш позьні тэрмін”.

(Спадар: ) “ Захаваньне ўлады, толькі гэта. А што можа быць яшчэ. Улада такая рэч ад якой добраахвотна не адмаўляюцца”.
XS
SM
MD
LG