Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГАТЭ вывучае праект ядзернага “магільніка” ў Літве


Тацяна Поклад, Вільня Цягам гэтага тыдню ў Літве знаходзілася група экспэртаў зь Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ). Сёньня яны прадставілі высновы і рэкамэндацыі адносна праграмы захаваньня радыяактыўных адкідаў у Літве, і ў прыватнасьці, адносна пабудовы радыяактыўнага “магільніка” каля мяжы зь Беларусьсю.

Літва, якая рыхтуецца спыніць (не пазьней, чым у 2009) і дэмантаваць (не пазьней, чым у 2012) Ігналінскую АЭС, плянуе паблізу стварыць наземнае сховішча для адкідаў зь нізкай і сярэдняй радыяактыўнасьцю.

Цягам 2003-2005 гадоў былі абраныя тры пляцоўкі (каля вёсак Галілаўке і Апвардэй, на адлегласьці 4-х і 8-мі кілямэтраў ад АЭС, альбо ў Стабацішках, на тэрыторыі АЭС), якія маглі б надавацца для гэткіх сховішчаў.

На адной зь іх плянуецца пабудаваць “магільнік” для рэчываў, якія выкарыстоўваліся ў часе працы на АЭС – працоўнай вопраткі, часткі жалезабэтонных канструкцыяў, іншых рэчаў, якія апраменьваліся на станцыі і застануцца небясьпечнымі цягам прыкладна 300 гадоў.

Пасьля агляду месцаў каля Ігналінскай АЭС, абраных для плянаваных сховішчаў, на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні сёньня экспэрты з МАГАТЭ заявілі, што станоўча ацэньваюць хаду працы, але не назвалі дакладна рэкамэндаванага месца для пляцоўкі. Кіраўнік групы, прадстаўнік Агенцтва па ўпарадкаваньню радыёактыўных адкідаў з Францыі Мішэль Дутцэр паведаміў, што парушэньняў зь літоўскага боку няма:

(Дутцэр: ) “Мы зрабілі выснову, што працэс адбору пляцовак для сховішчаў адпавядае міжнародным стандартам. Усе тры прапанаваныя Літвой месцы маюць пэрспэктывы і адпавядаюць міжнародным нормам і крытырэям бясьпекі. Аднак трэба працаваць далей, каб была абраная найбольш прыдатная і бясьпечная пляцоўка”.

Наземнае сховішча для адкідаў зь нізкай і сярэдняй радыяактыўнасьцю ў Літве будзе памерам у 100 тысяч кубічных мэтраў на пляцоўцы ў 5 га. Кошт “магільніка”, як мяркуецца, складзе ад 130 да 240 мільёнаў эўра. Плянуецца, што ўжо ў наступным годзе ўрад Літвы прыме канчатковае рашэньне пра месца для сховішча, а ў 2008 годзе пачнуцца будаўнічыя працы.

У выніку моцных пратэстаў з боку Беларусі й Латвіі, а таксама з боку мясцовых уладаў, Літва заявіла, што гатовая адмовіцца ад плянаў рабіць “магільнік” каля вёскі Галілаўке (4 км ад АЭС), хаця гэтая пляцоўка, паводле экспэртаў, найлепш адпавядала геалягічным патрабаваньням (глыбіня грунтовых водаў, вышыня пляцоўкі). Галілаўке знаходзіцца на адлегласьці 700 мэтраў ад беларускага нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”.

Цяпер спэцыялісты схіляюцца да іншага варыянту пляцоўкі – у Стабацішках. Там геалягічныя ўмовы не настолькі спрыяльныя, але паколькі гэтая пляцоўка знаходзіцца на тэрыторыі АЭС, у ненаселеным месцы, то, як мяркуецца, гэты выбар ня выкліча пратэстаў грамадзкасьці. Раней супрацоўнікі літоўскага міністэрства аховы асяродзьдзя цьвердзілі, што будаваць такое сховішча на тэрыторыі АЭС нельга. Стабацішкі знаходзяцца прыкладна ў 3 км ад мяжы зь Беларусьсю.

***

Літва заяўляе, што ў заплянаваных “магільніках” адпрацаванае ядзернае паліва захоўвацца ня будзе. Цяпер яно ўтрымліваецца ў сховішчах на тэрыторыі Ігналінскай АЭС, у спэцыяльных кантэйнэрах, якія забясьпечваюць надзейнасьць захаваньня прынамсі на 60 гадоў. Цягам гэтага часу мае быць прынятае рашэньне адносна яго далейшага лёсу. У Сойме Літвы ўжо падрыхтаваны законапраект, які забараняе захаваньне адпрацаванага ядзернага паліва на тэрыторыі краіны.
XS
SM
MD
LG