Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўская лекцыя Гаральда Пінтара і антыамэрыканізм


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 18 сьнежня 2005 году). Новая перадача сэрыі “Вострая Брама”.

Лекцыя нобэлеўскага ляўрэата заўсёды чакаецца, як самае важнае на сёньняшні дзень слова, як адкрыцьцё. Мы абавязкова павінны пачуць штосьці новае. Гэта будзе сапраўдны цуд, сканструяваны чараўніком менавіта да моманту інаўгурацыі. Мы чакаем, а ён недзе сядзіць і канструюе, мабілізаваўшы ўсе свае таленты і навыкі. Ва ўсім гэтым дзействе ёсьць падабенства да конкурсу ў піянэрскім лягеры, калі ўсе рыхтуюцца і дазволена ня спаць усю ноч, альбо да цырку. Маўляў, сёлета найлепшым пісьменьнікам у сьвеце прызнаецца Дастаеўскі. Ану, паглядзім, на што ён здатны – скажы нам, Дастаеўскі, чаго-небудзь такое, каб мы аж паўскоквалі зь месцаў. Каб ня выйшла пшыку, пісьменьнікі-ляўрэаты з усіх сілаў натужваюцца ўдаваць зь сябе прарокаў, націснуць на ўсе свае фібры душы, на ўвесь свой прафэсійны досьвед. А тады мінаюць дзясяткі гадоў і высьвятляецца, што ад слаўнае лекцыі засталася адна тая вартая жалю натуга. Зрэшты, і ад раманаў многіх ранейшых ляўрэатаў засталася толькі памяць у даведніках. І тое таму, што іх аўтары былі ўганараваныя Нобэлеўскай прэміяй. Ня хоча аб’ектыўны поступ гэтага сьвету лічыцца з нашымі ацэнкамі і прагнозамі. І тое, што ўчора выглядала геніяльным, заўтра можа нікога не кранаць і проста не заўважацца.

Сёлетні ляўрэат брытанскі драматург Гаральд Пінтар пазьбегнуў патрэбы канструяваць цуд на патрэбу публікі. У сваёй лекцыі ён не сказаў нічога новага, прынамсі адкрыцьця не зрабіў. Пазьбегнуў ён і змусу разыгрываць перад публікай цырк, бо сказаўся хворым і замест сябе прыслаў відэазапіс сваёй лекцыі. Таму замест тэатру аднаго актора публіка глядзела кіно.

Уласна філязофская частка лекцыі тычылася таго, што не бывае адной праўды. Але – у мастацтве. У жыцьці такая пастаноўка Пінтара не задавальняе, і ён увесь час пытаецца ў сябе: ці гэта праўда ці хлусьня?

“У драме праўда няўлоўная. Мы ніколі не дасягаем канчатковае праўды, але шукаць трэба. Праўда ў тым, што ніколі няма чагосьці такога як адна праўда твора. Праўдаў шмат. Адна выходзіць на бойку з другой, скаланаецца перад ёю, адлюстроўвае, ігнаруе, высьмейвае, не заўважае. Іншы раз здаецца, што вось, мы трымаем праўду ў руцэ, але яна працякае праз пальцы і зьнікае”.

Зьнікомасьць і разнастайнасьць праўды ў мастацтве Пінтар радыкальна супрацьпастаўляе адносінам да праўды ў палітыцы:

“Мова палітыкі, у той форме, у якой яе ўжываюць палітыкі, не паглыбляецца ў такія сфэры, бо, як вядома, большасьць палітыкаў не цікавіцца праўдай, а толькі ўладай і яе ўтрыманьнем. Для ўтрыманьня ўлады важна, каб людзі жылі ў няведаньні, каб жылі ў няведаньні праўды, нават праўды пра іх уласнае жыцьцё. У выніку нас аплятае сетка хлусьні, якой мы кормімся”.

На гэтым філязофская частка лекцыі сканчаецца і пачынаецца заўзяты мітынговы сьпіч на падвышаных танах пра тое, што Буша і Блэра, як найвялікшых злачынцаў трэба аддаць пад міжнародны трыбунал. Пры гэтым ніякіх новых фарбаў ці фактаў грамадзкі абвінаваўца Пінтар да таго, што кожны дзень гучыць з вуснаў цэлай арміі ягоных калег па ўсім сьвеце, не дадае. Ён кажа, што зьвесткі ЦРУ аб зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку былі непраўдзівымі. Але пра гэта кажа і сам герой нобэлеўскай лекцыі Буш. Пінтэр: нас пераконвалі, што гэта праўда. Але гэта не была праўда. Буш: гэта не была праўда, але апэрацыя ў Іраку была распачатая слушна.

У нобэлеўскай лекцыі мяне бянтэжыць тое, што сваю палітычную дыскусію Пінтар не дапаўняе новым ракурсам ці глыбейшым бачаньнем, але застаецца на паверхні тралейбуснага спрачальніка пра амэрыканскую гегемонію ў сьвеце. Маўляў, а хай яны ня лезуць! А іх саміх пад суд! Быццам усё няшчаснае чалавецтва, соты раз пачуўшы гэтыя словы, зь якімі абсалютна згоднае ў глыбіні душы, зараз жа возьме і выкажа Амэрыцы сваю найглыбейшую пагарду, а тая пачырванеўшы ад сораму і адвёўшы вочы, прамармыча: я так болей ня буду... І што тады? Што з усяго гэтага? Спыняцца канфлікты і ўсе зажывуць шчасьліва, заглушыўшы ў сэрцы асабістую нянавісьць, узурпатары адмовяцца ад улады і ад рэпрэсіяў супраць уласных народаў, выбары паўсюль стануць сумленнымі, а на свабоду слова ніхто не падыме рукі...

Антыамэрыканская рыторыка застаецца рыторыкай таму, што на супрацьлеглым полюсе ад яе ляжыць патрэба сфармуляваць альтэрнатыву, а такой альтэрнатывы ў беднага чалавецтва няма. Таму словы пра злачынцу Буша застаюцца словамі пра гадкі сьнежаньскі дожджык, сэнсу ў іх ня больш. Нават калі іх прамаўляе нобэлеўскі ляўрэат у галіне літаратуры. І мне тут згадваецца іншы нобэлеўскі літаратурны ляўрэат – Уінстан Чэрчыль, які сказаў, што дэмакратыя – гэта найгоршая з усіх формаў улады, калі не лічыць усіх астатніх. Вось жа ў Пінтара гэтага “калі” няма.

Ягоны зацяты антыамэрыканізм вядомы даўно, як частка ягонага амплуа. Трэба ўдакладніць, што гэтае анты– адносіцца не да ўсёй Амэрыкі і амэрыканскага народу, а толькі да ўраду. Вось адзін з ранейшых пасажаў Пінтара:

“...Амэрыканскі ўрад цяпер — гэта крыважэрная дзікая жывёла. Бомбы — вось адзіная яе мова. Шмат амэрыканцаў, мы ведаем, шакаваныя пазыцыяй свайго ўраду, але яны нічога ня могуць зрабіць. Калі Эўропе ня хопіць салідэрнасьці, інтэлекту, мужнасьці і жаданьня, каб кінуць выклік і супраціўляцца амэрыканскай моцы, сама Эўропа будзе заслугоўваць на словы Аляксандра Герцана: “Мы ня лекары. Мы хвароба”.

Словам, ні ў каго не было падставаў сумнявацца, што скажа Пінтар у сваёй прамове, запісанай на відэа, і як будзе патрактаваны выбар Нобэлеўскага камітэта на карысьць гэтага пісьменьніка. А паколькі такі менавіта выбар – адказ старое Эўропы Беламу дому – зусім ня першы прэцэдэнт як у практыцы Швэдзкае акадэміі, так і іншых інстытуцыяў старое Эўропы (згадаем, да прыкладу, Канскія ляўры для Майкла Мура за ягоны антыбушаўскі фільм), дык можна гаварыць пра пэўную маніпуляцыю антыамэрыканскімі настроямі ў патрэбны момант, на злобу дня. Што, на жаль, адсоўвае на другі плян іншыя матывацыі выбару найлепшага літаратара – эстэтычныя, маральныя, філязофскія.

Ёсьць вялікая карысьць у тым, каб дзейнасьць ЗША ўвесь час падвяргалася крытыцы і сумневам. Ва ўсім гэтым – поступ цывілізацыі, у якім чым больш вывераны робіцца крок, тым больш надзеі на выжываньне. Ніхто ўрэшце ня ведае канчатковае мэты, ніхто ня ведае сэнсу, які заклаў у гэты рух невядомы стратэг, ніхто ня ведае, навошта праз усю гісторыю людзтва ліецца кроў. Але ўсе разумеюць, што людзтва ў адведзеных яму межах пазнаньня павінна распарадзіцца сваім лёсам так, каб захаваць сябе і сваю надзею. А паколькі сёньня людзтва ўжо мае дастаткова сілаў, каб не захавацца, дык толькі аднадумства адказных за будучыню можа даць пазытыўны вынік.

Хто працівіцца такому аднадумству? Той, хто верыць у сілу свайго традыцыйнага ўкладу і глябальныя пытаньні цывілізацыі адрасуе невядомаму стратэгу. Гэта найбольш блізкая чалавечай душы пазыцыя, але ці прымальная яна ў сучасным сьвеце, дзе ўжо сёньня патрабуецца высокая ступень узаемадзеяньня ўсіх, такіх неспалучальных сілаў, перад агульнай бядою.

Між тым мы штодня атрымліваем усё новыя доказы неспалучальнасьці замест доказаў узаемадзеяньня. Прычым у самых нечаканых месцах. Калі адзін і той генэрал лічыцца забойцам у сэрбаў і нацыянальным героем у харватаў. Калі афіцыйны Менск страчвае найменшае паразуменьне з суседняй афіцыйнай Варшавай. Калі Ліван ня можа разабрацца з Сырыяй. Па вялікім рахунку, гэта прыклады таго, як у адносінах блізкіх народаў закладаюцца новыя міны запаволенага дзеяньня, якіх яшчэ ўчора не было. Сварка паміж братамі можа зь лёгкасьцю ператварыцца ў панажоўшчыну, але ніхто зь іх не прызнае сябе вінаватым, бо ніхто зь іх ні за што адказнасьці не нясе. Гэта далёкі дзядзька Сэм узяў на сябе адказнасьць, вось ён ва ўсім і вінаваты.

Ёсьць як мінімум дзьве вялікія праўды ў сучасным сьвеце. Гэта праўда безадказных і праўда адказных. Калі іранскі лідэр заклікае скінуць Ізраіль у мора, ён зыходзіць з таго, што сьвет можа справіцца зь яшчэ адной сусьветнай вайною. Няхай нават большасьць людзей загіне, але жыцьцё працягнецца. Калі ж іншыя заклікаюць бараніцца ад глябальнага пацяпленьня, ад перанасяленьня плянэты, асвойваюць космас, імкнуцца прыладзіць розныя цывілізацыйныя мадэлі для ўзаемадзеньня адна з адной, яны зыходзяць з таго, што сьвет канечны і яго канечнасьць залежыць ад дзейнасьці чалавека. Дакладней, яго вечнасьць павінна забясьпечвацца чалавечай дзейнасьцю. Вось прыляціць мэтэарыт і плянэта ня вытрымае ўдару, расколецца. А мы гэта прадбачылі, мы ў гэты момант на часовых базах на Марсе гуляем сабе ў більярд...

Ёсьць яшчэ праўда Бога, які ў душы. Але Бог толькі дапамагае таму, хто рупіцца, і ні за каго нічога рабіць ня будзе.

Розныя праўды выяўляюцца і ў тым, што ў розных асяродках па-рознаму ставяцца да цаны чалавечага жыцьця.

Амэрыка наламала шмат дроваў – у Хірасіме, у Нікарагуа, чаму Пінтар прысьвячае вялікую частку лекцыі, а таксама ў Чылі ды шмат якіх іншых краінах.

“У гэтых краінах загінулі сотні і тысячы людзей. Чаму? Ці кожную з гэтых ахвяраў можна прыпісаць замежнай палітыцы Вашынгтону? Адказ гучыць: так, у гэтым павінна амэрыканская замежная палітыка. Але вы пра гэта ня ведаеце.

Гэтага ня здарылася. Нічога ніколі не здараецца. Нават калі здараецца, не здараецца насамрэч. Ня лічыцца. Не выклікае нічыёй цікавасьці. Злучаныя Штаты зьдзейсьнілі злачынствы плянавым чынам, бязьлітасна і без сумневу, але насамрэч няшмат хто пра гэта гаворыць. Трэба гэта на сподку падаць амэрыканцам. Яны маніпулявалі ўладай па ўсім сьвеце – гэта клінічны выпадак – выдаючы сябе за барацьбітоў за ўсеагульнае дабро. Гэта была бліскучая, нават дасьціпная маніпуляцыя – вельмі прадуктыўны гіпноз”.

Грамадзкі абвінаваўца Пінтар гаворыць праўду. Але ня ўсю. Ёсьць прынцыповае адрозьненьне амэрыканскай гегемоніі ад савецкай сталінскай ці нямецкай гітлераўскай. Яна заўсёды ставіла пазытыўныя мэты, хоць і зьдзяйсьняла іх часам злачынна. І яна не адмаўляе свае адказнасьці за папярэднія ўчынкі.

Амэрыка – так склалася гістарычна – стала своеасаблівым флягманам цывілізацыі. Вось чаму ў сёньняшнім сьвеце яна адказвае за ўсё – і ў малым і ў вялікім. У тым, што яна выступае гарантам самастойнасьці Беларусі ёсьць перашкода для другога гаранта нашай незалежнасьці – Расеі – каб пазбавіць Беларусь самастойнасьці, зрабіўшы яе сваёй правінцыяй. На каго яшчэ можа спадзявацца несправядліва пасаджаны ў турму беларускі апазыцыянэр? На Расею? На Польшчу? На Нямеччыну? На міжнародныя арганізацыі? Але ўсе яны ў лепшым выпадку дапамогуць хіба што выказам занепакоенасьці. Рэальныя крокі можа зрабіць толькі Амэрыка. Прычым усё, што яна ні зробіць, будзе расцэнена як умяшальніцтва, навязваньне сваіх стандартаў, злачынства. І толькі апазыцыянэр, які ўсё ж такі выйдзе на свабоду і застанецца жыць толькі таму, што ў рэжыму, які яго засудзіў, ёсьць каго ў гэтым сьвеце баяцца і таму ён не забівае направа і налева ўсіх, хто зь ім нязгодны, толькі апазыцыянэр прызнае, што ёсьць у гэтым сьвеце сіла, якая ажыцьцяўляе найвышэйшую справядлівасьць у дачыненьні аднаго канкрэтнага чалавека. Добра гэта ці дрэнна? Апазыцыянэру – добра, Лукашэнку – дрэнна. Але ў чым добра і дрэнна? У тым, што першы выйшаў з турмы, куды быў пасаджаны за сваю грамадзянскую пазыцыю. І ў тым, што другі адчуў пэўную скутасьць у сваім жаданьні расправіцца зь першым да канца.

“Што стала з нашай маральнай адчувальнасьцю? Ці яна ў нас калі-небудзь была? Што ўвогуле азначаюць гэтыя словы? Ці яны датычаць таго, чым мы сёньня карыстаемся вельмі рэдка – сумленьня? Сумленьня, якое кажа нам, каб думалі ня толькі пра ўласныя ўчынкі, але і пра агульную адказнасьць за ўчынкі чужыя? Ці гэта ўсё памерла?”

Натуральна, нішто ў гэтым сьвеце ня варта сьлязы дзіцяці. Але зьвярніце ўвагу: рэальна мы пачалі гаварыць пра гэта і патрабаваць гэтага на практыцы толькі сёньня, на мяжы тысячагодзьдзяў. Ці хтосьці калісьці лічыўся з тысячамі жыцьцяў, пакладзеных на алтар ідэі сусьветнага панаваньня? У Гітлера гэта называлася новым сусьветным парадкам, у Сталіна – сусьветнай рэвалюцыяй. У імя сусьветнае рэвалюцыі можна было растаптаць мільёны жыцьцяў. Водгалас гэтай “філязофіі” мы чуем і сёньня – нават сярод тых, хто зьвяртаецца на Радыё Свабода можна пачуць іншы раз – няхай бы парачку гэтых адмарозкаў – маюцца на ўвазе палітычныя апанэнты Лукашэнкі – і расстралялі. Іх жыцьцё не каштуе нічога. Прычым гаворка не пра сусьветную ідэю, а пра тое ўсяго толькі, каб Лукашэнка працягваў кіраваць насуперак усім законам і цьвярозаму сэнсу.

Той, хто робіць за ўсіх, той памыляецца, у тым ліку і злачынна. Гэта я пра Амэрыку. Калі Швэцыя не бярэ на сябе адказнасьці за выжываньне ўсяго чалавецтва перад абліччам глябальных пагрозаў, дык яна і выглядае такой чысьценькай, бо жыве сама сабою і для сябе. Але гэта ня значыць, што і пра Швэцыю ў глябальным кантэксьце няма каму падумаць. Яшчэ адно прынцыповае адрозьненьне амэрыканскай гегемоніі ад іншых – гэта адкрытыя шлюзы для крытыкі – Буша, ЦРУ і ўсёй амэрыканскай палітыкі. Бо Амэрыка ўзяла на сябе задачу гарманізацыі сьвету і чалавечае супольнасьці. Урэшце як мінімалізаваць канфлікт, як з клубка соцень самых супярэчлівых праўдаў вылучыць тую адну, якая і была б праўдаю насамрэч. Праўда Садама і праўда забітых ім бязьвінных курдаў – гэтыя дзьве праўды згарманізаваць, спалучыць немагчыма.

Ёсьць паталягічная нянавісьць да Амэрыкі. Гэта нянавісьць да лідэра, да посьпеху, да здольнасьці ўзяць на сябе ўсю паўнату адказнасьці. Амэрыка свабодная ў сваіх дзеяньнях менавіта таму, што адказная. Бо непадзельная адказнасьць – гэта і ёсьць другі бок свабоды. Між тым ідэя шматпалярнасьці – гэта прапанова адказнасьць падзяліць.

Што такое шматпалярнасьць – гэта калі некалькі флягманаў плывуць наперадзе цывілізацыі? Але Амэрыка заслужыла такое права ня толькі тым, што яна не такая як усе або дзякуючы толькі сваёй сіле і здольнасьці ўзяць адказнасьць за ўсіх, але й сваім унутраным ладам, які падаецца прывабным для многіх. Найгучней патрабуюць шматпалярнасьці якраз тыя, хто ня мае ані гэтай сілы, ані адказнасьці, ані прывабнага ўнутранага ладу. А тыя, хто мог бы з гэтым усім выйсьці, не асабліва імкнуцца. Чаму? Ня толькі таму, што завялікая адказнасьць, але найперш таму, што ёсьць сумневы ў патрэбе гэтай самай шматпалярнасьці і ў тым, што яна будзе дастаткова эфэктыўнай перад абліччам глябальных цывілізацыйных праблем.

Што з гэтай нагоды кажа нам празорца Пінтар – як яно ёсьць і як быць павінна?

“Як я ўжо сказаў, Злучаныя Штаты сёньня цалкам сумленна выкладаюць карты на стол. Гэта так. Сваю палітыку яны афіцыйна вызначаюць як “поўны спэктар дамінацыі”. Гэта іх, а не мае мае словы. “Поўны спэктар дамінацыі” азначае кантральваньне зямлі, мора, паветра і космасу, а таксама зьвязаных з гэтым рэсурсаў.

Злучаныя Штаты маюць сёньня 702 вайсковыя базы ў 132 краінах сьвету, зразумела, за пахвальным выключэньнем Швэцыі. Мы ня ведаем дакладна, як так атрымалася, але атрымалася...”

Гэта ўсё абурае, у тым ліку і саміх амэрыканцаў, – кажа Пінтар. А зь іншага боку, калі ты бярэш на сябе адказнасьць за будучыню цывілізацыі, ты мусіш усё кантраляваць. Хто, калі ня ты, – разважаюць кіраўнікі з Вашынгтону. І не знаходзяць адказу. ААН ніяк ня дасьць сабе рады з самарэфармаваньнем. А іншых інструмэнтаў глябальнае адказнасьці проста не існуе. Кітай? Ён толькі ўбіраецца ў сілу. Расея? Але ці лепшай за амэрыканскую была б кітайская і расейская дамінацыя? Эўразьвяз таксама больш заняты ўласнымі праблемамі, чым праблемамі сьвету.

На жаль нейкае лягічнае высновы сваёй крытыцы Пінтар не дае. Ён зьбіваецца на раздражнёнасьць і гратэск, а гэта толькі лякалізуе ягоную крытыку да высноваў прыватнага чалавека, які проста ня любіць Амэрыку. Ну ня любіць і ўсё. Мне згадалася абурэньне дзяўчынкі-падлетка ў менскім тралейбусе. Яна зь сяброўкамі абмяркоўвала шоў-бізнэс і з усёй шчырасьцю выгукнула: як можна любіць Мадону, калі ў яе такая дзірка ў пярэдніх зубах! Можа быць, гэта і недарэчная асацыяцыя для нобэлеўскай лекцыі, але што зробіш, калі лекцыя такую асацыяцыю выклікала.

“Я ведаю, што прэзыдэнту Бушу піша прамовы мноства найлепшых аўтараў, але я таксама хацеў бы прапанаваць свае паслугі. Прапаную наступны кароткі зварот да нацыі, зь якім ён мог бы выступіць у тэлевізіі. Я ўжо бачу яго – старанна прычасанага, заклапочанага, сур’ёзнага, прыемнага, шчырага – ён здольны зачараваць, дапусьціць калі-нікалі кплівую ўсьмешку, ён надзіва захапляльны, сапраўдны мужчына”.

І вось яна Пінтарава прамова для Буша – у адпаведнай стылістыцы драмы абсурду:

“Бог добры. Бог вялікі. Бог добры. Мой Бог добры. Бог бэн Ладэна дрэнны. Ягоны Бог дрэнны. Бог Садама быў дрэнны, акрамя таго, у яго ўвогуле не было Бога. Бо ён быў барбарам. А мы ня барбары. Мы не адсякаем людзям галовы. Мы верым у свабоду. У яе верыць Бог. Я ня барбар. Я дэмакратычна абраны кіраўнік краіны, якая любіць свабоду. Як грамадзтва мы ведаем літасьць. Мы літасьціва садзім на электрычнае крэсла і даем літасьцівую ін’екцыю. Мы вялікая нацыя. Я не дыктатар. Ён дыктатар. Я ня барбар. Ён барбар. Ён. Яны ўсе. Я маю маральную перавагу. Бачыце гэты кулак? Гэта мая маральная перавага. Не забывайцеся пра гэта”.

Пінтар ёрнічае з адносінаў Буша да Бога. Мне ж тут бачыцца практычная паралель.

Глябалізм Амэрыкі можна параўнаць з глябалізмам царквы, у прыватнасьці каталіцкай. Колькі злачынстваў і крыві на рахунку гэтай інстытуцыі. Але мы асацыюем усё гэта з самой цывілізацыяй. Урэшце царква перастае забіваць і выглядае ўсё больш цывілізавана. Ну, калі там якія пэдафільскія скандалы, дык гэта яна сама ў сабе асуджае. Пасьля сьмерці Яна Паўла ІІ стала зразумела, якую пазытыўную місію ў сьвеце выконвае Ватыкан. Але сфэра душы – гэта чыста разумовы бок нашага жыцьця. Практычны або нават фізычны бок прагрэсуе ня так хутка. Але прагрэсуе. Магчыма, такая паралель і вядзе нас усіх па шляху таго найлепшага поступу, на які толькі здольнае наша няшчаснае чалавецтва. Ярасная крытыка, празь якую прайшоў за сваю гісторыю Ватыкан, урэшце і зрабіла яго белым і пушыстым. Ярасная крытыка Вашынгтону таксама ператварае неацясаны камень ягонай палітыкі ў правільны шасьціграньнік. Але ярасная крытыка – гэта толькі адзін бок, адна плоскасьць. Ад нобэлеўскае прэміі чакаеш заўсёды большае і аб’ёмнае праўды.

Ізноў – праўды гэтай ці той? Ці той, што існуе па-за інтэрпрэтацыямі, у нейкай аб’ектыўнай супольнай для ўсіх людзей рэчаіснасьці. Напрыканцы свае лекцыі Гаральд Пінтар параўнаў многія праўды мастацтва з многімі адбіткамі ў люстэрку, а адзіную праўду жыцьця знайшоў у нечаканым месцы:

“Гледзячы ў люстра, мы сумняемся, што адлюстраваньне праўдзіва перадае рэчаіснасьць. Але варта перасунуцца на мілімэтар і бачна ўжо нешта іншае. Насамрэч мы глядзім на бясконцую колькасьць адлюстраваньняў. Часам аднак пісьменьнік павінен разьбіць люстра – бо з-за яго вызірае да нас праўда”.

Як любілі называць артыкулы на крымінальныя тэмы ў савецкіх газэтах: “І кола замкнулася”. Значыць, каб дасягнуць праўды, трэба зноў жа нешта разьбіць, разграміць, разбурыць. Так і ходзіць па гэтым зачараваным коле сваіх мэтафар наша беднае чалавецтва, вядомае сваімі палітыкамі і сваімі пісьменьнікамі-прарокамі. Але за гэтым вітком зноў бачыцца наступны і можа быць там для таго, каб нечага дасягнуць, ужо не спатрэбіцца разьбіваць люстэркі і гарады.
XS
SM
MD
LG