Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістку недзяржаўнай газэты не пусьцілі на сэсію гарсавету


Браніслава Станкевіч, Віцебск Карэспандэнтка “Віцебскага кур’еру” Тацяна Чабатарова зьвярталася па дазвол прысутнічаць на 13-й сэсіі гарсавету двойчы: да кіраўніцы аддзелу ідэалягічнай работы гарвыканкаму Натальлі Царовай і асабіста да старшыні гарсавету Генадзя Грыцкевіча.

Прадстаўніца гарвыканкаму заўважыла, што ў пераліку запрошаных ёсьць толькі тры дзяржаўныя віцебскія газэты, а старшыня гарсавету параіў “Віцебскаму кур’еру” пашукаць іншых тэмаў, завяршыўшы гаворку парадай “адпачнуць ад гэтай сэсіі”.

Прайсьці ў залю пасяджэньняў “явачным парадкам” карэспандэнтцы Тацяне Чабатаровай таксама не ўдалося: на ўваходзе, разгледзеўшы рэдакцыйнае пасьведчаньне, яе спыніў ахоўнік.

З той жа самы прычыны на сэсію гарсавету ня здолеў трапіць і кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў.

Старшыня гарсавету папярэдне адмовіў яму на той падставе, што ў залі пасяджэньняў не бывае вольных месцаў. Згоднага паслухаць стоячы Кастуся Смолікава далей ганку не прапусьціла ахова.

На сэсіі гарсавету, якая аказалася закрытай для прадстаўнікоў недзяржаўнага выданьня і палітычнае апазыцыі, гарвыканакам даваў справаздачу пра выкананьне паказьнікаў разьвіцьця за 2005-ы год, а таксама зацьвярджаўся гарадзкі бюджэт наступнага году.

Тое, што карэспандэнтку “Віцебскага кур’еру” на пасяджэньне не дапусьцілі, рэдакцыя расцэньвае як новую праяву ўціску незалежнага выданьня.
XS
SM
MD
LG