Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовыя рэгіянальныя структуры адзінага кандыдата?


Міхал Стэльмак, Менск Ці падрыхтаваныя да выбарчай кампаніі рэгіянальныя структуры адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі? З такім пытаньнем наш карэспандэнт Міхал Стэльмак зьвярнуўся да прадстаўнікоў гэтых структураў на Берасьцейшчыне і Меншчыне.

Берасьцейскі абласны штаб адзінага кандыдата першыя крокі ва ўмовах абвешчаных выбараў прэзыдэнта зрабіў ужо сёньня. Гаворыць кіраўнік штабу Юрась Губарэвіч:

(Губарэвіч: ) “Сёньняшняя падзея для нас не была навіною, таму што ўжо цягам апошняга месяца ідзе абмеркаваньне таго, што дата выбараў магла быць прызначана раней, што ўрэшце рэшт і адбылося.

Таму мы былі да гэтага падрыхтаваныя, і кіраўнікі нашых рэгіянальных, раённых структураў атрымалі задачу запаўняць анкеты праводзіць пошук новых людзей, якія хочуць увайсьці ў ініцыятыўную групу Аляксандра Мілінкевіча. Сёньня ўжо ёсьць фармуляры, якія неабходна запаўняць для стварэньня ініцыятыўнай групы, і літаральна сёньняшнім вечарам я зьбіраюся разаслаць кіраўнікам рэгіянальных структураў берасьцейскай вобласьці.

Мы маем менш за тыдзень часу, каб дайсьці да ўсіх тых людзей, якія раней выказвалі жаданьне працаваць, ці выйсьці і на новых людзей, унесьці іх у сьпіс і перадаць у выбарчую камісію”.

Паводле спадара Губарэвіча, ёсьць і адмоўны бок у абвешчаных на сакавік выбарах. Кіраўнік берасьцейскага штабу не выключае, што колькасьць дэмакратычных актывістаў у выбарчай кампаніі можа быць меншай, чым плянавалася. Сёньня ж пачаў дзейнасьць і абласны штаб адзінага кандыдата на Меншчыне. Гаворыць намесьнік кіраўніка штабу Юрась Зянковіч:

(Зянковіч: ) “У прынцыпе Менскі абласны штаб гатовы да старту кампаніі. Структура штаба па Менскай вобласьці дзейнічае. У нас прайшла першая хваля ўлётак. Сёньня ўжо прайшлі першыя нарады. Практычна з заўтрашняга дня мы пачынаем фармаваньне сьпісу ініцыятыўнай групы па Менскай вобласьці. Наша галоўная праблема – гэта недахоп часу, але ў існуючых умовах, пры існуючых структурах гэтая праблема ў прынцыпе пераадольная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG