Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайтовіч і Парфяновіч у выбарах удзелу не возьмуць?


Валер Каліноўскі, Менск Акадэмік Аляксандар Вайтовіч пакуль не вырашыў канчаткова, ці будзе ён браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах і ў якой якасьці. А алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч ў прынцыпе не лічыць тую кампанію, якая завершыцца 19 сакавіка, выбарамі.

Датэрміновае прызначэньне прэзыдэнцкіх выбараў акадэмік Аляксандар Вайтовіч, які лічыўся адным з магчымых супернікаў Аляксандра Лукашэнкі, ацаніў як фору для дзейнага кіраўніка дзяржавы:

(Вайтовіч: ) “Вядома, што такое рашэньне на карысьць Лукашэнкі, бо павольна разгортваюцца ўсе апазыцыйныя сілы і яму вядома карысна гэта зрабіць хутка”.

Адносна магчымага свайго удзелу ў выбарах у якасьці кандыдата спадар Вайтовіч зазначыў:

(Вайтовіч: ) “Пакуль што не зьбіраюся, таму што каб зьбірацца, трэба нешта мець. Рашэньне павінна прымацца вельмі хутка зараз, ніякага часу ўжо не засталося. Але няма ўмоваў, неабходных для таго, каб удзельнічаць. А ўмоваў няма – значыць немагчыма”.

Спадар Вайтовіч зазначыў, што бліжэйшымі днямі ён абмяркуе з найбліжэйшым атачэньнем, у якой якасьці ён мог бы ўзяць удзел у кампаніі.

Іншы палітык, прозьвішча якога таксама называлася ў ліку патэнцыйных супернікаў А. Лукашэнкі, алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч усё вырашыў для сябе канчаткова:

(Парфяновіч: ) “Як можа быць удзел у гэтай кампаніі? Няма ўдзелу… Якія выбары ў нашай краіне, дзе вы бачылі выбары, аб чым мы гаворым? Якая гэта кампанія, калі яна нелегітымная, бо ўдзел Лукашэнкі ў гэтай кампаніі нелегітымны і ўсю кампанію робіць такой”.

Спадар Парфяновіч заўчаснаму прызначэньню даты галасаваньня не зьдзіўляецца, ён увогуле назваў выбарчую кампанію гульнёй у адны вароты, і лічыць, што няма сэнсу ў тым, ці будуць браць у гэтай гульні грамадзяне.

(Парфяновіч: ) “Адны вароты зь сеткай, а другія не, толькі сетка наперадзе, каб шайбы не заляталі... Я бачыў, як лічацца ў нас галасы. Дык навошта туды хадзіць? Я лавіў за руку сам, як фальсыфікавалі выбары. Ні Мілінкевіч, ніхто іншы ня будуць удзельнічаць, калі ў іх на плячах ёсьць галава”.

Спадар Парфяновіч для сябе ўжо вырашыў што ня пройдзе нават галасаваць 19 сакавіка наступнага году.
XS
SM
MD
LG