Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: “Галоўнае — давесьці да людзей, што рэжым баіцца”


Алесь Дашчынскі, Менск Прадстаўнікі аб’яднаных дэмсілаў выказваюцца за правядзеньне моцнай інфармацыйнай кампаніі ў сувязі з абвяшчэньнем даты прэзыдэнцкіх выбараў. Яны мяркуюць, што трэба згуртаваць людзей вакол Аляксандра Мілінкевіча як пэрсанальнай і праграмнай альтэрнатывы.

Старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька спакойна ставіцца да прызначэньня даты выбараў — маўляў, тэндэнцыя была такая, што ўлада рыхтавалася не да выбараў, а да жорсткай палітычнай камапаніі без усялякіх правілаў. І яна хацела б іх правесьці ва ўмовах фактычна надзвычайнага становішча ў краіне.

(Лябедзька: ) “Канечне, шкада, што беларускія ўлады, рэжым такі несамастойны. Рашэньне, на мой погляд, прымалася ў Сочы, а ня ў Менску. Лукашэнка толькі падрыхтаваў праект рашэньня і тлумачальную запіску. А Ўладзімер Пуцін наклаў візу: “Дазваляю”. Гэта якраз падкрэсьлівае, што не беларуская апазыцыя залежыць ад зьнешніх фактараў, а беларускія ўлады”.

Прыярытэтам Анатоль Лябедзька лічыць правядзеньне моцнай інфармацыйнай кампаніі:

(Лябедзька: ) “Гэта самае галоўнае — давесьці да людзей, што рэжым, па першае, баіцца, не кантралюе сытуацыю, таму ён ідзе на такія рашэньні, як правядзеньне выбарчай кампаніі 19-га, што ён прымае зьмены ў заканадаўства, у Крымінальны кодэкс. Гэта гаворыць пра тое, што рэжым баіцца, ён ня можа выйграць выбараў”.

Намесьнік кіраўніка цэнтральнага штабу Вінцук Вячорка называе прызначэньне выбараў на вясну прагназаванай падзеяй. Партыя БНФ заўсёды выступала за хутчэйшае правядзеньне Кангрэсу дэмсілаў і вылучэньне адзінага кандыдата, каб засьцерагчыся ад каляндарных памылак, вядомых па 2001 годзе.

(Вячорка: ) “З пункту гледжаньня Лукашэнкі, ягоных інтарэсаў — гэта рашэньне лягічнае, таму што рэйтынг Аляксандра Мілінкевіча пачаў адразу пасьля кангрэсу імкліва расьці, дасягнуўшы цягам месяца больш як 9% — гэта было паводле стану на 1 лістапада. З другога боку, лукашэнкаўская тактыка такая: схаваць дату выбараў і такія паваротныя рашэньні, зьвязаныя з выбарамі, у цень іншых падзеяў”.

У 2001 годзе трагедыя ў ЗША пакінула ў ценю тое, што рабілася падчас выбараў у Беларусі. Рэфэрэндум быў аб’яўлены на фоне трагедыі ў Беслане. У гэтых выпадках лёс, кажа спадар Вячорка, дапамог Лукашэнку. Цяпер жа ў канцы сакавіка будуць парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне.

(Вячорка: ) “А тое, што ўсе дзеяньні, зьвязаныя са стварэньнем ініцыятыўных групаў, і іх рэгістрацыя адбываюцца падчас калядных вакацыяў, калі, так бы мовіць, усё ў галовах эўрапейскіх і амэрыканскіх палітыкаў засыпана сьнегам і схавана за пахамі елкі, то гэта таксама дастаткова прадуманае, разумнае рашэньне, каб чарговы раз схавацца ў гэтай нары і паспрабаваць рабіць, што захочаш. Тым ня менш, мы нашай стратэгічнай лініі не мяняем. Мы павінны данесьці да людзей вестку пра наяўнасьць пэрсанальнай альтэрнатывы Лукашэнку. Гэтай пэрсанальнай альтэрнатывай ёсьць Аляксандар Мілінкевіч. І згуртаваць людзей вакол гэтай пэрсанальнай і праграмнай альтэрнатывы. Здолеем скансалідаваць большасьць, тады можна сапраўды разьлічваць, што 2006 год будзе годам свабоды і годам зьменаў”.
XS
SM
MD
LG