Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Гайдукевіч: “Я гатовы да бою”


Валер Каліноўскі, Менск Верагодны кандыдат на выбарах прэзыдэнта 19 сакавіка 2006 году Сяргей Гайдукевіч заявіў нашаму радыё пра пачатак сваёй перадвыбарчай кампаніі і пераводзе Лібэральна-дэмакратычнай партыі “на кругласутачную працу”.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч задаволены прызначэньнем прэзыдэнцкіх выбараў на пачатак вясны:

(Гайдукевіч: ) “Для мяне сакавік, як і для іншых “цяжкавагавых кандыдатаў”, а іх трое, гэта самы зручны час, бо большасьць насельніцтва, і самае галоўнае для мяне — моладзь будзе прысутнічаць”.

Сяргей Гайдукевіч кажа, што асноўныя кандыдаты на выбарах вызначаныя, і асабіста ён зь сёньняшняга дня пачынае кампанію, у яго створана 106 раённых штабоў, вызначаная ініцыятыўная група, падрыхтавана 7,5 тысяч назіральнікаў на ўчастковыя камісіі. Учора адбылася нарада кіраўнікоў раённых штабоў, на якім быў абраны лёзунг кампаніі Сяргея Гайдукевіча “Новая Беларусь — адзінства”. Спадар Гайдукевіч адмовіўся праводзіць свой кангрэс і ствараць перадвыбарчы блёк пад такой назвай у сувязі зь нядаўнім прыняцьцём паправак у Крымінальны кодэкс.

(Гайдукевіч: ) “Ад сёньняшняга дня партыя перайшла на кругласутачную працу, загад падпісаны, высылаецца ў вобласьці. Гэта значыць, што і ў суботу, і нядзелю мы заўсёды ў штабе. Я запатрабаваў, каб ва ўсіх структурах у буйных гарадах было арганізаванае дзяжурства для перадачы апэратыўнай інфармацыі”.

Сяргей Гайдукевіч зьбіраецца падаць у Цэнтравыбаркам сьпіс сваёй ініцыятыўнай групы ў чацьвер. Ён кажа, што ў ёй будзе каля тысячы чалавек.

(Гайдукевіч: ) “Тактыка прадуманая, паверце мне, такім чынам, мы падрыхтаваныя салідна, талкова, гатовыя да бою”.

Спадар Гайдукевіч прагназуе, што подпісы зьбяруць тры кандыдаты: Мілінкевіч, Лукашэнка і ён. У іншых, як ён мяркуе, няма неабходных рэсурсаў, хаця будуць зьяўляцца і новыя прозьвішчы.
XS
SM
MD
LG