Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі зрабіўся манахам


Ігар Карней, Менск Япархіяльнае ўпраўленьне Менскага экзархату паведаміла, што экс-кіраўнік Менскага заводу лядоўняў “Атлянт” Леанід Калугін прыняў манаскі пострыг у адным з праваслаўных кляштараў Маскоўскай вобласьці. Былыя калегі Калугіна ня зьдзіўленыя такім рашэньнем колішняга дырэктара “Атлянту” і суперніка Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году.

У Менскім Экзархаце пацьвердзілі факт адыходу Леаніда Калугіна ў манахі кляштара. Гаворыць прадстаўнік упраўленьня Андрэй Петрашкевіч:

(Петрашкевіч: ) “Сапраўды, Калугін прыняў манаскі пострыг у адным з кляштараў Маскоўскай вобласьці. Аднак у Япархіяльным упраўленьні няма дакумэнтаў, якія павінны быць падчас афармленьня такіх справаў. Таму ўсе падрабязнасьці — хто яго пастрыгаў, дзе менавіта — можна высьветліць у самога Калугіна. З улікам, што пострыг адбыўся ў іншай япархіі, то і камэнтар можа даваць альбо ён сам, альбо той, хто яго пастрыгаў”.

На адным з праваслаўных інтэрнэт-сайтаў гаворыцца, што Леанід Калугін прыняў манаскае імя Нікан. Таксама паведамляецца, што дагэтуль Калугін рыхтаваўся да паступленьня на завочнае аддзяленьне Менскай духоўнай сэмінарыі, каб у будучым прыняць сан, аднак такія зьвесткі ў Экзархаце абвяргаюць.

(Петрашкевіч: ) “Калі б такі намер у яго быў, гэта можна было б зрабіць толькі зь ведама Япархіяльнага ўпраўленьня. Усе, хто паступаюць, пішуць прашэньні, прыкладаюць патрэбныя дакумэнты. Ёсьць пэўная пацэдура”.

Былы кіраўнік прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў, які колісь блізка кантактаваў зь Леанідам Калугіным, перакананы: “злом” у характары кіраўніка аднаго з пасьпяховых прадпрыемстваў адбыўся ў сярэдзіне 1990-х.

(Шлындзікаў: ) “Ён стаў набожны, ён ня быў такім. У той час, як я працаваў, ён быў звычайным дырэктарам, пры тым, дырэктарам вельмі добрым”.

(Карэспандэнт: ) “Ці магчыма, што на Калугіна так магло паўплываць “хаджэньне ў прэзыдэнты” ў 2001 годзе і наступны за гэтым арышт?”

(Шлындзікаў: ) “Злом нейкі, сапраўды, адбыўся. Але, перадусім, на яго паўплывала прэзыдэнцкая кампанія 1994 году. Справа ў тым, што мы разумелі: Кебіч ня пройдзе. Дырэктары прадпрыемстваў некалькі разоў спрабавалі ўгаварыць адзін аднаго пайсьці на выбары, бо бачылі, што хана будзе. У тым ліку ўгаворвалі Калугіна, паколькі лічылі яго чалавекам досыць падрыхтаваным, і, апроч таго, ягонае прадпрыемства ведала ўся Беларусь. Ён адмовіўся. А неўзабаве, пасьля перамогі Лукашэнкі, нечакана для ўсіх згадзіўся быць сэнатарам. Пасьля гэтага стаў для многіх ізгоем. Людзі, якія лічылі, што падтрымліваць новую ўладу амаральна, спынілі зь ім кантакты. Менавіта ад таго часу ён стаў падкрэсьліваць сваю набожнасьць. Апроч таго, у яго ня ладзілася і ў сям’і. Праблемаў хапала”.

У 2001 годзе Калугін вырашае вярнуцца ў вялікую палітыку, абвясьціўшы пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Аднак прэтэндэнт апынуўся без падтрымкі — апазыцыя лічыла яго “ўладным вылучэнцам”; улады такую самадзейнасьць ацанілі па-свойму. Неўзабаве пасьля палітычнай кампаніі супраць яго была распачатая крымінальная справа па фактах “злоўжываньня службовым становішчам”. Судовая справа расьцягнулася на тры гады, пасьля чаго ўсе абвінавачаньні з Калугіна былі зьнятыя.

На “Атлянце” Леаніда Калугіна згадваюць дагэтуль. Перадусім, напамінам застаецца імправізаваная царква ў прыбудове да заводзкага фізкультурнага комплексу. Расказвае рабочы прадпрыемства Сяргей Халопіч:

(Халопіч: ) “Ён, у прынцыпе, праводзіў такую палітыку, калі быў дырэктарам. Уласна кажучы, агітаваў у веру. Вельмі нават рэлігійны таварыш. Каля палацу тэнісу стаіць наш фізкультурна-аздараўленчы комплекс. З аднаго боку там купал і крыж наверсе. Ён асьвечаны; сам Калугін прывозіў бацюшку, які асьвячаў царкву. Памяшканьне хоць і невялікае, але туды дагэтуль ходзяць вернікі. Але яму асабіста гэтая вера не дапамагла…”

У канцы 1990-х за дабрачынную дзейнасьць на карысьць праваслаўнай царквы Леанід Калугін указам Патрыярха Маскоўскага і Ўсяе Русі Алексія ІІ быў узнагароджаны ордэнам сьвятога князя Ўладзімера.

***

Леанід Калугін быў затрыманы 21 лістапада 2001 году. Сьледзтва вёў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў пры Камітэце Дзяржкантролю адразу па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, невяртаньне з-за мяжы замежнай валюты, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць (удзел Калугіна ў пабудове царквы) і г.д. Аднак 29 траўня 2002 году Калугін быў выпушчаны са сьледчага ізалятару так званай “Валадаркі” пад падпіску аб нявыезьдзе. У 2004 годзе з Калугіна былі зьнятыя ўсе абвінавачаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG