Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: “Перамога будзе за намі, і добра, што яна будзе да лета”


Валер Каліноўскі, Менск Лідэра аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча вестка аб датэрміновым прызначэньні даты выбараў засьпела ў Івацэвічах, дзе ён знаходзіўся з азнаямляльнай паездкай. Спадар Мілінкевіч заявіў нашаму радыё, што да такога разьвіцьця падзеяў ён падрыхтаваны і разьлічвае на перамогу дэмакратычных сілаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Мілінкевіч, сёньня датэрмінова прызначаныя выбары. Наколькі нечакана гэта для вас асабіста?”

(Мілінкевіч: ) “Мы рыхтаваліся да розных варыянтаў, і да гэтага таксама. І ў стратэгіі гэта было прадугледжана. Так што гэта не зьяўляецца нечаканасьцю”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ацэньваеце гэты крок з датэрміновым прызначэньнем выбараў — ці ня значыць гэта, што ўлады вырашылі падмануць апазыцыю нейкім чынам?”

(Мілінкевіч: ) “Не ведаю, ці хочуць яны падмануць, але падмануць не ўдалося, бо чуткі аб гэтым даўно ішлі. Але тое, што яны панічна баяцца — гэта факт. Гэта відаць ня толькі па тым, што яны перасунулі дату выбараў, каб паменшыць магчымасьці нашых сустрэчаў зь людзьмі, але яны таксама зрабілі добрую справу, таму што людзі, якія бачаць такія захады ўлады, пачынаюць разумець, што яна баіцца. А баяцца тыя, хто ня ўпэўнены. І гэта надае сілы нашым актывістам”.

(Карэспандэнт: ) “Трэба будзе падаць сьпіс ініцыятыўнай групы да 23 сьнежня. Ці гатовы ў вас гэты сьпіс, ці ёсьць адпаведныя людзі?”

(Мілінкевіч: ) “Яны ў стадыі падрыхтоўкі, і тое, што мы ўтварылі штабы ў больш як ста раёнах, то менавіта з гэтай мэтай рабілася ўсё, бо сьпісы трэба рыхтаваць значна раней. Яны будуць здадзеныя ў свой час”.

(Карэспандэнт: ) “Сяргей Гайдукевіч сёньня сказаў, што для апазыцыі вясной (а ён таксама сябе адносіць да апазыцыі) лягчэй арганізаваць і студэнтаў, і тых людзей, якія зьбіраюцца пехаць у адпачынак, і што актыўнасьць грамадзтва будзе большая. А як вы ацэньваеце вясновыя магчымасьці для ўдзелу ў выбарах?”

(Мілінкевіч: ) “Я пагаджаюся з такой думкай. Сапраўды, навесну будзе лягчэй сабраць людзей, вясновы настрой, як вядома, вельмі пазытыўны, аптымістычны. І сапраўды, людзей будзе больш”.

(Карэспандэнт: ) “19 сакавіка — гэта даволі халодная пара году. І калі, напрыклад, людзі захочуць выйсьці на вуліцы, то гэта ня самы зручны час. Можа быць, з гэтага таксама зыходзілі ўлады, калі перанесьлі выбары на больш раньні тэрмін?”

(Мілінкевіч: ) “Я ня думаю, што надвор’е ня будзе нам спрыяць. Навесну будзе добрае надвор’е, будзе сонейка, дый людзі не баяцца таго, што будзе холадна. І зімою адбываліся падзеі, на якіх людзі дапамагаліся свайго права звацца людзьмі”.

(Карэспандэнт: ) “Учора А.Лукашэнка наведваў У.Пуціна ў Сочы, і яны абмяркоўвалі таксама перадвыбарчую сытуацыю. Ці можна зьвязваць учорашнюю падзею і сёньняшнюю — прызначэньне выбараў?”

(Мілінкевіч: ) “Ня думаю, што Пуцін прызначае даты, калі праводзіць выбары, я зьвязваю гэта толькі з панічным страхам”.

(Карэспандэнт: ) “Вашыя далейшыя дзеяньні як кандыдата — ці пасьпелі вы ўжо гэта абдумаць?”

(Мілінкевіч: ) “Зьменаў вялікіх ня будзе, проста графік прыйдзецца зрабіць больш шчыльным. Будзем наведваць два раёны на дзень, а не адзін. І проста прыйдзецца значна хутчэй працаваць, але ў цэлым стратэгія застаецца тая ж: самае галоўнае — гэта падарожжа ад сэрца да сэрца. Калі б мы ня верылі ў перамогу, ніколі б ня ўдзельнічалі. Перамога будзе за намі, і добра, што яна будзе раней, чым летам”.
XS
SM
MD
LG